×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Васіль Быкаў. Музыка, Васіль Быкаў. Музыка. Частка 2

Васіль Быкаў. Музыка. Частка 2

Трывога тая, аднак, перарасла ў спалох, калі наперадзе паблізу зьявіўся абрыў, — нейкая шырокая бездань, якую было не абмінуць. Галоўнае, ён ня мог спыніцца, не спыняўся і статак; мабыць не адчуваючы небясьпекі, валы (ці бізоны) маруднаю лавай сунуліся і сунуліся за ім і ўжо наблізіліся да краю бездані. Іх трэба б спыніць ці завярнуць назад, але ён не рабіў таго — ня мог ці ня ведаў, як. I ён з жахам памкнуў па сьлізкай траве ў бездань, на дне якой штосьці бурліла, нібы кіпела ў аграмадным катле — бруд, вулканічная магма ці яшчэ што....

Адчуваньне блізкай катастрофы і пагібелі змусілі яго на нейкія душэўныя высілкі, якія прыпынілі тую пакуту, і ён прачнуўся.

Асьвятленьне ў пакоі зьмянілася: было цемнавата, здаецца, настала ноч; дробныя шчыліны-палосы перасунуліся ўгору і цяпер паласавалі столь — гэта праз жалюзі прасьвечвала нізкае сьвятло вулічных ліхтароў. Прыглушана гучэла недалёкая музыка ламбады — ігралі ў суседнім гатэлі ці на ўзьбярэжжы пад пальмамі. Толькі ён адчуў з палёгкай, што пазбыўся прыкрага сну, як да ягонай душы зноў дапяў ранейшы загадкавы гул. Таго не магла заглушыць нават прычэплівая рытміка ламбады, ягоны несьціханы суцэльны фон клаўся на ўсе іншыя гукі знадворку, — то было ненатуральна, незразумела і загадкава. Ён устаў з пасьцелі і, не ўключаючы сьвятла, у паўзмроку пакою намацаў дзьверы ў лоджыю.

Рытмічныя гукі ламбады агарнулі яго з большай выразнасьцю, у твар дыхнула вечаровай парнасьцю, саланаватым подыхам мора. Босы, неапрануты, у адных толькі плаўках, ён ступіў да белых, яшчэ гарачых ад сьпёкі парэнчаў і абапёрся аб іх. Унізе пад лоджыяй ціхенька варушылася ад начнога брызу касмылявае лісьце пальмаў, уздоўж выгінастага берагу цягнуўся бісэрны ланцужок матавых прыдарожных ліхтароў, якія зьнікалі за скальным мыском. Мора чорнай сьцяной лена варушылася на ўсім начным прасьцягу, нябачна зьліваючыся ў далечыні з зорным высокім небам. Была ноч, зь ярка, бы ўдзень, асьветленай набярэжнай, абсаджанай шэрагамі пальмаў. Па гэты бок на горным адхоне грувасьціліся белыя будынкі вілаў, курорты і пансіёны; непадалёк, заліты нізкім сьвятлом, высіўся масіўны куб новага гатэлю кампаніі Шаратон. Унізе пад пальмамі, наўзбоч ад дарогі і гатэляў з бліскаўкамі рознакаляровых шыльдаў замерлі шэрагі аўтамабіляў; на прыморскай шашы іх трохі парадзелы паток, аднак, не прыпыняўся, бліскаючы фарамі, каціў і каціў у абодва бакі. Збочыўшы, два зь іх спыніліся ўнізе, якраз перад ягоным гатэлем пад пальмамі. З аднаго неўзабаве выйшла пара, жанчына прыпынілася трохі, чакаючы, пакуль мужчына зачыняў аўтамабіль, затым абодва таропка скіравалі да ўваходу. З другога чамусьці доўга ніхто не выходзіў, і ён перастаў чакаць. Ён перавёў позірк угору, у зіхоткую ад зораў чарнату паўдзённага неба.

Якраз перад фасадам гатэлю невысока над гарызонтам і морам выразна зьзяў пяцьцю зоркамі славуты Паўднёвы крыж. Тры зь іх былі амаль аднолькавай велічыні і яркасьці, а дзьве астатнія, што ўтваралі левае плячо крыжа, выдаліся драбнейшымі і амаль што зьліваліся ў адну, — быццам дзеля сымэтрыі крыжа. I з-пад гэтых зораў раптам узьнікла невыразная, бы ў тумане, выява твару ягонага бацькі (на сэкунду, можа, ня болей), але ён ажно здрыгануўся ад нечаканасьці. I разам менавіта адтуль зноў данёсься той загадкавы гук, ён стаў мацнець, зь ім сталі хутка большаць-набліжацца зоркі; стварылася ілюзія, нібы ён паляцеў насустрач. Сапраўды, ён страціў вагу, невядома як адарваўся ад поручняў, і апынуўся над морам. Сьпярша ён бачыў толькі зоркавы крыж, які ўсё большаў, выразна адчуваўся палёт, згледзеў затым, як прамільгнулі і зьніклі ўнізе набярэжная, вуліца з пальмамі, белыя фасады гатэляў, выгінастая палоска берагавога прыбою. Пад ім апынулася шырокая чорная пустка, а ён ціха, без супраціву паветра, нібы бесьцялесны, мкнуў кудысьці ўгору — у зорную мітусьню чорнага начнога неба.

Зноў, як і раней, тое не выклікала ў яго вялікага зьдзіўленьня сваёй нерэальнасьцю, было нават у чымсьці прыемна; яго цялеснае адчуваньне зьнікла, і ён не адчуваў ні сьцюжы, ні ранейшай звыклай задухі. Ягонае бесьцялеснае Я распласталася над змрочным марскім прасторам, які, аднак, рассьцілаўся ўсё шырай і шырай, ён адчуваў тое, чым вышай паднімаўся над ім. Неўзабаве зямная прастора і зусім зьнікла ўначы, навакол — зьверху і зьнізу, бліскала, мітусілася зоркавая карусэль; дзіўна было дзе не наткнуцца на якую зь нечакана блізка выніклых зорак. Але ён не наткнуўся. Яго нават вабіла іхнае зіхоткае мноства, сярод якога ён стаў пазнаваць некаторыя зоркі. Адкуль было тое пазнаваньне, невядома, ніколі ён адмыслова не вывучаў астраномію, можа так, выпадкам што-колечы зь яе ўведваў. Але цяпер з пэўнасьцю пазнаў ярчэйшую камбінацыю зь некалькіх зораў, што сьвяціла-міргала якраз на ягоным шляху наперадзе. То была раскіданая, бязладная гронка Стральца, ён нават палічыў зоркі, якіх аказалася дзесяць ці нават адзінаццаць — калі самых буйных, ня лічачы цямнейшых, дробных. Крыху далей над імі сунулася туманістая града Млечнага шляху, і ягоны шлях кіраваў наперарэз ёй. Тады першы непакой уварваўся ў ягонае адчуваньне — што ж гэта зь ім робіцца? Неяк пераадольваючы першую прыкрасьць, ён пачаў вальней азірацца па баках, нават зірнуў назад — Паўднёвага крыжа ўжо ня стала відаць, і зь ім дзесь неўпрыкмет зьнік, бы растаяў, невыразна-няўлоўны прывід бацькі. Мабыць, было менавіта так: бацька толькі прывід — ужо ён ня чуўся ўпэўнена, што то быў бацька. Унізе ляжала густая чарната — значыцца, ён пластаўся над акіянам, бо на мацерыку аднекуль бліснула б якое сьвятло. А можа, ён падняўся гэтак высока, што зьнікла зямля, і навакол быў адно толькі космас. Сьцюдзёны, мёртвы, загадкавы космас. Але ён не адчуваў сьцюжы, ды і дыхалася нармальна, хаця хутчэй за ўсё — ён ня меў патрэбы ў дыханьні. Нібы альбатрос над акіянам, ён бесьцялесна лунаў у зорнай стыхіі. Куды толькі?

Нешырокі прасьцяг Млечнага шляху ён адолеў даволі хутка, хоць было невядома, як мераўся час — зямнымі гадзінамі ці сьветлавымі гадамі. Аднак нічога асаблівага ў ім ён не адчуў — хіба пабольшала навакол дробных пылінак-зораў, якія, аднак, не краналіся да яго. А як вырваўся з тае зорнай туманнасьці, зноў трапіў у вольны зорны прастор, у якім па-новаму загучаў той зьнешні ці нутраны гул-сьпеў. Цяпер, аднак, той гул стаў болей падобны на сьпеў, урачыста-жалобны рэквіем. Але чаму рэквіем? Па кім рэквіем?..

Цяпер ужо было зразумела, што ён мкнуў-ляцеў кірункам на поўнач. Магчыма, ужо прамінуў экватар, — калі толькі з тое вышыні можна было спраектаваць на зямны экватар. Але куды? I адкуль вынікаў трывожны той сьпеў? Што яго яднала з тым сьпевам? I што чакала яго наперадзе?

Мусіць, аднак, ён ляцеў ня так і высока, хоць, несумненна, ужо ў космасе. I ён усё часьцей стаў пазіраць уніз. Празь нейкі час унізе паказаўся ледзьве прыкметны берагавы абрыс нейкага мацерыка, мабыць, акіян там скончыўся. Але што гэта быў за бераг, якога мацерыка, — ён вызначыць ня мог. Уздоўж берагу разьбегліся і цьмяна сьвяцілі туманістыя плямы сьвятла, — можа ад гарадзкога сьвятла шматлікіх мэгаполісаў? Значыць, то ня дзікая прастора, падумалася з надзеяй. Можа, Эўропа?..

Толькі што яму рабіць у Эўропе, да якой ён ня меў дачыненьня, яна не была ягонай радзімай, ён нават ні разу ня быў там наездам. Іншая справа бацька, бацькавы продкі. Некалі ў дзяцінстве ён чуў бацькаў аповед пра яблыкі "антоны", і зь дзіцячаю наіўнасьцю верыў, што яны самыя смачныя. Смачнейшыя за апэльсыны, за ананасы. Аднак ні есьці іх, ні нават убачыць ніколі не давялося. Хапала заўсёды іншых. Цяпер ён пачаў адчуваць, што падняла яго з гатэльнае лоджыі нейкая несумненна бацькоўская сіла, ці воля, ці хоць бы ягоны прывід, які затым зьнік. Ці, можа, застаўся ззаду. Цяпер у зорнай прасторы яго вёў іншы лякатар, вёў, аднак, упэўнена, мабыць, загадзя пракладзеным курсам. Што гэта было? Ці ня той гул-рэквіем? Але, можа, ён зьменіцца на іншы, на штось весялейшае, болей пэўнае і меней трывожнае?

Не, гул-сьпеў не зьмяняўся, наадварот, з часам рабіўся болей выразны, набыў быццам бы знаёмыя ноты — штось з Моцарта, Бэрліёза. Неяк яму нават пачуўся вядомы матыў з другой санаты Шапэна. Славянскі кампазытар мінулага, ён ведаў таго кепска, але чуў калісь, што і бацька паходзіў з таго далёкага краю. Падобна, тут умяшаўся сакральны фактар — покліч продкаў ці што. Здаецца, ён нёсься ў зорнай віхуры менавіта ў той бок, прынамсі — на поўнач.

Ля сузор'я Зьмяі, гэтых выгнутых справа налева пяці буйных зорак, ён зноў адчуў блізкую прысутнасьць бацькі, хоць ні вобліку таго, ні гуку нідзе не заўважаў. Быццам той быў побач і ці то кіраваў ягоным шляхам, ці то сваёй містычнай прысутнасьцю суправаджаў яго. I жалобны нутраны матыў стаў болей выразны — ён ужо прывык да яго мэлёдыі і ведаў пэўна, што то — пахавальны марш. Але чаму пахавальны? Запытаць у нябачнай бацькавай прысутнасьці не было як, ды ён і не наважваўся. Ён паводзіў сябе ў гэтай касьмічнай бездані дужа ашчадна і стрымана, каб не пашкодзіць чаму, зрабіць што ня так. Ды й бацькава прысутнасьць была далікатнай і не назаляла. Відаць па ўсім, нябожчык-бацька меў большае дачыненьне да таго, што цяпер зь ім адбывалася. У адрозьненьне ад сына, бацька так і не прызвычаіўся да краіны, дзе пражыў большую частку жыцьця і дзе аддаў Богу душу. Але не аддаў маладосьці, якая разам з фактам нараджэньня належала іншаму племю, ды й іншай культуры. А тое, мабыць, усё ж штось вызначае, як ён зразумеў, часам насуперак уласнае волі. I абставінам. Бацька быў не такі, як іншыя ля яго — не такі характар, не такая сутнасьць. Часам яго несумяшчальнасьць з акаляючай рэальнасьцю раздражняла сына, народжанага і выхаванага на новай зямлі, хоць ён і не асуджаў бацьку. Адно — доўга ня мог зразумець, таму, мабыць, ягоная сутнасьць і ня надта перадалася сыну. Але зь ягонай сьмерцю... Пасьля сьмерці бацькі штось незразумелае пачало мацнець у сэрцы сына, і той сьцяміў, што гэта не выпадкам. Найперш ён адчуў нейкія моманты ўласнай рознасьці з той зямлёй, дзе нарадзіўся, быццам у яго адкрылася іншая сапраўдная радзіма. Ды ён ведаў пэўна, што іншай радзімы не было, ён цалкам быў задаволены тою, што меў. Аднак, глядзі ты...

I цяпер гэты зорны палёт!

Мабыць, ён трапіў у самую высь неба, у самы зорны касьмічны зэніт. Зоркі абсыпалі яго з усіх бакоў, зьверху і зьнізу, нясьцерпна ярка зіхацелі перад вачыма, пераліваліся рознакаляровымі агнямі, некаторыя апынуліся зусім блізенька, і хутка імчалі ля яго, болей насустрач і назад: іншыя паволі адплывалі ў бакі. А то непадалёк падалі зьнічкі, выпісваючы касыя срэбныя дугі, ад якіх не заставалася сьледу. На палёце яго да Валапаса з валадарна зіхоткім Арктурам у сярэдзіне, хаўтурны матыў загучаў выразьней. Мэлёдыя неслася аднекуль з вышэйшых сфэраў і поўніла зорны абсяг нясьцерпным жалобным смуткам. Ён ужо выразна пачаў адчуваць, што тут нешта адбудзецца, і штораз пільней узіраўся ўніз.

Васіль Быкаў. Музыка. Частка 2 Vasyl Bykov. Music. Part 2 Wasyl Bykow. Muzyka. Część 2 Василий Быков. Музыка. Часть 2