Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (26 лістапада 1930, Ворша, цяпер Віцебская вобласьць — 25 ліпеня 1984, Менск, БССР) — беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, клясык беларускае літаратуры. Адна з найбольш яскравых постацяў у беларускае літаратуры другое паловы XX стагодзьдзя. Першы беларускі пісьменьнік, які зьвярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.
Творчасьць Ўладзімера Караткевіча адрозьніваецца рамантычнай скіраванасьцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным патасам і гуманістычным гучаньнем. Пісьменьнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філязофскім зьместам. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесьці «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Сівая легенда», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», эсэ «Зямля пад белымі крыламі».