×

Utilizziamo i cookies per contribuire a migliorare LingQ. Visitando il sito, acconsenti alla nostra politica dei cookie.


image

Меч князя Вячкі, Раздзел пяты II 2

Раздзел пяты II 2

Чым далей прабіраліся на поўнач, тым больш халаднелі неба і вада, больш высокімі і пушыстымі рабіліся белыя, падзалочаныя сонцам воблакі. Разам з Вячкам плылі Халадок, Якаў Палачанін, Клімята Аднарук, Мірон — так, той самы Мірошка, але ўжо з прыгожай цёмнай бародкаю — і дзесяць вояў.

Недзе пасярэдзіне дарогі прыбіліся да каравана полацкіх купцоў, дзе было шэсць стругаў, нагружаных велізарнымі шэра-жоўтымі камянямі воску, з якога наўгародскія залатары робяць мадэлі-адліўкі для сваіх будучых вырабаў, вядомых нават у Саксоніі і на Гоцкім беразе, — там іх называюць дзівоснымі.

Павольная рака мякка і няспынна каціла свае хвалі, робячы ў заліўных лугах, у сасновых барах, што высозна ўставалі на пясчаных бледна-залатых стромах, вялікія петлі. Пры набліжэнні такой пятлі стырнавы пярэдняга струга прыкладваў да губ сурму, і трывожныя, адначасна радасныя і сумныя гукі несліся ўперад, каб папярэдзіць таго, хто мог выплысці з-за павароткі, што яму насустрач ідзе вялікі караван. Вячка любіў слухаць голас бяссоннай сурмы. Было ў ім нешта ад цягучага крыку мокрай восеньскай птушкі, якая адбілася ад чарады і кружыцца, мітусіцца ў халодным, аж ледзяным небе і губляе пёры, і пёры тыя бязважка падаюць на зямлю з нябеснага змроку, як першы нясмелы снег.

Зямля, вада, святло і вецер плылі насустрач, і не было ім канца — зямлі, вадзе, святлу, ветру. Уздоўж ракі на нізкіх, вільготных берагах часам трапляліся валатоўкі-курганы, што зараслі травой і хмызняком. У тых валатоўках, кажуць людзі, пахаваны воі велізарнага росту, якія жылі на свеце яшчэ тады, калі зямля была з чыстага срэбра, а рэкі з хмельнага мёду.

Нарэшце прыплылі ў Ноўгарад. На Гарадзішчы, там, дзе Волхаў выцякае з возера Ільмень, Вячка сустрэўся з наўгародскім князем Яраславам Усеваладавічам, сынам Усевалада Вялікае Гняздо, братам вялікага князя ўладзімірскага Юрыя Усеваладавіча. «І тут, як у Полацку, князёў з дзядзінца выгналі, і сядзяць яны за горадам», — падумаў Вячка.

Яраслаў быў на чатыры сонцавароты маладзей за Вячку, высокі, хударлявы, з учэпістым позіркам невялікіх шэрых вачэй. Ён княжыў у Пераяслаўлі, Разані, Галічы і ўсюды сварыўся з баярамі, адусюль яго выганялі, але потым запрашалі зноў, бо быў ён князем адважным, рашучым, жыцця свайго ў сечы не шкадаваў. Наўгародцы таксама то запрашалі, то выганялі Яраслава. Ён з усім гэтым звыкся і весела сказаў Вячку пры сустрэчы:

— Усяго некалькі сядміц сяджу з дружынаю ў Гарадзішчы. Гайда да мяне, князь.

— Не магу, — адмовіўся Вячка. — Хачу сесці ў Юр'еве, які Яраслаў Мудры, сын Рагнеды Полацкай, заклаў на землях эстаў. Эсты называюць яго Тарпату, а тэўтоны — Дорпат. З-за гэтага і ў Ноўгарад прыплыў, прасіць у цябе, князь, і ў веча наўгародскага дапамогі. Тэўтоны ўкараняюцца на захад ад Чудскога возера, а мы робім туды толькі набегі. Трэба садзіцца там, караніцца, а то тэўтоны з датчанамі заўтра на Ноўгарад палезуць. Эсты паўсталі на астравах і на мацерыку, і я хачу пайсці ім на дапамогу, але ў мяне мала сілы.

— Без сілы тэўтонаў з ног не зваліш, — уважліва паглядзеў на Вячку Яраслаў.

— Вось і прашу ў цябе, князь, сілы і зброі.

— Зброю дам і дам сваіх дружыннікаў, але няшмат, бо сам на Калывань102 іду, — адказаў Яраслаў.— А зараз пайшлі, князь, у Спас-Нярздзіцу богу маліцца, каб дараваў нам перамогу.

Царква Спас-Нярэдзіца нібы плыла ў сонечных промнях на невысокім узвышшы, аддзеленым ад Гарадзішча ракой Спасаўкай. Сцены, слупы, аркі, купал — усё было пакрыта фрэскамі. Прарок Давід стаяў на поўны рост, сціскаючы ў левай руцэ скрутак пергаменаў. Над ягонай галавой ззяў залацісты німб. Анёлы, здавалася, лёталі над Вячкам. Сорак пакутнікаў цёмнымі вачамі глядзелі на яго. Князь адчуў нясцерпнае хваляванне, застыў побач з Яраславам на каленях, узяў свечку, папрасіў бога:

— Дай Полацку і Ноўгараду перамогу.

А назаўтра ён стаяў на вечы, кланяўся вялікаму Ноўгараду, і ззяла над ім і над усімі наўгародская Сафія, бронзавыя вароты якой воі-наўгародцы прывезлі з-за мора, калі раптоўным страшным ударам знішчылі ў адзін дзень сталіцу свеяў Сігтуну. На тых варотах выбіты фігуры майстроў-ліцейшчыкаў з абцугамі і вагамі ў руках і напісана: «Рыквін мяне зрабіў».

З дапамогай Ноўгарада Вячка асталяваўся ў Юр'еве, на высокім пясчаным пагорку, які знаходзіўся сярод балоцістага лугу над ракой Змайыгі, што азначае на мове эстаў — Мацерка Вод. Князь Яраслаў стрымаў слова — даў Вячку пяцьдзесят сваіх вояў. Тры сотні эстаў прывёў юны Меэліс, які заўсёды хадзіў з лёгкім арбалетам, са скураным тулам, набітым стрэламі.

У Юр'еве, пад ахову гарадскога вала, сышлося з Сакалы і Унгаўніі, з лэцкіх зямель тысячы дзве галоднага шумлівага люду, у большасці сваёй жанчыны і дзеці. Яны спалі проста на зямлі, падаслаўшы саломы, лугавой травы або яловых лапак. Шматлікія кастры дыміліся ў розных месцах, і ад іхняга дыму ў вояў, што круглы дзень стаялі каля забаролаў, слязіліся вочы.

У першыя месяцы Вячка з дружынаю рабіў паходы ў глыб эстонскіх земляў, збіраў зерне, рыхтаваў салёную, вяленую зверыну — галоўную ежу вайны, браў даніну вайпай — грубым трывалым палатном. І ўвесь час адчуваў, што з усіх бакоў цісне на Юр'еў агромністая неадольная сіла. Тэўтоны пакрысе падбіраліся да Юр'ева. Альберт зрабіў епіскапам Эстоніі свайго брата Германа, кафедру новай царквы асталяваў у Одэнпе, на Мядзведжай Гары. Каб развязаць сабе рукі, тэўтоны прымірыліся з датчанамі. Граф Генрых Шверынскі ўзяў у палон дацкага караля Вальдэмара, і датчане адразу зрабіліся памяркоўнымі, прыслалі на дапамогу епіскапу Альберту сваё войска. Вогненная пастка вось-вось павінна была зачыніцца.

Яраслаў Усеваладавіч амаль чатыры сядміцы прастаяў каля сцен Калывані, якія датчане выклалі з цвёрдага ракушачніку, некалькі разоў хадзіў на прыступ, але толькі зубы зламаў аб Калывань. Злы, стомлены, ён увесь гнеў выліў на сваіх спрадвечных ворагаў, наўгародскіх баяр, кінуў войска, кінуў Ноўгарад і з'ехаў у невядомым кірунку шукаць сваё княжае шчасце. Вячка застаўся адзін. Пад яго ўладаю быў невялічкі шматок зямлі з Юр'евам, усе астатнія мааконды эстаў былі пахрышчаны, прылучаны да Рыгі Альбертам. Начное жнівеньскае неба крэслілі метэарыты, што асабліва густа падаюць у гэты час. Вячка не спаў. Вячка застаўся адзін. Пачыналася яго лебядзіная песня.

У суправаджэнні Халадка і Якава Палачаніна князь узыходзіў на вал, углядаўся ў стылую начную цемень, прыслухоўваўся. Гнятлівая цішыня стаяла наўкол. Гэта цішыня мела тонкія гліняныя ногі, якія вось-вось павінны былі падламацца.

Аднойчы на вал прыйшоў Клімята Аднарук.

— Пішаш летапіс? — запытаўся ў яго Вячка.

— Пішу, — адказаў Клімята. — Хто ж за нас напіша нашы летапісы?

— За нас ніхто не напіша, — згадзіўся Вячка. Памаўчалі. Яркае невялікае воблака бегла па начным цёмным небе, і ўсе глядзелі на яго.

— У якім баку Полацк? — раптам запытаўся ў Клімяты Вячка.

Кніжнік уздрыгнуў ад нечаканага пытання, падумаў, махнуў рукою:

— Там.

Вячка павярнуўся тварам у той бок, куды паказваў Клімята, доўга ўзіраўся ў цемру. Недзе за валам глуха крыкнула невядомая птушка, якая, пэўна, сядзела на якой-небудзь халоднай купіне пасярод балоцістага лугу. Самотны крык упаў у цемру, як цяжкі камень.

«Аб чым яны зараз думаюць? — глядзеў на сваіх паплечнікаў Вячка. — Я вяду іх на смерць. Здагадваюцца яны аб гэтым ці не?»

— Князь, — ціха прамовіў Халадок, — учора прыйшла сям'я лэтаў з Кукейноса. Яны кажуць, што твая дачка Соф'я абвянчалася з графам Дзітрыхам фон Кокенгаўзенам. Вячка адчуў, як злёгку закружылася галава, нібы раптоўна ўзляцеў пад воблака і адразу ж пачаў падаць уніз. Ён зняў з дзясніцы баявую пальчатку, асцярожна пагладзіў на пальцы пярсцёнак, сплецены са светлых доччыных валасоў, з дзіцячых валасоў. «У Соф'і валасы за гэты час павінны пацямнець», — падумаў Вячка. Дачка выйшла замуж, выйшла за тэўтона. Неўзабаве і сама зробіцца, калі ўжо не зрабілася, тэўтонкай. І дзеці будуць тэўтончыкі.

Вячка сціснуў зубы. Гэта, вядома ж, Генрых стараецца, помсціць, хоча ўдарыць як мага балючэй. За што ён помсціць яму, Вячку? За сябе? За тое, што сам змяніў скуру, змяніў душу, стаў тэўтонам?

— У мяне няма дачкі,— сказаў Халадку Вячка. — Мая дачка памерла, калі ёй было пяць сонцаваротаў.

Кожны дзень па загаду Вячкі воі ўмацоўвалі гарадскі вал глінай, рачным глеем, бярвеннямі і галлём.

Жанчыны і дзеці ў навакольных лугах і палях збіралі камяні. Цэлыя горы камянёў ляжалі ўздоўж забаролаў. Збройнікі вастрылі мячы, коп'і, баявыя сякеры, нашывалі новыя слаі бычынай скуры на шчыты, змазвалі барсуковым тлушчам кальчугі, рабілі тысячы новых стрэл. _

102 Калывань — так наўгародцы называлі Талін.

Раздзел пяты II 2 Chapter Five II 2

Чым далей прабіраліся на поўнач, тым больш халаднелі неба і вада, больш высокімі і пушыстымі рабіліся белыя, падзалочаныя сонцам воблакі. Разам з Вячкам плылі Халадок, Якаў Палачанін, Клімята Аднарук, Мірон — так, той самы Мірошка, але ўжо з прыгожай цёмнай бародкаю — і дзесяць вояў.

Недзе пасярэдзіне дарогі прыбіліся да каравана полацкіх купцоў, дзе было шэсць стругаў, нагружаных велізарнымі шэра-жоўтымі камянямі воску, з якога наўгародскія залатары робяць мадэлі-адліўкі для сваіх будучых вырабаў, вядомых нават у Саксоніі і на Гоцкім беразе, — там іх называюць дзівоснымі.

Павольная рака мякка і няспынна каціла свае хвалі, робячы ў заліўных лугах, у сасновых барах, што высозна ўставалі на пясчаных бледна-залатых стромах, вялікія петлі. Пры набліжэнні такой пятлі стырнавы пярэдняга струга прыкладваў да губ сурму, і трывожныя, адначасна радасныя і сумныя гукі несліся ўперад, каб папярэдзіць таго, хто мог выплысці з-за павароткі, што яму насустрач ідзе вялікі караван. Вячка любіў слухаць голас бяссоннай сурмы. Было ў ім нешта ад цягучага крыку мокрай восеньскай птушкі, якая адбілася ад чарады і кружыцца, мітусіцца ў халодным, аж ледзяным небе і губляе пёры, і пёры тыя бязважка падаюць на зямлю з нябеснага змроку, як першы нясмелы снег.

Зямля, вада, святло і вецер плылі насустрач, і не было ім канца — зямлі, вадзе, святлу, ветру. Уздоўж ракі на нізкіх, вільготных берагах часам трапляліся валатоўкі-курганы, што зараслі травой і хмызняком. У тых валатоўках, кажуць людзі, пахаваны воі велізарнага росту, якія жылі на свеце яшчэ тады, калі зямля была з чыстага срэбра, а рэкі з хмельнага мёду.

Нарэшце прыплылі ў Ноўгарад. На Гарадзішчы, там, дзе Волхаў выцякае з возера Ільмень, Вячка сустрэўся з наўгародскім князем Яраславам Усеваладавічам, сынам Усевалада Вялікае Гняздо, братам вялікага князя ўладзімірскага Юрыя Усеваладавіча. «І тут, як у Полацку, князёў з дзядзінца выгналі, і сядзяць яны за горадам», — падумаў Вячка.

Яраслаў быў на чатыры сонцавароты маладзей за Вячку, высокі, хударлявы, з учэпістым позіркам невялікіх шэрых вачэй. Ён княжыў у Пераяслаўлі, Разані, Галічы і ўсюды сварыўся з баярамі, адусюль яго выганялі, але потым запрашалі зноў, бо быў ён князем адважным, рашучым, жыцця свайго ў сечы не шкадаваў. Наўгародцы таксама то запрашалі, то выганялі Яраслава. Ён з усім гэтым звыкся і весела сказаў Вячку пры сустрэчы:

— Усяго некалькі сядміц сяджу з дружынаю ў Гарадзішчы. Гайда да мяне, князь.

— Не магу, — адмовіўся Вячка. — Хачу сесці ў Юр’еве, які Яраслаў Мудры, сын Рагнеды Полацкай, заклаў на землях эстаў. Эсты называюць яго Тарпату, а тэўтоны — Дорпат. З-за гэтага і ў Ноўгарад прыплыў, прасіць у цябе, князь, і ў веча наўгародскага дапамогі. Тэўтоны ўкараняюцца на захад ад Чудскога возера, а мы робім туды толькі набегі. Трэба садзіцца там, караніцца, а то тэўтоны з датчанамі заўтра на Ноўгарад палезуць. Эсты паўсталі на астравах і на мацерыку, і я хачу пайсці ім на дапамогу, але ў мяне мала сілы.

— Без сілы тэўтонаў з ног не зваліш, — уважліва паглядзеў на Вячку Яраслаў.

— Вось і прашу ў цябе, князь, сілы і зброі.

— Зброю дам і дам сваіх дружыннікаў, але няшмат, бо сам на Калывань102 іду, — адказаў Яраслаў.— А зараз пайшлі, князь, у Спас-Нярздзіцу богу маліцца, каб дараваў нам перамогу.

Царква Спас-Нярэдзіца нібы плыла ў сонечных промнях на невысокім узвышшы, аддзеленым ад Гарадзішча ракой Спасаўкай. Сцены, слупы, аркі, купал — усё было пакрыта фрэскамі. Прарок Давід стаяў на поўны рост, сціскаючы ў левай руцэ скрутак пергаменаў. Над ягонай галавой ззяў залацісты німб. Анёлы, здавалася, лёталі над Вячкам. Сорак пакутнікаў цёмнымі вачамі глядзелі на яго. Князь адчуў нясцерпнае хваляванне, застыў побач з Яраславам на каленях, узяў свечку, папрасіў бога:

— Дай Полацку і Ноўгараду перамогу.

А назаўтра ён стаяў на вечы, кланяўся вялікаму Ноўгараду, і ззяла над ім і над усімі наўгародская Сафія, бронзавыя вароты якой воі-наўгародцы прывезлі з-за мора, калі раптоўным страшным ударам знішчылі ў адзін дзень сталіцу свеяў Сігтуну. На тых варотах выбіты фігуры майстроў-ліцейшчыкаў з абцугамі і вагамі ў руках і напісана: «Рыквін мяне зрабіў».

З дапамогай Ноўгарада Вячка асталяваўся ў Юр’еве, на высокім пясчаным пагорку, які знаходзіўся сярод балоцістага лугу над ракой Змайыгі, што азначае на мове эстаў — Мацерка Вод. Князь Яраслаў стрымаў слова — даў Вячку пяцьдзесят сваіх вояў. Тры сотні эстаў прывёў юны Меэліс, які заўсёды хадзіў з лёгкім арбалетам, са скураным тулам, набітым стрэламі.

У Юр’еве, пад ахову гарадскога вала, сышлося з Сакалы і Унгаўніі, з лэцкіх зямель тысячы дзве галоднага шумлівага люду, у большасці сваёй жанчыны і дзеці. Яны спалі проста на зямлі, падаслаўшы саломы, лугавой травы або яловых лапак. Шматлікія кастры дыміліся ў розных месцах, і ад іхняга дыму ў вояў, што круглы дзень стаялі каля забаролаў, слязіліся вочы.

У першыя месяцы Вячка з дружынаю рабіў паходы ў глыб эстонскіх земляў, збіраў зерне, рыхтаваў салёную, вяленую зверыну — галоўную ежу вайны, браў даніну вайпай — грубым трывалым палатном. І ўвесь час адчуваў, што з усіх бакоў цісне на Юр’еў агромністая неадольная сіла. Тэўтоны пакрысе падбіраліся да Юр’ева. Альберт зрабіў епіскапам Эстоніі свайго брата Германа, кафедру новай царквы асталяваў у Одэнпе, на Мядзведжай Гары. Каб развязаць сабе рукі, тэўтоны прымірыліся з датчанамі. Граф Генрых Шверынскі ўзяў у палон дацкага караля Вальдэмара, і датчане адразу зрабіліся памяркоўнымі, прыслалі на дапамогу епіскапу Альберту сваё войска. Вогненная пастка вось-вось павінна была зачыніцца.

Яраслаў Усеваладавіч амаль чатыры сядміцы прастаяў каля сцен Калывані, якія датчане выклалі з цвёрдага ракушачніку, некалькі разоў хадзіў на прыступ, але толькі зубы зламаў аб Калывань. Злы, стомлены, ён увесь гнеў выліў на сваіх спрадвечных ворагаў, наўгародскіх баяр, кінуў войска, кінуў Ноўгарад і з’ехаў у невядомым кірунку шукаць сваё княжае шчасце. Вячка застаўся адзін. Пад яго ўладаю быў невялічкі шматок зямлі з Юр’евам, усе астатнія мааконды эстаў былі пахрышчаны, прылучаны да Рыгі Альбертам. Начное жнівеньскае неба крэслілі метэарыты, што асабліва густа падаюць у гэты час. Вячка не спаў. Вячка застаўся адзін. Пачыналася яго лебядзіная песня.

У суправаджэнні Халадка і Якава Палачаніна князь узыходзіў на вал, углядаўся ў стылую начную цемень, прыслухоўваўся. Гнятлівая цішыня стаяла наўкол. Гэта цішыня мела тонкія гліняныя ногі, якія вось-вось павінны былі падламацца.

Аднойчы на вал прыйшоў Клімята Аднарук.

— Пішаш летапіс? — запытаўся ў яго Вячка.

— Пішу, — адказаў Клімята. — Хто ж за нас напіша нашы летапісы?

— За нас ніхто не напіша, — згадзіўся Вячка. Памаўчалі. Яркае невялікае воблака бегла па начным цёмным небе, і ўсе глядзелі на яго.

— У якім баку Полацк? — раптам запытаўся ў Клімяты Вячка.

Кніжнік уздрыгнуў ад нечаканага пытання, падумаў, махнуў рукою:

— Там.

Вячка павярнуўся тварам у той бок, куды паказваў Клімята, доўга ўзіраўся ў цемру. Недзе за валам глуха крыкнула невядомая птушка, якая, пэўна, сядзела на якой-небудзь халоднай купіне пасярод балоцістага лугу. Самотны крык упаў у цемру, як цяжкі камень.

«Аб чым яны зараз думаюць? — глядзеў на сваіх паплечнікаў Вячка. — Я вяду іх на смерць. Здагадваюцца яны аб гэтым ці не?»

— Князь, — ціха прамовіў Халадок, — учора прыйшла сям’я лэтаў з Кукейноса. Яны кажуць, што твая дачка Соф’я абвянчалася з графам Дзітрыхам фон Кокенгаўзенам. Вячка адчуў, як злёгку закружылася галава, нібы раптоўна ўзляцеў пад воблака і адразу ж пачаў падаць уніз. Ён зняў з дзясніцы баявую пальчатку, асцярожна пагладзіў на пальцы пярсцёнак, сплецены са светлых доччыных валасоў, з дзіцячых валасоў. «У Соф’і валасы за гэты час павінны пацямнець», — падумаў Вячка. Дачка выйшла замуж, выйшла за тэўтона. Неўзабаве і сама зробіцца, калі ўжо не зрабілася, тэўтонкай. І дзеці будуць тэўтончыкі.

Вячка сціснуў зубы. Гэта, вядома ж, Генрых стараецца, помсціць, хоча ўдарыць як мага балючэй. За што ён помсціць яму, Вячку? За сябе? За тое, што сам змяніў скуру, змяніў душу, стаў тэўтонам?

— У мяне няма дачкі,— сказаў Халадку Вячка. — Мая дачка памерла, калі ёй было пяць сонцаваротаў.

Кожны дзень па загаду Вячкі воі ўмацоўвалі гарадскі вал глінай, рачным глеем, бярвеннямі і галлём.

Жанчыны і дзеці ў навакольных лугах і палях збіралі камяні. Цэлыя горы камянёў ляжалі ўздоўж забаролаў. Збройнікі вастрылі мячы, коп’і, баявыя сякеры, нашывалі новыя слаі бычынай скуры на шчыты, змазвалі барсуковым тлушчам кальчугі, рабілі тысячы новых стрэл. _____

102 Калывань — так наўгародцы называлі Талін.