×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел трэці II 1

Раздзел трэці II 1

II

Якава разам з усім палонам гналі на поўнач ад Княжага сяльца, ад Гарэлай Весі ў Друцкую зямлю. Палон спачатку ішоў па лёдзе Бярэзіны, і было не надта цяжка валачы сані з нарабаваным дабром, у якія ўпрэглі Якава разам з маладзейшымі нявольнікамі. Але праз дзесятак попрышчаў ваявода Зярнько, што кіраваў друцкімі воямі, загадаў павярнуць з Бярэзіны на ўсход, у напрамку Друцка. Тут ужо трэба было ісці па цаліку, па заснежаных лясах і балотах, і сані адразу прыбавілі ў вазе, быццам былі нагружаны жалезнымі крыцамі64.

Палону, як падлічыў Якаў, было сотні паўтары людзей. У большасці — маладыя мужчыны і юнакі.

Побач з Якавам абліваўся потам, цягнучы сані, каваль Чухома. Ён усё вучыў Якава, шаптаў яму:

— Ты спакойна цягні, не тузай, а то жылы парвеш. Нам яшчэ жыць з табой трэба.

Ён быў старэйшы за Якава на сем або восем сонцаваротаў, быў у самай мужчынскай сіле і славіўся сваёй кавальскай работай па абодва берагі Свіслачы. Яго нават трошкі пабойваліся, бо заўсёды смерды баяліся тых людзей, што маюць справу з агнём і жалезам. Звычайны чалавек, лічылі ў весях, не можа размякчыць метал так, што той ажно льецца, быццам вада. Толькі ведзьмаку пад сілу такое цудадзейства! Але ніякім ведзьмаком Чухома не быў. Добрыя сінія вочы былі ў яго, мяккія пшанічныя вусы.

— Чаму князь Рагвалод нас не абараніў? — сказаў аднойчы Якаў. Чухома глянуў на яго, горка ўсміхнуўся:

— Князь Рагвалод сябе бярог, свой церам… А мы? Што мы яму? Ён трохі пасядзіць у Княжым сяльцы, акрэпне і сам у набег пойдзе. На Тураў ці на Слуцак. Адтуль сабе смердаў прыгоніць. Ганяюць нас, брат, як жывёлу, ад князя да князя. І нікуды не схаваешся. Чуў я, праўда, што ў паўдзённых стэпах, далёка за Кіевам, ёсць броднікі65 і ваяводаю ў іх нейкі Пласкіня. Але гэта далёка ад нас, як да неба.

Прывалы былі нячастыя. Калі ж спыняліся, друцкія воі загадвалі нявольнікам збіраць у лесе ламачча, раскладваць вогнішчы. Есці давалі толькі хлеб і ваду.

На адным з прывалаў Якаў убачыў варажбу самага пажылога з нявольнікаў Тварыміра. Калі прынеслі хлеб, Тварымір узяў кавалак, панюхаў яго, нешта прашаптаў, пакруціў у руках, разламаў і выцягнуў з хлеба, пад здзіўленыя, спалоханыя ўздыхі суседзяў, доўгі жмут чалавечых валасоў.

Ваявода Зярнько спяшаўся — магла быць пагоня. Стараючыся пакінуць меней слядоў, затоптвалі вогнішчы, зноў ішлі праз лясы і снягі.

Якаў усё ніяк не мог паверыць у тое, што ён раб. Усё, што адбывалася з ім, з Чухомам, здавалася цяжкім жахлівым сном. Вось-вось прыйдзе нехта ці прыедзе, разбудзіць усіх, расштурхае, і прачнецца Якаў у Гарэлай Весі, і Настасся будзе паліць у печы, і, паснедаўшы, пойдуць яны разблытваць вузлы звярыных слядоў у пушчы. Возьме Якаў сваю сякеру, каб насекчы ядлоўцу вэндзіць ласінае мяса. Смачна хрусне пад сякерай дрэва… Падбяжыць Мірошка, засмяецца, шыбне ў яго, Якава, снежкай…

Сырыца апаліла ногі. Друцкі вой, маладзенькі, сінявокі, махнуў бізуном, ударыў па нагах, загадаў:

— Хутчэй шавяліся, вол пад'ярэмны. Якаў прыкусіў губу ад болю, але і здзівіцца паспеў: «Чаму ён называе мяне валом?»

— Ты што ж, праваслаўны, сваіх людзей хвошчаш? Мы ж не чудзь, не печанегі,— сказаў Чухома.

Вой глянуў на каваля, хацеў і яго ўдарыць, ды замест гэтага смаркануўся, прыклаўшы да наздрыны вялікі ссінелы на марозе палец. Толькі тут канчаткова зразумеў Якаў, што не сон гэта, не гарачка-трасуха, і ад вялікай жалобы, ад крыўды заплакаў.

— Цярпі, Якаў,— падбадзёрыў яго Чухома. — Быць не можа, каб загналі нас у аглоблі. Неяк жа выкруцімся.

Якаў засаромеўся слёз, усміхнуўся свайму паплечніку па няшчасцю.

Праз дзень ці два далі палёгку Чухому — даведаліся, што ён каваль, і не захацелі, каб парваў жылы, цягнучы сані. Чухома паклікаў ваяводу Зярнько, смела гледзячы таму ў вочы, назваў Якава сваім унотам66, ваданосам і малатабойцам, запатрабаваў, каб хлопцу таксама дазволілі вальней дыхнуць.

Якаў ішоў побач з Чухомам, радаваўся, што бог звёў з такім добрым чалавекам. А над лесам сыпала шчодрыя промні сонца. Дрэвы, выцягнуўшы да сонца абмарожаныя галіны, рыхтаваліся сустракаць вясну. На невялікай палянцы, на сонечным прыпёку, убачылі вялікі мурашнік. Мурашкі, выбегшы са сваіх цёмных сховаў, збіліся-сашчапіліся ў бліскучыя жоўта-карычневыя камякі. Здавалася, яны аб нечым ціхенька дамаўляюцца, азіраючыся, каб не пачулі іх людзі.

Вясна з'ядала снег. Цёмныя лысіны мокрай лясной зямлі вылузваліся з-пад снегу. Санныя палазы прыліпалі да зямлі.

Ваявода Зярнько не разлічыў. Ён думаў дабегчы да Друцка па цвёрдым гладкім снезе, але вясна дагнала яго. Ваявода быў сярдзіты, як мядзведзь-бадзяга, якога нечакана ўспаролі з бярлогі. Ён лаяў сваіх вояў, біў нявольнікаў.

Сані ваявода загадаў пасекчы і спаліць. Успыхнулі вялікія кастры. Увесь палон глядзеў на іх з радасцю, бо добра такі паабрывалі людзі плечы ў няблізкай дарозе.

Ваявода змрочна ехаў наперадзе сваіх вояў і сваіх нявольнікаў. Ён ужо зразумеў, што набег на Свіслач мала дасць яму багацця. Раставаў снег… Раставаў палон… Некаторыя паміралі, некаторыя ўцякалі, дачакаўшыся начной цемры. Тыя ж, якія яшчэ ішлі, былі дужа змучаныя, худыя, абдзёртыя.

Ноччу зашумеў цёплы паўднёвы вецер, навалок хмар на ўсё неба. Ваяводу, які спаў у паходным шатры, разбудзілі нейкія ўсхліпы. Ваявода схапіўся за меч, высунуў з шатра галаву. З неба ліўся дождж. Увесь лес быў напоўнены няяснымі шолахамі, шэптамі — гэта ажывалі, выпростваліся пад мяккім цёплым дажджом скамянелыя ад сцюжы дрэвы.

Не дайшоўшы некалькі попрышчаў да Друцка, ваявода Зярнько прадаў большую частку палону полацкім купцам, з караванам якіх сутыкнуўся ў лесе. Палачане былі ўжо на вазах, весела пераціралі коламі снег і гразь. Якаў з Чухомам трапілі да палачан і, трэба сказаць, з палёгкаю ўздыхнулі, бо на прывалах бачылі, як шмат піў віна і мядухі ваявода і, ап'янеўшы, крычаў, што загадае сваім воям пасекчы ўвесь свіслацкі палон мячамі. Палачане пасадзілі іх на вазы, на прывале накармілі паранай рэпай і зайцавым мясам.

— Адкуль жа вас гоняць? — пацікавіўся ў Якава малады белатвары купец з рыжай барадой.

— Мы са Свіслацкай зямлі. Вольныя смерды князя Рагвалода Свіслацкага, — адказаў Якаў. За ўсю папярэднюю дарогу ён толькі перакідваўся слоўцам-другім з кавалём Чухомам, і яму карцела пагутарыць з новым чалавекам.

— Цяпер будзеце нявольныя, — уздыхнуў купец. — Прададуць вас на які-небудзь баярскі двор. Чэляддзю баярскай станеце, — здавалася, ён спачувае Якаву з Чухомам.

— Вось каб вас у Полацк завезлі,— працягваў купец, — там ужо лягчэй. Горад вялізны, людзей поўнае мора… А цэрквы якія! А палаты баярскія і княжацкія! Там было б вам лягчэй. Адно толькі полацкае паветра чалавека вольным робіць.

Ён хацеў яшчэ нешта сказаць Якаву, але пажылы купец, можа, нават ягоны бацька, крыкнуў з суседняга воза:

— Прыкусі язык, Міхалка! — і сярдзіта зірнуў на Якава.

Купцы везлі з Кіева жалезны тавар, жаночыя бранзалеты, амфары з рамейскім віном. На адным з прывалаў яны нават пачаставалі віном Якава і Чухому.

«І ўсё роўна нас прададуць, — спустошана думаў Якаў.— Як прадаюць бранзалеты і конскія падковы… Гэтыя купцы, гэты во Міхалка будуць ездзіць у Кіеў, у далёкія краіны, нават за мора, а я ссохну, згарбею на пад'ярэмнай нямілай працы. Навошта мне жыццё? Навошта мне такое жыццё? Лепей было б птушкай на свет нарадзіцца. Але і птушку ловяць у сілкі і цянёты… Да канца дзён сваіх буду працаваць да чорных мазалёў і Свіслач з Бярэзінай не пабачу».

Ён апусціў галаву на грудзі, і слёзы пабеглі з вачэй. Малады рыжабароды Міхалка са спачуваннем глядзеў на яго.

— Ты што, Якаў? — ляпнуў яго па плячы рукою Чухома. — Нягожа табе слёзы ліць. Ты ж хлопец-адарвірог. З-пад сучкі яйка можаш украсці. Я цябе ведаю. Ад слёз толькі балотны туман гусцей узнімаецца. Не плач.

Усё, дасць бог, добра павернецца.

І Міхалка сказаў Якаву:

— Не плач.

Якаў рукавом світкі выцер слёзы, пачаў глядзець на лес, на дарогу, на неба, што ўсё болей яснела, усё болей налівалася вясновым блакітам, і пакрысе супакойвалася расхваляванае сэрца. Ён ужо думаў пра Мірошку з Настассяй. Дзе яны зараз? Можа, таксама гоніць іх хто-небудзь у чужую старану? А можа, пераседзелі ў лесе навалу, схаваліся і грэюцца зараз ля цяпельца, сухое ламачча ў агонь падкідваюць?

Якаў з Чухомам і яшчэ дзесятак нявольнікаў трапілі ў рэшце рэшт на падвор'е баярына Івана, абгароджанае высокім дубовым плотам, бруднае, у глыбокіх ямінах, у кароўскіх ляпёхах. Баярын Іван вёў сваю гаспадарку з вялікім размахам. Тапіў і кляйміў камякі воску, паліў лес на попел для прыгатавання мыла, залення скур і афарбоўкі сукнаў, гнаў дзёгаць. Усё гэта багацце на стругах і лайбах вёз па Дзвіне на Гоцкі бераг і далей.

_

64 Крыца — кавалак сырадутнага жалеза.

65 Броднікі — вольнае насельніцтва ўзбярэжжа Азоўскага мора.

66 Унот — юнак, тут вучань, чаляднік рамесніка.

Раздзел трэці II 1 Chapter Three II 1

_____