×

Nós usamos os cookies para ajudar a melhorar o LingQ. Ao visitar o site, você concorda com a nossa política de cookies.

image

Каласы пад сярпом тваім, Кніга першая. Выйсце крыніц

Кніга першая. Выйсце крыніц

Уладзімір Караткевіч

Каласы пад сярпом тваім

Кніга першая

Выйсце крыніц

Увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана;

А ўраннi: сёння непагадзь, бо неба пахмурнае.

Крывадушнiкi!

аблiчча неба распазнаць

умееце, а знаменiй часу не можаце?

…Мацея, XVI

I Груша цвiла апошнi год. Усе галiны яе, усе вялiкiя расохi, да апошняга пруцiка, былi ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам.

Яна кiпела, млела i раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы i распасцiрала ў яго ззяннi маленькiя, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная i свежая, так утрапёна спрачалiся ў яе ружовым раi пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу i не будзе канца.

I, аднак, надыходзiла яе апошняя часiна.

Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк.

У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi. Потым адступаў, да наступнай вясны, i трава лiтасцiва спяшалася залячыць раны, нанeсеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў i з часам абкружыў грушу амаль з усiх бакоў.

…За грушай канчаўся Кагутоў надзел.

Год сорак таму назад стаяла яшчэ за дрэвам чорная лазня. Але ў адну з начэй, зусiм знянацку, Дняпро ўхапiў яе — нават бервяна не паспелi вылавiць. Так, пэўна, i сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе напаўгалодныя мяшчане i трэскi не прапускалi.

Новую лазню стары Данiла Кагут вывеў сажняў за сто ад берага, куды вышэй за ўласную хату.

Нявесткi скардзiлiся: пакуль нацягаеш вады — рукi адвальваюцца. Данiла слухаў iх i бурчаў у ласкава-з'едлівыя, залацiстыя тады яшчэ вусы: — Абы мой вацок[1] з грашыма не адвалiўся.

Рук — не купляць…

І гнаў сыноў, каб памаглi бабам прынесцi балеi дзве-тры.

Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзiны.

Сыны па дурным новым звычаi аддзялiлiся, з бацькам застаўся толькi старэйшы, Мiхал, з жонкаю ды шасцёра iхнiх дзяцей: пяць сыноў i дачка-мезенiца. Пойдуць сем "мужыкоў" у першую пару, дык месца — хоць сабак ганяй, i ад гэтай прасторы халодна.

I ўсё ж старой лазнi нiхто не шкадаваў.

Разам з лазняй сплыла чорная гiсторыя.

Было гэта праз некалькi год пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад "Кароны".

Данiла быў тады яшчэ падлетак, адзiны сын у бацькi, адзiны ўнук у дзеда. Як насланнё нейкае было. За тры пакаленнi халера двойчы выкасiла Азярышча. Кагутам пашанцавала. Хоць па адным мужыку засталося на завод.

Астатнiя паўмiралi.

Не памагло i тое, што Раман, Данiлаў дзед, лiчыўся ведзьмаком. I ён нiчога не мог зрабiць, пэўна таму, што справа была новая. Нават самыя старыя не чулi ад дзядоў пра халеру.

Хто не ўцёк у лес — тым было дрэнна.

А Раману з сынам, Маркам, не дазволiў уцячы пан. Даў стрэльбу i загадаў застацца у пустой вёсцы, каб не парабавалi сялянскага набытку лiхiя людзi. Стрэльбы, бадай, i не варта было даваць. Ад халеры стрэльбай не адаб'ешся, а лiхiя людзi баялiся Рамана з яго славай горш як стрэльбы. Пэўна, Раман не быў бы Раманам, каб не знайшоў сродак.

Ён i адпаiў сына рэзкiм бярозавым квасам. Не аддаў смерцi. Але астатнiх не паспеў.

Халера сышла.

Забылi i пра яе. А ў Кагутовай хаце так i жылi стары, вялiкi ды малы.

I вось тут i здарылася.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE