×

Nós usamos os cookies para ajudar a melhorar o LingQ. Ao visitar o site, você concorda com a nossa política de cookies.

Трызуб і Пагоня, Ці можа Расія не ваяваць? – Text to read

Трызуб і Пагоня, Ці можа Расія не ваяваць?

Intermediário 1 Belarusso lesson to practice reading

Comece a aprender esta lição agora

Ці можа Расія не ваяваць?

Украіна, Каўказ, Афганістан, Прыднястроўе, Фінляндыя, Аўстрыя, Чэхія, Германія, Вугоршчына, Польшча, Іран, берагі Балтыкі, Чорнага мора, В'етнам, Ангола, Манголія, Далёкі Усход...

Што аб'ядноўвае гэтыя аддаленыя адно ад адной лакацыі?

Правільна.

У розныя часы там ваявала Расія.

Што ж гэта за краіна такая і ці можа яна не ваяваць?

З Вамі Кацярына Ваданосава і мы гаворым пра беларуска-ўкраінскую гісторыю ў серыі перадач «Трызуб і Пагоня».

Упершыню са зверствамі маскавітаў еўрапейцы сутыкнуліся, а дакладней, шырока даведаліся, у часы Інфлянцкай вайны ў другой палове шаснаццатага стагоддзя.

У адным з лятучых лісткоў тагачасных газет была гравюра, на якой маскавіты з лукаў растрэльваюць павешаных на дрэве жанчын, як мішэні ў ціры.

Ніжэй ляжаць дзеці з разрэзанымі жыватамі, а на галінках вісяць выразаныя сэрцы.

Еўропа на той момант і сама была далёкая ад гуманнасці, але такое ўражвала нават тагачасную публіку.

Мы неяк звыкліся ў 2000-х гадах успрымаць Расію, як “бензакалонку” — штосьці пра бізнес і вялікія грошы.

Але Расія, як паказвае гісторыя, гэта — не пра грошы.

Гэта — пра войска.

А ўсё астатняе — золата, тэрыторыя, рэсурсы — патрэбныя найперш для перманентнай вайны і пашырэння.

Так было ад пачатку, задоўга да эпохі нафты.

У часы Івана Грознага, які акурат развязаў Інфлянцкую вайну, “нафтай” была пушніна: футра собаля, гарнастая, куніцы.

І усё гэта гналі на Захад, каб атрымаць грошы на зброю, якая будзе ваяваць супраць Захаду.

Тое самае пры Пятры: прарубіўшы “акно ў Еўропу”, атрымаўшы выхад да Балтыкі, расійцы завалілі Еўропу танным збожжам, абагнаўшы Рэч Паспалітую і падарваўшы яе эканоміку.

А грошы ішлі, вядома, на вайну, у тым ліку з Еўропай.

Абсурд?

Можна ж было разбудоўваць скораную Сібір, займацца адукацыяй, інфраструтурай.

Але не.

Калі ў Расіі штосьці мадэрнізуецца, то гэта армія і флот.

А рэшта – як атрымаецца.

Бо сама краіна заўжды была агромністым вайсковым лагерам,

дзе кожны горад на новых тэрыторыях — крэпасць,

дзе вайсковы губернатар пры цары мае больш паўнамоцтваў за цывільнага,

дзе ўсе вытворчасці, дарогі, масты — стратэгічныя,

дзе большасць герояў мінулага гэта — вайсковыя злачынцы.

Калі ў семнаццатым стагоддзі маскавіцкая армія яшчэ нагадвала узброены натоўп, то ўжо ад часоў Пятра гэта была цалкам баяздольная сіла з заходняй зброяй і прускімі афіцэрамі — “еўрапейская армія ў азіяцкай краіне”.

У 18 стагоддзі Расія ваюе на тэрыторыі Саксоніі, Даніі, яна бярэ Бярлін, Кёнігсберг.

Не будзем забывацца, што Расія спрычынілася да заняпаду двух моцных тагачасных імперый — Рэчы Паспалітай і Асманскай імперыі (Турцыі).

Але трыюмф быў наперадзе.

Гэта — 1812 год.

У тэорыі Аляксандр І мог падзяліць з Напалеонам Еўропу, як пазней гэта хацелі зрабіць Сталін з Гітлерам, але сталася па-іншаму.

Расійцы ўвайшлі ў Парыж, і гэта быў пік іхнай магутнасці.

Быў створаны міф на стагоддзе наперад: “Скажи-ка, дядя, ведь недаром...”, Бородино, Кутузов, гусары, поручик Ржевский і гэтак далей.

Але поспех — гэта штука вельмі небяспечная: калі яго замарозіць і выйсці на плато, то непазбежна саслізнеш уніз.

Мікалай І вырашыў замарозіць сітуацыю і атрымаў Расію “Мёртвых душ” Гогаля, дзе па разбітай дарозе коціцца кібітка, а на ўездзе ў горад яе сустракае чорна-белая будка з падвыпіўшым вусатым аднаногім інвалідам.

"Эй, скажи, доедет то колесо?”

— Эээ нет, не доедет.

Апафеозам дэградацыі стала Крымская вайна.

Расія тады ушчэнт прайграла на сваёй тэрыторыі ўдвая меншаму экспедыцыйнаму корпусу французаў, брытанцаў і туркаў.

А ў прынцыпе, як магло быць па-іншаму, калі армія ўжо тады была наскрозь карумпаванай, а афіцэры выкарыстоўвалі салдатаў для палявых праць замест навучання?

Я нагадаю, што ў Расіі яшчэ на той момант існавала прыгоннае права, то бок салдаты – гэта непісьменныя рабы, якіх забралі з дому на 10 ці 12 гадоў, лічы назаўжды, праз рэкрутчыну.

Нават на вучэннях салдатам не давяралі нармальных набояў, каб сэканоміць.

Ім давалі гліняныя кулі, якія знішчалі ствалы вінтовак.

Ды і самі вінтоўкі стралялі максімум на 300 метраў, у той час як брытанскія ці французскія — амаль на кіламетр.

Польскі афіцэр, які служыў у царскім войску, Роберт Хадасевіч, пісаў пазней у лісце пра прычыны паразы расійцаў у бітве на Альме: салдаты не далі рады біцца без гарэлкі, а гарэлку не падвезлі, бо грошы на яе паклаў сабе ў кішэню камандзір палка, бо палічыў, што так і так палова салдатаў загіне.

П'яны генерал Васілій Кір'якоў найперш паабяцаў галоўнакамандуючаму Меншыкаву, што “закідае вогара шапкамі”, а пасля даў загад страляць па сваіх жа гусарах, падумаўшы, што гэта французы.

Быў пра гэтую бітву такі вершык, надрукаваны расійскімі эмігрантамі ў Лондане праз год пасля канца вайны:

Как восьмого сентября

Мы за веру и царя

От француз ушли,

И так храбро отступали,

Что всех раненых бросали

Умирать в степи.

Аўтарства, прынамсі часткі прыпісваюць Льву Талстому, які служыў афіцэрам на той вайне.

Карацей, нічога новага.

У царскай арміі прынамсі тады яшчэ заставалася афіцэская праслойка — часам таленавітыя, адукаваная, часткова польскага ці прускага паходжання людзі.

Гэтую праблему цалкам вырашылі бальшавікі.

Адзін з першых загадаў Троцкага, як кіраўніка Чырвонай арміі, тычыўся арганізацыі фільтрацыйных пунктаў на Транссібірскай чыгуначнай магістралі.

Афіцэраў здымалі з цягнікоў, рабавалі і растрэльвалі.

Тое самае было ў Маскве, ў Петраградзе, ў іншых гарадах.

“Кишки вон, на телефон!”

Не чулі такога?

Гэта — папулярны жарт чырвонаармейцаў, якія закідвалі кішкі сваіх учорашніх камандзіраў на тэлефонныя ці тэлеграфныя драты.

З таго часу ўжо савецкая Расія ваюе, прабачце, “бамжамі”.

Ёсць шмат апісанняў оргій і гвалту бальшавікоў.

Вось, напрыклад, успаміны Ізабэлы Лютаслаўскай з часу савецка-польскай вайны, калі чырвоныя ўварваліся ў маёнтак пад Ломжай.

Зараз будзе цытата:

“Аніводзін не меў абутку, шмат у каго голае цела выглядала з-пад лахманоў, яны былі ў стане есці абсалютна ўсё і ўвесь час.

Дом быў поўны бруду, некалькі з іх стаялі на фартэп'яне, спявалі, нешта ламалі, бо чуваць было гук разбітага шкла, на падлозе — кнігі, абразкі, паперы…

Паветра смярдзела.”

У 20 стагоддзі момантам славы расійскага войска быў 1945-ты — уваход у Бярлін.

З поўным наборам практыкы мінулых стагоддзяў: гвалтамі, рабункамі, п'янымі оргіямі.

Але, канешне, гэта былі пераможцы.

Далей, як і пасля перамогі над Напалеонам, — самазамілаванне і дэградацыя.

Ганебная вайна ў Афганістане гэта цудоўна паказала.

Далей Саюз разваліўся, бо не вытрымаў гонкі ўзбраенняў з ЗША.

Амерыканцы ўбачылі слабое месца праціўніка — мілітарызм — і ўцягнулі яго ў гонку ўзбраенняў.

Тыя самыя “Зорныя войны” Рэйгана.

Саюз надарваўся, бо ўсе грошы ішлі на ракеты, а паліцы ў крамах пусцелі, людзі біліся ў чэргах за гарэлку.

Імперыя ў чарговы раз пасыпалася, але не памерла.

Атрымліваецца, што прыкладна раз на 100 гадоў у Расіі адбываецца мадэрнізацыя арміі і вялікая перамога, а потым – павольная дэградацыя і загніванне.

Але нават гэта не значыць, што краіна перастае ваяваць: галодныя, босыя, але ваююць.

Пакуль не прыйдзе новы “мадэрнізатар” кшталту Пятра ці Сталіна.

Але чаму так?

Брытанская ці французская імперыі таксама ваявалі увесь час, але яны і будавалі, стваралі інфраструктуру, адукацыю, культуру.

Магчыма, разгадка — ў ардынскай спадчыне расійцаў.

Прага ўвесь час здабываць новыя тэрыторыі, але не паляпшаць тыя, якія ўжо ёсць, бо заўтра качавы стан будзе ўжо на новым месцы.

“Пётр Вялікі спалучаў палітычнае мастацтва мангольскага раба з ганарыстымі памкненнямі мангольскага ўладара, якому Чынгісхан запаведваў ажыццявіць план заваёвы свету."

Гэта — цытата Карла Маркса, якому па ўсёй Расіі дагэтуль поўна помнікаў.

Дадамо сюды прускую муштру і салдафонства 18 стагоддзя.

Атрымліваецца такі вычварны мангольска-прускі тып цывілізацыі — і не Азія, і не Еўропа.

Але з пункцікам на татальнай вайне.

Сюды ж дадамо абсалютную несвабоду, бо Расія ваюе прыгоннымі або калгаснікамі без пашпартоў, лічы, рабамі.

Адсюль — надзвычай нізкі кошт чалавечага жыцця.

Як казаў маршал Жукаў: “Бабы ещё нарожают!”

Ну і, безумоўна, вайна ў Расіі — гэта спроба адцягнуць увагу ад сацыяльных і палітычных праблем, каб не здарылася, не дай Божа, яшчэ адной рэвалюцыі.

Толькі возьмешся за вілы, цябе на фронт адпраўляюць “за царя и Отечество”, каб думаць спачатку не было часу, а потым – не было чым думаць.

Вайна настолькі ўвайшла ў расійскую ментальнасць і сістэму міфаў, што, здаецца, цалкам яе паглынула.

Героі – гэта Суворавы, Кутузавы, Нахімавы ці адмірал Ушакоў, якога Руская праваслаўная царква нават прызнала святым.

Усе паспяховыя цары – гэта тыя, хто пашыраў тэрыторыі: Іван Грозны, Пётр, Кацярына ІІ.

А іншых, кшталту Кацярыны І ці Пятра ІІІ, мы нават не памятаем.

А так званы “глыбінны народ” нібы і не супраць, бо вайна — гэта адзіны спосаб хутка зрабіць кар'еру, сацыяльны ліфт, адзіны спосаб паглядзець свет, прывезці дадому трафейны гармонік, ці як зараз — унітаз ці пральную машыну.

Урэшце, калі жыццё ў цябе на радзіме нічога не каштуе, то што губляць?

Што цябе чакае там, дома?

Разбітыя дарогі, самапальная гарэлка, смэрдючая прыбіральня на вуліцы?

А вайна — ці проста служба ў войску, гэта — адзіная прыгода ў жыцці, каб “было что вспомнить”, пагартаць праз гады за цыгарэткай і чарачкай дзембельскі альбом.

Дык ці можа Расія не ваяваць?

Можа, але тады яна ўжо не будзе Расіяй.

Брытаніі, Францыі ці Бельгіі спатрэбілася шмат волі, каб адпусціць свае калоніі у сярэдзіне 20 стагоддзя, а далей ужо падтрымліваць з імі эканамічныя сувязі як з партнёрамі.

А Расія — гэта тая ж каланіяльная імперыя, толькі на кантыненце.

Яе калоніі не за морам, не дзесьці, а тут, побач.

У дадатак Расія стагоддзямі займалася не развіццём далучаных рэгіёнаў, а іх эксплуатацыяй.

Нават тых, як Польшча ці краіны Балтыі, дзе культура была на вышэйшым узроўні.

Дык ці гатовая Расія адмовіцца ад Татарстану, Каўказу, Далёкага Усходу?

Ці гатовая яна перастаць быць імперыяй, якая найлепш прадукуе адзіны тавар — смерць?

Пытанне — рытарычнае.

Але самае цікавае, што ў разборы гэтай імперыі найбольш мусяць быць зацікаўлены самі расійцы.

Найперш, каб перастаць быць гарматным мясам для сваіх гаспадароў і страшылкай для ўсяго свету.

Каб нарэшце навучыцца жыць, а не паміраць.

Як заўсёды мы ўдзячныя за вашыя данаты, падабайкі, каментары.

Падпісвайцеся, калі ласка, на наш канал.

І давайце будзем разам.

Будзьма разам з сапраўднай гісторыяй!

Будзьма разам з Украінай!

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE