×

Utilizziamo i cookies per contribuire a migliorare LingQ. Visitando il sito, acconsenti alla nostra politica dei cookie.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел трэці II 5

Раздзел трэці II 5

Якаў яшчэ больш стаіўся, нават прысеў, пачаў узірацца туды, дзе павінны былі быць незнаёмцы. Нехта звяртаўся толькі што да баярына. Няўжо баярын Іван не спіць? Быць гэтага не можа — маючы такіх прыгожых, такіх пяшчотных чалядзінак, спіць баярын зараз, як у бога за пазухай, і не швэндаецца па начным двары.

Чалядзін між тым пастаяў на вільчыку, павярнуўся, пайшоў назад па даху, спрытна, як кот, спусціўся па вуглу грыдніцы на зямлю, адчыніў дзверы і зайшоў у грыдніцу. Ён прайшоў крокаў за пяць ад Якава, як здань. Вочы былі заплюшчаны. Бровы і вусны ўздрыгвалі. Якаў, каб захацеў, мог бы схапіць яго за каршэнь.

Незнаёмцы, што сачылі за чалядзінам, наблізіліся да Якава. Іх было двое.

— Пайшоў,— сказаў адзін глухаватым голасам. — Зараз будзе спаць да раніцы, а назаўтра і не ўспомніць, што па стрэхах бегаў, як марцовы кот.

— Няўжо не ўспомніць? — здзівіўся другі, і Якаў пазнаў яго па голасе — Фердынанд! Тэўтон Фердынанд чамусьці не спаў, а, захінаючыся ў чорны плашч, стараючыся быць незаўважаным, шэптам размаўляў на начным двары з нейкім чалавекам, якога Якаў бачыў упершыню. Якаў прытаіўся, як не прыліп да дрэва.

— Не ўспомніць, — сказаў той, каго Фердынанд называў баярынам. — У мяне быў таксама такі. Халоп Аксюта. Ледзь месяц засвеціць, на стрэхі лез. Чэлядзь палохаў. Ну й я загадаў цівуну, як пойдзе Аксюта з заплюшчанымі вачамі, крыкнуць у яго над самым вухам. Крыкнуў цівун.

— Крыкнуў? — перапытаў Фердынанд.

— Але. Зваліўся Аксюта з церама, і касцей не давялося збіраць.

Яны змоўклі. Пэўна, прыслухоўваліся да начной цемені. Схаваўся за хмару месяц, і адразу ўсё зрабілася змрочным, трывожным. Хоць бы сабака які азваўся. Але сабакі, як і большасць людзей, спалі.

— Дык што ты хацеў сказаць мне, баярын Доўбня? — ціха спытаўся пасля працяглага маўчання Фердынанд.

— Няўтрымныя вы, лаціняне, людзі,— кашлянуў Доўбня. — Усё хочаце ведаць наперад усіх. Ты чуў, што Вячка з Кукейноса на мяне нагаворвае?

— Не чуў.

— Гаварыў вялікаму князю Уладзіміру, што я, баярын Доўбня, тэўтонам служу, што папярэдзіў іх, калі палачане на Рыгу ішлі.

— А ты, баярын, і сапраўды служыш Альберту?

— Маўчы, тэўтон. Не тваёй галавы гэта справа. Я не пытаюся ў цябе, каму ты служыш.

— Я служу сам сабе і богу, — адказаў Фердынанд. — На старасць, на хваробы старэчыя срэбра зарабляю.

— Дык слухай, — рэзка перапыніў яго Доўбня. — Ты з памочнікамі выкаваў меч для Вячкі. Праўда гэта?

— Святая праўда. І болей палачане меч кавалі, чым я. Я толькі наглядаў.

— Ты выкаваў меч, якім будуць ссякаць галовы тваіх аднаверцаў. Кроў рымскай царквы будзе на тваіх руках.

— Кроў рымскай царквы? — уздрыгнуў, аслабеў голас у Фердынанда.

— Кроў. Анафема папы Інакенція IIІ чакае цябе, адступнік.

Яны змоўклі. Якаў стаяў і не варушыўся, бо кожным рухам, самым маленькім гукам мог выдаць сябе, а гэта было б канцом. Як толькі гэтыя двое даведаюцца, што чужыя вушы слухалі іхнюю гаворку, адразу можна заказваць свечку — пры першай магчымасці яны заб'юць яго. — Дзе меч? — запытаўся Доўбня.

— У баярына Івана ў святліцы.

— Ты можаш сёння раніцой узяць меч, як толькі баярын прачнецца?

— Навошта? — спалохаўся Фердынанд. — Усё роўна ж меч ужо зроблены — яго не пераплавіш, не перакуеш. Слухай, баярын, не будзем болей успамінаць пра гэты пракляты меч. Срэбралюбства звядзе мяне са свету, срэбралюбства, — завохкаў лацінянін. — Шмат грыўняў паабяцалі мне, я й згадзіўся.

— Меч не трэба знішчаць, — рашуча сказаў Доўбня. — Яго ўжо не знішчыш. Яго бачылі мужы-палачане, епіскап асвяціў. Але трэба пазбавіць меч сілы. Мошчы святой Ефрасінні ты закладваў у рукаяць?

— Закладваў,— паныла выдыхнуў Фердынанд.

— Дастанеш іх адтуль і аддасі мне. Хай майму дому святая Ефрасіння дапамагае. А замест мошчаў… На, трымай.

— Што гэта? — здзівіўся Фердынанд.

— Барсуковая костачка. Сам упаляваў барсука, — засмяяўся Доўбня. — Пакладзі гэтую костачку ў рукаяць. Падрэж, падтачы яе, каб ніхто нічога не заўважыў. Ты ж умееш, — ён зноў засмяяўся. — І будзе гэты меч цягнуць князя Вячку ў нару барсуковую, у зямлю. Там яму і месца. Зразумеў?

— Зразумеў. Зраблю.

— Добра старайся, бо сам Альберт у Рызе ведае пра цябе. Ці вянцы нябесныя ад Хрыста атрымаеш, ці з перарэзаным горлам па Дзвіне паплывеш.

Яны моўчкі разышліся, кожны ў свой бок. Якаў яшчэ доўга стаяў пад дрэвам, доўга прыслухоўваўся да начной цемры і, толькі пераканаўшыся, што ўсё навокал спакойна і ніхто не сочыць за ім, хуценька юркнуў у грыдніцу, лёг на палаткі. Чалядзіны спалі. Той, што хадзіў па даху, таксама спаў, толькі зрэдку жалобна ўсхліпваў ува сне, нібы плакаў.

Выкацілася на блакітную нябесную лугавіну сонца, усміхнулася Полацку і палачанам, і з падвор'я баярына Івана зноў рушыла ўрачыстае шэсце да Сафійскага сабора, на плошчу, дзе ўжо шумелі мужы-вечнікі і князь Вячка, усхваляваны і радасны, стаяў на памосце, чакаў, калі веча ўручыць яму меч. Якаў, трымаючы ў руках абцугі, ішоў побач з Чухомам за калясніцаю, на якой везлі меч. «Ці замяніў Фердынанд мошчы?» — не давала яму спакою думка. — Калі замяніў, калі барсуковую костку падсунуў, меч сілу страціць. І паб'юць палачан тэўтоны ў Кукейносе». Радасным гулам сустрэлі мужы-вечнікі меч. Шапкі птушкамі ўзляцелі ўгору. Вочы гарэлі натхнёна.

— Рубон! — пракаціўся па ўсёй плошчы баявы кліч палачан. І не было ніводнай душы, якая не падтрымала б гэты кліч.

— Рубон! — крычалі сівагаловыя дзяды, што ў многіх сечах кап'ём Полацку славу здабывалі. — Рубон! — дружна падтрымлівала іх моладзь, яшчэ не бітая варожым жалезам, без адзінага шрама, але гарачая, харобрая.

— Рубон! — выгукнулі воіны баярына Івана, што конным строем ехалі за калясніцаю, ашчацініўшыся дзідамі. Але баярын, які на мяккім зэдлі сядзеў каля футарала з мячом, грозна азірнуўся, наліўся цяжкой чырванню. Воі адразу ж укусіліся ў языкі, замоўклі.

Вялікія баяры сустракалі меч, епіскап з пасаднікам, увесь клір Сафіі. Толькі князя Уладзіміра, як і ўчора, не было. «Захварэў князь», — паведаміў вечу бірыч Аляксей.

Епіскап Дзяніс узяў меч у абедзве рукі, на выцягнутых руках панёс яго да памосту, дзе стаяў князь Вячка. Людзі на дыбачкі ўставалі, шыі зварочвалі, адзін аднаму на плечы лезлі, каб убачыць гэты міг. Цішыня абрынулася на плошчу, толькі чутны былі крокі епіскапа.

Епіскап, кусаючы ад хвалявання вусны, падышоў да памосту. Князь Вячка зняў з галавы шлем, аддаў яго свайму дружынніку, апусціўся на калені. Твар быў бледна-ружовы.

— Князь Вячаслаў,— на ўсю моц голасу сказаў епіскап, — святая Сафія, стольны Полацк, усе мужы-палачане ўручаюць табе меч Усяславаў. Вазьмі меч, князь.

Вячка, не ўздымаючыся з каленяў, узяў меч, тройчы пацалаваў светлае лязо.

— За што меч з похваў вымеш, князь? — гучна запытаўся епіскап.

— За святую Сафію і Полацк, — адказаў Вячка.

— Устань, князь. Сафія і Полацк пачулі цябе. Вячка ўзняўся з каленяў, надзеў на галаву шлем, пакланіўся вечу:

— Дзякуй вам, мужы-палачане. Памру за зямлю нашу, але не пакрыю ганьбаю святы меч. Бяда ідзе з Варажскага мора. Тэўтоны ідуць. Устанем сцяной! Перакуем сярпы на коп'і! Абаронім дзедаўскую і бацькоўскую зямлю!

— Рубон! — загрымела на плошчы. — Рубон! Рубон!

Тройчы крыкнула веча, і гэта азначала, што ўсім даспадобы князевы словы.

— А зараз, князь, глянь на майстроў, што выкавалі табе гэты меч, — сказаў епіскап і лёгенька падпіхнуў да памосту разгубленых Якава і Чухому. Фердынанд схаваўся ў натоўпе, пабаяўся паказвацца вечу, бо на плошчы не магло не быць лазутчыкаў з Рыгі, не лічачы Доўбню.

— Вы зрабілі меч? — абняў Чухому і Якава за плечы, шырока ўсміхнуўся Вячка.

— Мы, — адказаў Чухома. — Для цябе стараліся, князь. Гані тэўтонаў у мора.

— Добра кажаш, каваль.

Вячка пацалаваў Чухому, потым Якава, запытаўся:

— Як жа вас клічуць, майстры?

— Мяне — Чухома, яго Якавам клічуць.

— Запомню, — вострымі сінімі вачамі глянуў на іх Вячка.

У Якава галава кругам ішла. Столькі хваляванняў выпала на яго долю, што ён зняможана стаяў побач з Чухомам і думаў толькі пра адно: як бы не ўпасці. Хіба мог ён некалі ў Гарэлай Весі нават марыць, нават сніць пра такое — што апынецца ў Полацку, што будзе стаяць на плошчы каля самой Сафіі і князь Вячка, адважны прыгожы князь, прылюдна пацалуе яго. У Полацк прывялі яго няволя, палон, але пацалаваў яго Вячка як майстра, аднамысніка, сына Полацкай зямлі. Гэта ўскрыляла душу. Ён адчуваў, як слёзы, цёплыя і мяккія, накочваюцца на вочы.

Адшумела веча, разышлося хто куды, і толькі Сафія засталася на сваім спрадвечным месцы. Стаяць ёй над рачной плынню, глядзець за небасхіл, сачыць, як вартавому, хто на Полацкую зямлю дзясніцу жалезную ўздымае.

Раздзел трэці II 5 Chapter Three II 5