×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел трэці II 3

Раздзел трэці II 3

Як толькі прыбылі яны на баярскае падвор'е, адразу ж, са згоды баярына Івана, іх узяў пад сваю поўную ўладу саксонец Фердынанд. Ён выпытаў у баярына, хто з ягоных людзей да кавальскай працы здатны, і разам з Чухомам у кавалі трапіў Якаў.

Фердынанд, у новенькім скураным фартуху, у новенькіх, толькі пашытых ботах, сабраў усю сваю абслугу — і малатабойцаў, і гарнавых, і ваданосаў — у кузні, сказаў, як і ўсе тэўтоны павольна і смешна вымаўляючы полацкія словы:

— Разам працаваць будзем. Я не вашай зямлі чалавек, але я добры. Я люблю есці і піць віно, я люблю шмат спаць і кахаць жанчын. Вы, пэўна, таксама ўсё гэта любіце? Але яшчэ я люблю і ўмею працаваць.

Ён на хвіліну змоўк, зірнуў на сваіх памочнікаў — ці разумеюць яго? Разумелі. Слухалі ўважліва. Гэта яшчэ болей натхніла Фердынанда. Узбуджана махаючы рукамі, ён павёў далей сваю гаворку:

— Нам трэба зрабіць меч «Усяслаў». Правільна я называю імя? Дык вось. З той руды, з таго жалеза, якое вы прывезлі аднекуль з балотаў, нельга зрабіць меч «Усяслаў». Можна серп жанчыне скаваць… А меч…

Ваша балотнае жалеза мяккае, слабае. Меч з такога жалеза сагнецца, як саломінка, у першым жа паядынку. За баярскія грыўні на торжышчы ў Полацку я купіў свейскага жалеза. З такога жалеза куюцца мячы для пераможцаў, для герояў. А з вашага мы наробім баярыну ключоў і замкоў.

Фердынанд з-пад свайго скуранога фартуха раптам выцягнуў пажоўклы, згорнуты ў трубку пергамен.

— Ведаеце, як гартуецца свейскае жалеза? Вось што піша Тэафілус Прэсбрайтэр у сваім трактаце «Схема разнастайных мастацтваў». Тут напісана не вашымі літарамі, я вам буду пераказваць, тлумачыць.

Ён пачаў чытаць, зрэдку адрываючы позірк ад пергамена, каб глянуць на сваіх слухачоў:

— Загартоўка жалеза вядзецца такім жа чынам, як рэжацца шкло і размякчаюцца каменні. Вазьмі трохгадовага чорнага казла і трымай яго пад замком на прывязі трое сутак без корму. На чацвёрты дзень накармі яго папараццю. Пасля таго як ён два дні паесць папараць, змясці яго ў наступную ноч у дзежку з рашэцістым дном. Пад дзежку пастаў сасуд для збору казлінай мачы. Набраўшы за двое альбо трое сутак дастатковую колькасць вадкасці, выпусці казла на волю, а ў гэтай вадкасці гартуй сваё жалеза.

Фердынанд схаваў пергамен, строга глянуў на сваіх памочнікаў.

— Нясіце.

— Каго? Чорнага казла? — здзівіўся Чухома.

— Нясіце сюды амфару з віном, якую я схаваў у кучу вугалю.

Пачалі каваць меч «Усяслаў». Свейскае жалеза і сапраўды было добрае, падатна кавалася, адчувалася ў ім сіла і пругкасць, колер мела шэры з сіняватым адценнем. Чухома аж языком прыцмокваў:

— Мне б у Гарэлую Весь такое.

Фердынанд адразу ж распазнаў у Чухоме самага здольнага і самага ўмелага свайго памочніка. Даваў яму каваць меч, спачатку рэдка, потым часцей.

Меч рабілі доўгі, двухручны, каб дзвюма рукамі мог вой браць яго ў час бою за рукаяць. Лёзы ў клінка з двух бакоў былі вострыя, наточаныя. Крыжавіну і рукаяць абклалі чэрненым срэбрам, і срэбра тое гузавата, няроўна лягло. Не будзе слізгаць рука. Навершша рукаяці ў выглядзе чырвонага яблыка зрабілі, дарагі заморскі камень, што ў паўзмроку вакол сябе праменні рассыпае, усадзілі, утапілі ў гэты яблык. Трохі ніжэй рукаяці на адным баку клінка выяву святога Юрыя выбілі, а з другога боку «Усяслаў» полацкімі літарамі на жалезе напісалі.

Апошні час усё болей Чухома завіхаўся над мячом, і Якаў яму памагаў. Фердынанд жа віно піў, хаваючыся ад баярына. Знікла ў яго ахвота да кавальства, і часцяком казаў ён Чухому:

— Паеду ў Саксонію, вінаробам стану. Праз дзве вясны паеду ў Саксонію. Абрыдла мячы каваць.

Баярын Іван, поўнасцю даверыўшыся Фердынанду, нячаста заходзіў у кузню, дый смурод, гарачыню і дым цяжка трываў. Прыбягалі іншы раз ад баярына хлапчукі надворныя, пыталіся:

— Баярын Іван ведаць жадае: ці хутка меч будзе гатовы?

Фердынанд, якога загадзя папярэджвалі, што чакаецца ганец ад баярына, завіхаўся над кавадлам, злавесна прыжмурваў вочы, адказваў:

— А ці хутка дзіця нараджаецца?

Хлапчукі гэтага не ведалі, беглі назад, у баярскія палаты. Але аднойчы сам баярын завітаў у кузню. Быў ён у доўгім, па калена, чырвоным каптане, у руцэ трымаў белую вышываную хустачку — нос ад смуроду затыкаць. Ён асцярожна прыпыніўся на парозе кузні, акідваючы падазроным позіркам Фердынанда, Чухому і Якава. Яны пакланіліся баярыну.

— Прыязджалі мужы-вечнікі з Полацка, — сказаў баярын, — пыталіся наконт мяча.

— Меч гатоў, баярын, — усміхнуўся Фердынанд. — Ляжыць, на халадку астывае, на ранішняй расе. Якаў, прынясі баярыну Івану меч.

Якаў борздзенька выйшаў з кузні, прынёс меч, які перад гэтым паклалі на пясок, на сырую зямлю, каб усю сілу зямную ў сябе ўвабраў. На клінку ззяла раса.

Баярын узяў у рукі цяжкі светлы меч, круціў яго так і гэтак, махнуў ім над галавою, уважліва разглядаў рукаяць і крыжавіну, выяву святога Юрыя, навершша з дарагім заморскім камянём. Здавалася, каб не Фердынанд з памочнікамі, ён паспрабаваў бы, пакаштаваў меч на зуб.

— Добра, — сказаў нарэшце баярын. — Важнецкі меч. Ты, майстар, — звярнуўся ён да Фердынанда, — атрымаеш плату, як мы і дамаўляліся, і акрамя таго — зверх платы. А вы, — пранізаў ён уважлівым позіркам Чухому з Якавам, — вып'еце ў святы дзень вядро мёду. Мне патрэбны людзі па жалезнаму рамяству.

— Дзякуй табе ў ногі, баярын Іван, — пакланіўся Чухома.

— Похвы для мяча ўжо зрабілі ў Полацку, — працягваў баярын. — І яшчэ казалі мужы-вечнікі, каб абавязкова ў рукаяць мяча былі ўкладзены мошчы святой Ефрасінні Полацкай, што ў святой зямлі, у Іерусаліме, памерла.

— Дзе ж мы возьмем гэтыя мошчы? — разгубіўся Фердынанд і паглядзеў на Чухому з Якавам. — Ды каб пакласці іх у рукаяць, трэба выняць адтуль камень.

— Камень трэба выняць, — адразу згадзіўся баярын. — Не заморскімі каменнямі ваююць, а святымі мошчамі. Вынь камень, майстар, і аддай мне яго.

Ён растапырыў пальцы ледзь не перад самым носам у Фердынанда.

— Не адразу, баярын, — адвёў убок ягоную руку Фердынанд. — Цяжка клаўся камень у рукаяць, а даставаць яго будзе яшчэ цяжэй. Два дні нам на гэта.

— Два дні? — зморшчыўся баярын. — Хай будзе па-твойму. Да таго часу і мошчы святой Ефрасінні прывязуць з Кіева, з Пячэрскай лаўры.

Калі баярын пайшоў, Чухома ўсміхнуўся:

— Пашкадаваў камень, стары грыб.

— Сваё дабро трэба шкадаваць, — суха сказаў Фердынанд.

Чухома з Якавам нічога не адказалі яму, толькі пераглянуліся між сабою.

«Як жа ўцячы адсюль? — пакутліва думаў Якаў.— Няўжо ўсё жыццё пройдзе вось у гэтай кузні, паміж гэтых чорных закураных сцен?»

За частаколам баярскай сядзібы заўважыў ён аднойчы парослую ніцым хмызняком пустку. Нейкія самотныя грудкі віднеліся там, нейкія пагорачкі.

— Што гэта? — пацікавіўся Якаў у старога чалядзіна, які, цяжка хаўкаючы ротам, цягнуў на гарбе шэры камень-жарнавік.

— Гэта магілы, — не прыпыніўся, нават не глянуў на Якава стары. — І ты там будзеш ляжаць.

Штосьці абарвалася ў душы Якава, калі пачуў гэткія словы. Нейкая тоненькая струна ў сэрцы лопнула.

Звінела дагэтуль струна, спявала, чорныя думкі выганяла прэч, а ў той міг лопнула. Назаўсёды замоўкла.

Не ў палетнікі68 ўзялі іх на работу, не да пакроваў, а на ўсё жыццё. Каб жа ведаў чалавек, колькі жыць давядзецца, колькі летаў над галавой прашуміць.

Праз два дні прыехалі мужы-вечнікі, прывезлі ў залатой карчазе мошчы Ефрасінні Полацкай. Фердынанд у прысутнасці полацкіх баяр і баярына Івана выняў заморскі камень з рукаяці, паклаў у рукаяць святыя мошчы. Чухому і Якава на гэты час выгналі з кузні. Чалядзіну забаронена бачыць такое таінства.

Пад пераклікі царкоўных званоў урачыстая працэсія рушыла да Полацка. Наперадзе на багата прыбраных конях ехалі баяры. За імі ішло дванаццаць хлопчыкаў, апранутых у белыя кужэльныя кашулі і чырвоныя з фарбаванай ласінай скуры штаны. Хлопчыкі дзьмулі ў пазалочаныя дудкі. За хлопчыкамі павольна ехала абвітая свежымі лугавымі кветкамі, абцягнутая бліскучымі рамейскімі апонамі калясніца. Яе цягнулі тры белыя кані з пафарбаванымі залатой фарбай капытамі, з расчасанымі грывамі, у якія былі ўплецены медныя бомы і рознакаляровыя стужкі. На калясніцы ў высечаным з цёмна-карычневага моранага дубу футарале зіхцеў пад промнямі сонца меч. Праваруч і леваруч мяча сядзелі на мяккіх зэдлах баярын Іван і саксонец Фердынанд. Баярын дзеля такой урачыстасці апрануў свой самы багаты гарнастаевы кажух і абліваўся салёным потам. За калясніцаю крочылі Якаў і Чухома. Якаў трымаў у руках вялікія кавальскія абцугі, Чухома — цяжкі малаток. Баярын спачатку і слухаць не хацеў, каб ягоныя чалядзіны разам з ім у горад кіраваліся, разам з ім славу і вітанні люду полацкага дзялілі. Але Фердынанд настояў, угаварыў яго. «Хай бача стольны Полацк, якія ў цябе майстры, баярын, — лісліва сказаў Фердынанд. — Хай пазайздросціць табе». Гэтыя словы і вырашылі справу — баярын Іван любіў, каб яму зайздросцілі.

_

68 Палетнік — чалавек, які наймаўся на работу на адно лета.

Раздзел трэці II 3 Chapter Three II 3 Розділ третій II 3

_____