×

Nós usamos os cookies para ajudar a melhorar o LingQ. Ao visitar o site, você concorda com a nossa política de cookies.

Inscreva-se gratuitamente
image

Забойства ў Лабернэм-Катэджы, Забойства ў Лабернэм-Катэджы 1/3

Забойства ў Лабернэм-Катэджы 1/3

Агата Крысьці

Забойства ў Лабернэм-Катэджы

Міс Політ узяла ў руку дзвярны малаточак і далікатна пастукала ў дзверы катэджа. Крыху пачакаўшы, яна пастукала яшчэ раз. Пакунак у яе пад левай рукой ссунуўся, і яна паправіла яго. У гэтым пакунку была новая зялёная, прыгатаваная да прымеркі сукенка місіс Спэнлаў. На левай руцэ ў міс Політ вісела сумка з чорнага шоўку, у якой ляжалі швейная рулетка, падушачка са шпількамі і вялікія нажніцы.

Міс Політ - высокая худая жанчына з вострым носам, зморшчаным тварам, тонкімі губамі і рэдкімі прыгладжанымі валасамі.

Яна нерашуча пастаяла некалькі хвілін, потым стукнула ў дзверы трэці раз. Кінула позірк удоўж вуліцы і ўбачыла нейкую постаць, што набліжалася да яе. Міс Хартнел, прыемная жанчына гадоў сарака пяці, павіталася сваім звычайным нізкім басам:

- Дзень добры, міс Політ!

Швачка адказала ёй:

- Дзень добры, міс Хартнел.

У яе быў вельмі тонкі голас і правільнае вымаўленне. Сваё жыццё яна пачынала пакаёўкай у лэдзі.

- Прабачце, - сказала яна далей, - вы часам не ведаеце, калі можна застаць місіс Спэнлаў дома?

- Не, не ведаю, - адказала міс Хартнел.

- Бачыце, неяк няёмка выходзіць. На сёння была прызначана прымерка новай сукенкі місіс Спэнлаў. Яна прасіла прыйсці а палове чацвёртай.

Міс Хартнел паглядзела на свой гадзіннік на руцэ.

- Цяпер ужо больш за палову.

- Я стукалася тройчы, але ніхто не адказвае, і я ўжо вырашыла, што місіс Спэнлаў некуды пайшла і забылася пра прымерку. Звычайна яна не забываецца, калі прызначае, да таго ж яна хацела паслязаўтра надзець гэтую сукенку.

Міс Хартнел адчыніла брамку, прайшла з міс Політ па сцежачцы да катэджа і спынілася каля зачыненых дзвярэй Лабернэм-Катэджа.

- Чаму ж не выходзіць Глэдзіс? - пацікавілася яна. - Ах, ды сёння чацвер - выхадны дзень у Глэдзіс. Мусіць, місіс Спэнлаў заснула. Мне здаецца, вы ціха стукалі. - І, узяўшы малаток, яна пачала малаціць у дзверы, потым загрукала з усяе сілы кулакамі, выкрыкваючы: «Хто там? Адгукніцеся!»

Ніхто не азываўся.

Міс Політ прамармытала:

- Відаць, місіс Спэнлаў проста забылася і пайшла. Я выберу пазней хвілінку і падыду яшчэ.

Яна ступіла на сцежку і сабралася ўжо ісці.

- Глупства, - упэўнена перабіла яе міс Хартнел. - Яна не магла нікуды пайсці. Я б яе сустрэла. Трэба заглянуць у акно, ці ёсць там хто-небудзь жывы?

Яна засмяялася зычлівым смехам, паказваючы, што гэта жарт, і заглянула ў бліжняе акно, так, нядбайна кінула позірк, бо ведала, што ў пярэднім пакоі містэр і місіс Спэнлаў бываюць рэдка, яны больш любяць гасціны пакой.

Зірнула - і анямела: за акном на падлозе ляжала на дыване перад камінам, раскінуўшы рукі, мёртвая місіс Спэнлаў.

Канечне, успамінаючы потым гэтую гісторыю, міс Хартнел расказвала:

- Я не разгубілася, калі ўбачыла забітую місіс Спэнлаў. Політ ад хвалявання разгубілася і не ведала, што рабіць. «Вазьміце сябе ў рукі, - сказала я ёй. - Вы заставайцеся тут, а я пабягу да канстэбля Полка». Яна адмаўлялася, не хацела заставацца адна, але я не зважала на гэта. З людзьмі такога тыпу трэба заўсёды быць цвёрдай. У такія моманты яны залішне мітусяцца. Дык вось, у тую хвіліну, як я сабралася ўжо ісці, з-за дома выйшаў містэр Спэнлаў.

Тут міс Хартнел зрабіла паўзу. Нехта з слухачоў, выкарыстаўшы зручны момант, спытаўся:

- Скажыце, а як ён выглядаў?

Міс Хартнел уздыхнула і пачала гаварыць далей:

- Па праўдзе кажучы, я адразу зразумела, што тут нешта не так. Ён ішоў спакойны, ураўнаважаны. Прынамсі, яго гэта не здзівіла. І што хочаце кажыце, але гэта не ўласціва чалавеку - даведацца пра смерць жонкі і каб ніякіх эмоцый.

Усе згадзіліся.

Паліцыя таксама згадзілася з гэтым. І такой падазронай яны палічылі абыякавасць містэра Спэнлаў, што, не трацячы часу, адразу пачалі высвятляць, у якім становішчы апынуўся гэты джэнтльмен у выніку смерці жонкі. Выявілася, што місіс Спэнлаў была багатая партнёрка і што яе грошы згодна з завяшчаннем пасля яе смерці пераходзяць мужу. А тое, што завяшчанне было складзена адразу пасля вяселля, навяло на яго яшчэ большае падазрэнне.

Міс Марпл, гэтая прыемная з выгляду, ужо немаладая жанчына, вострая на язык, жыла па-суседску з прыходскім свяшчэннікам. Праз паўгадзіны пасля таго, як Канстэбль Полк пабываў на месцы здарэння, ён дапытаў міс Марпл:

- Калі вы не супраць, мэм, я задам вам некалькі пытанняў.

- Гэта звязана з забойствам місіс Спэнлаў? - у сваю чаргу спыталася міс Марпл.

Полк здзівіўся:

- Мадам, адкуль вы ведаеце пра гэта?..

- Рыба, - адказала міс Марпл.

Такі адказ быў зразумелы Полку. Ён правільна вырашыў, што гэтую навіну прынёс міс Марпл хлопчык - прадавец рыбы - разам з вячэрай.

Міс Марпл спакойна гаварыла:

- Гэту жанчыну, што ляжала ў гасцінай на падлозе, задушылі нечым - магчыма, вузкім рэменем. Але што б гэта ні было, яно прапала.

Твар Полка гарэў ад гневу і абурэння.

- Як гэты хлапчына Фрэд даведаўся пра ўсё?..

Міс Марпл коратка і спрытна перапыніла яго:

- У вашым кіцелі шпілька прышпілена.

Здзіўлены канстэбль Полк зірнуў уніз і вымавіў:

- Як кажуць: «Убачыш шпільку - падымі яе, каб цэлы дзень быў у цябе ўдачлівы».

- Спадзяюся, мне пашчасціць. Але што вы хацелі паведаміць?

Канстэбль Полк адкашляўся, важна паглядзеў на міс Марпл і зірнуў у сваю запісную кніжку.

- Містэр Спэнлаў, муж нябожчыцы, паведаміў мне, што ў дзве гадзіны трыццаць хвілін, калі не падводзіць памяць, яму пазваніла міс Марпл і спыталася, ці не зможа ён прыйсці да яе ў пятнаццаць хвілін чацвёртай, бо ёй трэба з ім аб нечым параіцца. Ну як, мэм, гэта праўда?

- Канечне, не, - сказала міс Марпл.

- Што, вы не званілі містэру Спэнлаў у дзве трыццаць?

- Ні ў дзве трыццаць, ні ў які іншы час.

- Вось як, - здзіўлена прамовіў канстэбль Полк і з задавальненнем пагладзіў свае вусы.

- Што яшчэ сказаў містэр Спэнлаў?

- Містэр Спэнлаў гаворыць, што, як яго і прасілі, ён пайшоў сюды, а з дому выйшаў, калі на гадзінніку было дзесяць хвілін чацвёртай. Але, калі ён прыйшоў, служанка паведаміла яму, што міс Марпл няма дома.

- А вось гэта так і было, праўда, - заявіла міс Марпл. - Ён прыходзіў сюды, але я была на сходзе ў «Жаночым інстытуце»*.

* Арганізацыя, якая аб'ядноўвае сельскіх жанчын. (Тут і далей заўвагі перакладчыкаў.)

- Дзіўна, - зноў сказаў канстэбль Полк.

- Скажыце мне, канстэбль, - усклікнула міс Марпл, - вы падазраяце містэра Спэнлаў?

- Я нічога не магу сказаць канкрэтна на гэтым этапе расследавання, але ў мяне такое ўражанне, быццам нехта, не будзем пакуль называць імя, спрабуе перахітрыць усіх.

- Містэр Спэнлаў? - задумліва прагаварыла міс Марпл.

Ёй падабаўся містэр Спэнлаў. Гэта быў невысокі хударлявы чалавек, нязграбны і ветлівы ў размове, што сведчыла аб яго прыстойнасці. Здавалася дзіўным, што ён прыехаў жыць у вёску, ён яўна ўсё жыццё пражыў у горадзе. А чаму пераехаў у вёску - прычыну ён растлумачыў толькі міс Марпл.

- З той пары, як я сябе помню, я заўсёды хацеў жыць у вёсцы і мець свой сад. Мне заўсёды падабаліся кветкі. Ведаеце, у маёй жонкі была невялічкая крама кветак. Там я ўпершыню і ўбачыў яе.

Скупыя словы, але яны раскрывалі яго рамантычную душу. Маладая прыгожая міс Спэнлаў на фоне кветак - як цікава.

Аднак містэр Спэнлаў у кветках нічога не разумеў. Ён не разбіраўся ў насенні, не меў ніякага ўяўлення пра расаду, пра пасадку, пра аднагадовыя і шматгадовыя расліны. У яго была толькі адна мара - мара мець агарод, засаджаны пахучымі кветкамі, побач з катэджам. Ён не раз распытваў міс Марпл пра пасадку расады, агарод і яе адказы на свае пытанні занатоўваў у запісную кніжачку.

Чалавек ён быў стрыманы. Магчыма, гэта рыса характару прыцягнула ўвагу паліцыі да яго, калі яго жонку знайшлі забітай. Цярпліва і настойліва яны патроху высвятлялі мінулае місіс Спэнлаў, і неўзабаве ўся вёска Сент-Мары-Мід таксама даведалася пра гэта.

Нябожчыца місіс Спэнлаў спачатку працавала служанкай у адным вялікім доме. Яна пакінула гэта месца, бо выйшла замуж за садоўніка і разам з ім адкрыла краму кветак у Лондане. Крама давала вялікі прыбытак. А садоўнік захварэў і памёр.

Удава вяла далей справу, пашырыла краму і славілася на ўвесь горад. Потым яна выгадна прадала краму і другі раз выйшла замуж за містэра Спэнлаў, ювеліра сярэдніх гадоў, які атрымаў у спадчыну выгадную справу. Праз некаторы час яны прадалі краму і пераехалі ў Сент-Мары-Мід.

Місіс Спэнлаў была багатая жанчына. Прыбытак ад сваёй кветкавай гаспадаркі яна ўкладала ў краму, «як ёй раілі духі з неба», - так яна тлумачыла ўсім і кожнаму.

Як ні дзіўна, а яе ўклады давалі прыбытак. Аднак яе вера ў спірытызм не памацнела, наадварот, яна раптам закінула медыумы і сеансы і хутка кінулася ў змрочную рэлігію, блізкую да індыйскай, якая грунтавалася на розных формах глыбокага дыхання. Але, пераехаўшы ў Сент-Мары-Мід, зноў вярнулася ў артадаксальную англіканскую веру. Яна часта бывала ў свяшчэнніка дома, рэгулярна хадзіла ў царкву. Яна апекавала вясковую царкву, цікавілася мясцовымі навінамі і гуляла ў брыдж. Сумнае штодзённае жыццё. І раптам - забойства.

Палкоўнік Мэлчэт, галоўны канстэбль, выклікаў інспектара Слэка. Слэк быў чалавек з вытрымкай, настойлівы, прынцыповы, адным словам, з цвёрдым характарам. Калі ён прымаў рашэнне, дык трымаўся яго. Цяпер ён быў зусім упэўнены.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE