×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.


image

Меч князя Вячкі, Раздзел трэці I 5

Раздзел трэці I 5

Раптам плошча заціхла, і гэта цішыня была такой нечаканай, што князь уздрыгнуў. Рассякаючы натоўп, да памосту ў цэнтры плошчы ішлі тры ці чатыры чалавекі. Веча расступалася перад імі.

Яны падышлі да памосту, і ўсе ўбачылі парванае адзенне, твары ў крыві. Галоўны паміж імі, сівабароды стары, узняўся на памост, адвесіў вечу паясны паклон.

— Я Дабраслаў з Крывіцкага ста61,— сказаў стары і пахіснуўся. — Мы плылі на Гоцкі бераг. У Земгальскай гавані на нас напалі тэўтоны. Стырнавога і карабельшчыкаў забілі. Тавар забралі. Глядзі, Полацк, на раны сыноў сваіх! Глядзі, Сафія!

Стары купец хрысціўся на Сафійскі сабор і плакаў. Ягоныя сыны, параненыя, знявечаныя, стаялі каля памосту, глядзелі на бацьку.

Уладзімір зразумеў, што нечаканае іхняе з'яўленне вельмі пашкодзіць яму. Зноў белы конь уцякаў ад князя, насмешліва ржаў здалёку.

Але гэта быў не самы балючы ўдар. Галоўнае выпрабаванне чакала князя наперадзе. Ледзь толькі пачало супакойвацца веча, убачыўшы і паслухаўшы абрабаваных купцоў, як на плошчы з'явіўся князь Вячка з дзесяткам сваіх вояў. Светла-русыя валасы развяваў вецер. Цёмныя бровы былі строга зведзены на пераноссі.

«Што тут хоча рабіць гэты сысунок? — з шаленствам падумаў Уладзімір. — Яго даўно трэба было замураваць у манастыры, як брата ягонага Васілька. Божа, клянуся табе, як толькі сплывуць чорныя хмары, як толькі зноў цвёрда стану на полацкім дзядзінцы, адразу ж выганю яго з Кукейноса, выкіну ў Ноўгарад, у Пскоў, да эстаў, куды змагу, толькі б не было яго побач».

Вячка падышоў да памосту, але ўзбірацца на яго не стаў. Пакланіўся князю Уладзіміру, пасадніку, тысяцкаму і епіскапу, потым пакланіўся ўсім вечнікам. З-за высокага росту Вячку бачылі ўсе.

— Мужы-палачане, — хвалюючыся, пачаў гаварыць кукейноскі князь, — як вы можаце глядзець на крыўду вялікую вашых купцоў? Чаму вы не аслепнеце ад сораму? Дзе ваш гнеў? Дзе сіла ваша? Вы мокрыя вераб'і ці вольныя сокалы? Вячка раптам павярнуўся тварам да сабора, стаў на калені, загаварыў гучней, і ягоны голас чула ўся плошча, хоць не ўсе ўжо бачылі яго.

— Святая Сафія! Дзе меч Усяслава? Дай мне яго, і я пайду на тэўтонаў, вызвалю Дзвіну, наш спрадвечны Рубон, пракладу дарогу да мора.

«Скамарох, — думаў пра Вячку князь Уладзімір. — Ён там здзічэў у сваім Кукейносе. Зрабіўся паганцам, рагатай сасне моліцца, а тут бач як заспяваў. Скамарох!»

Князь аж плюнуў, праўда, асцярожна, каб, крый бог, веча не ўбачыла.

А Вячка раптам, не ўстаючы з каленяў, прасцёр да яго рукі, загаварыў, звяртаючыся толькі да яго, Уладзіміра:

— Вялікі князь! Чаму не сядлаеш каня? Вядзі дружыну на Рыгу, удар кап'ём у вогненную пашчу дракону. Ты — мудры і харобры. Ты ўжо вадзіў нас на Альберта. Пойдзем яшчэ, князь!

Усё веча глядзела на Уладзіміра, сотні вачэй, як нябачныя стрэлы, працікалі яго наскрозь. Глядзелі баяры і купцы, рамеснікі і воі. І ўсе чакалі.

«Што рабіць?» — з тугой падумаў Уладзімір. Упершыню за апошні час варухнулася ў душы шкадаванне, сверб незразумелы сабе самому. Каго ён шкадаваў? Сябе? Сваю недасяжную мару? Княгіню Улляну? Шкадаванне такое прыходзіла і раней, але калі ён быў у святліцы, у сваёй сям'і, з княгіняю. На плошчы ж, перад вечам, перад народам, сэрца ў яго заўсёды было нібы з жалеза. А сёння ўпершыню тоненькую трэшчыну дало жалеза.

«Што рабіць?» — думаў князь. Ён сышоў з памосту, узняў Вячку з зямлі, тройчы прылюдна пацалаваў, сказаў так, каб ва ўсе вушы заляцела:

— Устань, брат. Адна ў нас айчына — Полацк. І будзем біцца за яго, свой жывот62 класці.

Вячка лёгка ўзняўся на ногі, таксама пацалаваў Уладзіміра.

— Слава! — грымела на плошчы. — Слава князям Вячаславу і Уладзіміру.

Уладзімір з Вячкам, узяўшыся за рукі, узышлі на памост, і зноў вялікі радасны крык быў паўсюдна.

Уладзімір стаяў побач з Вячкам, усміхаўся яму, усміхаўся вечу, а сам успамінаў пра недарэчную жахлівую смерць свайго швагра63 Арцёмія. Быў багатым хлебасольным баярынам Арцёмій, мёду і добрага слова гасцям не шкадаваў. Шмат было ў яго сяброў, але і ворагі, як вядзецца, былі. Дужа любіў Арцёмій розных звяркоў, розную пушыстую хвастатую жыўнасць. У яго па сядзібе прыручаныя вавёркі бегалі, на плечы гасцям заскоквалі. У яго выдра ў сажалцы плавала, мядзведзь хадзіў на падвор'і без ланцуга. І вось аднойчы з Кіева прывезлі Арцёмію хамячка — цёплы светла-руды камячок, вочкі як кроплі стэпавай вады. Такі быў ласкавы, такі мяккі, на руках у баярына драмаў. Не мог нацешыцца з яго Арцёмій. І аднойчы асабліва пяшчотна гладзіў звярка, да грудзей прытульваў. Ды ў той самы міг, як хацеў нешта загадаць чалядзінам, раскрыў рот, хамячок слізгануў яму ў самае горла. Ці то рот баярскі яму нарою здаўся, ці то навучылі гэтаму тыя, хто падараваў яго баярыну. Перагрыз хамяк усе кішкі Арцёмію, у кароткі момант са свету звёў.

Сціскаў Уладзімір Вячкаву руку, усміхаўся, а сам думаў: «І гэты прыкідваецца прыручаным. А толькі разяў рот — у рот ускочыць, загрызе».

Усімі званамі грымела Сафія. Бушавала веча.

— Слава! — крычалі мужы-палачане.

«Крычыце-крычыце, — думаў Уладзімір, усміхаючыся вечнікам. — Дружыну пад Рыгу я не павяду, а калі і павяду, то не скора. Мне не з Альбертам насмерць біцца трэба, а з вамі. Княжую ўладу я вам не аддам».

Князю да горкай сліны ў роце захацелася як найхутчэй вярнуцца ў Бельчыцы, у сваю святліцу, убачыць княгіню Улляну, пачытаць пергамены. Больш за ўсё ён любіў чытаць павучанні святога Яфрэма, вялікага Іаана Златавуста і Феадосія Пячэрскага, што карміліся словам божым, як рупныя пчолы.

А веча ўжо крычала здравіцу толькі аднаму Вячку, быццам яго, Уладзіміра, і на памосце не было.

— Слава князю кукейноскаму! — кідалі шапкі ўгору вечнікі.

— Слава Вячку! Вядзі на тэўтонаў, князь!

І раптам бедны купец Васіль з Запалоцкага ста пранізліва закрычаў:

— Меч Усяславаў — Вячку!

Плошча нібы чакала гэтага, адразу падхапіла:

— Меч Усяславаў — Вячку!

І пайшло, пайшло-пакацілася:

— Меч Усяславаў — Вячку!

Уладзімір стаяў побач з Вячкам, вымучана, змушана ўсміхаўся, а ў самога пот каціўся па скронях. Цяжка было яму слухаць такое. Толькі самаму лепшаму ваяводзе ўручае полацкае веча Усяславаў меч, прычым кожны раз выкоўваецца новы меч і асвячаецца ў Сафійскім саборы.

Пакрычаўшы, пагалёкаўшы, мужы-палачане парашылі: за сядміцу выкаваць меч, асвяціць яго і ўручыць прылюдна князю Вячаславу Барысавічу Кукейноскаму. Меч падахвоціўся выкаваць на сваім падвор'і баярын Іван, бо ў яго былі знаныя кавалі. На тым веча і разышлося, расцяклося з дзядзінца, і толькі вароны ўсё не маглі супакоіцца, усё лёталі над Сафіяй.

_

61 Сто — купецкія арганізацыі, якія існавалі ў старадаўніх Ноўгарадзе, Полацку і, магчыма, іншых гарадах.

62 Жывот — жыццё.

63 Швагер — брат жонкі.

Раздзел трэці I 5

Раптам плошча заціхла, і гэта цішыня была такой нечаканай, што князь уздрыгнуў. Рассякаючы натоўп, да памосту ў цэнтры плошчы ішлі тры ці чатыры чалавекі. Веча расступалася перад імі.

Яны падышлі да памосту, і ўсе ўбачылі парванае адзенне, твары ў крыві. Галоўны паміж імі, сівабароды стары, узняўся на памост, адвесіў вечу паясны паклон.

— Я Дабраслаў з Крывіцкага ста61,— сказаў стары і пахіснуўся. — Мы плылі на Гоцкі бераг. У Земгальскай гавані на нас напалі тэўтоны. Стырнавога і карабельшчыкаў забілі. Тавар забралі. Глядзі, Полацк, на раны сыноў сваіх! Глядзі, Сафія!

Стары купец хрысціўся на Сафійскі сабор і плакаў. Ягоныя сыны, параненыя, знявечаныя, стаялі каля памосту, глядзелі на бацьку.

Уладзімір зразумеў, што нечаканае іхняе з’яўленне вельмі пашкодзіць яму. Зноў белы конь уцякаў ад князя, насмешліва ржаў здалёку.

Але гэта быў не самы балючы ўдар. Галоўнае выпрабаванне чакала князя наперадзе. Ледзь толькі пачало супакойвацца веча, убачыўшы і паслухаўшы абрабаваных купцоў, як на плошчы з’явіўся князь Вячка з дзесяткам сваіх вояў. Светла-русыя валасы развяваў вецер. Цёмныя бровы былі строга зведзены на пераноссі.

«Што тут хоча рабіць гэты сысунок? — з шаленствам падумаў Уладзімір. — Яго даўно трэба было замураваць у манастыры, як брата ягонага Васілька. Божа, клянуся табе, як толькі сплывуць чорныя хмары, як толькі зноў цвёрда стану на полацкім дзядзінцы, адразу ж выганю яго з Кукейноса, выкіну ў Ноўгарад, у Пскоў, да эстаў, куды змагу, толькі б не было яго побач».

Вячка падышоў да памосту, але ўзбірацца на яго не стаў. Пакланіўся князю Уладзіміру, пасадніку, тысяцкаму і епіскапу, потым пакланіўся ўсім вечнікам. З-за высокага росту Вячку бачылі ўсе.

— Мужы-палачане, — хвалюючыся, пачаў гаварыць кукейноскі князь, — як вы можаце глядзець на крыўду вялікую вашых купцоў? Чаму вы не аслепнеце ад сораму? Дзе ваш гнеў? Дзе сіла ваша? Вы мокрыя вераб’і ці вольныя сокалы? Вячка раптам павярнуўся тварам да сабора, стаў на калені, загаварыў гучней, і ягоны голас чула ўся плошча, хоць не ўсе ўжо бачылі яго.

— Святая Сафія! Дзе меч Усяслава? Дай мне яго, і я пайду на тэўтонаў, вызвалю Дзвіну, наш спрадвечны Рубон, пракладу дарогу да мора.

«Скамарох, — думаў пра Вячку князь Уладзімір. — Ён там здзічэў у сваім Кукейносе. Зрабіўся паганцам, рагатай сасне моліцца, а тут бач як заспяваў. Скамарох!»

Князь аж плюнуў, праўда, асцярожна, каб, крый бог, веча не ўбачыла.

А Вячка раптам, не ўстаючы з каленяў, прасцёр да яго рукі, загаварыў, звяртаючыся толькі да яго, Уладзіміра:

— Вялікі князь! Чаму не сядлаеш каня? Вядзі дружыну на Рыгу, удар кап’ём у вогненную пашчу дракону. Ты — мудры і харобры. Ты ўжо вадзіў нас на Альберта. Пойдзем яшчэ, князь!

Усё веча глядзела на Уладзіміра, сотні вачэй, як нябачныя стрэлы, працікалі яго наскрозь. Глядзелі баяры і купцы, рамеснікі і воі. І ўсе чакалі.

«Што рабіць?» — з тугой падумаў Уладзімір. Упершыню за апошні час варухнулася ў душы шкадаванне, сверб незразумелы сабе самому. Каго ён шкадаваў? Сябе? Сваю недасяжную мару? Княгіню Улляну? Шкадаванне такое прыходзіла і раней, але калі ён быў у святліцы, у сваёй сям’і, з княгіняю. На плошчы ж, перад вечам, перад народам, сэрца ў яго заўсёды было нібы з жалеза. А сёння ўпершыню тоненькую трэшчыну дало жалеза.

«Што рабіць?» — думаў князь. Ён сышоў з памосту, узняў Вячку з зямлі, тройчы прылюдна пацалаваў, сказаў так, каб ва ўсе вушы заляцела:

— Устань, брат. Адна ў нас айчына — Полацк. І будзем біцца за яго, свой жывот62 класці.

Вячка лёгка ўзняўся на ногі, таксама пацалаваў Уладзіміра.

— Слава! — грымела на плошчы. — Слава князям Вячаславу і Уладзіміру.

Уладзімір з Вячкам, узяўшыся за рукі, узышлі на памост, і зноў вялікі радасны крык быў паўсюдна.

Уладзімір стаяў побач з Вячкам, усміхаўся яму, усміхаўся вечу, а сам успамінаў пра недарэчную жахлівую смерць свайго швагра63 Арцёмія. Быў багатым хлебасольным баярынам Арцёмій, мёду і добрага слова гасцям не шкадаваў. Шмат было ў яго сяброў, але і ворагі, як вядзецца, былі. Дужа любіў Арцёмій розных звяркоў, розную пушыстую хвастатую жыўнасць. У яго па сядзібе прыручаныя вавёркі бегалі, на плечы гасцям заскоквалі. У яго выдра ў сажалцы плавала, мядзведзь хадзіў на падвор’і без ланцуга. І вось аднойчы з Кіева прывезлі Арцёмію хамячка — цёплы светла-руды камячок, вочкі як кроплі стэпавай вады. Такі быў ласкавы, такі мяккі, на руках у баярына драмаў. Не мог нацешыцца з яго Арцёмій. І аднойчы асабліва пяшчотна гладзіў звярка, да грудзей прытульваў. Ды ў той самы міг, як хацеў нешта загадаць чалядзінам, раскрыў рот, хамячок слізгануў яму ў самае горла. Ці то рот баярскі яму нарою здаўся, ці то навучылі гэтаму тыя, хто падараваў яго баярыну. Перагрыз хамяк усе кішкі Арцёмію, у кароткі момант са свету звёў.

Сціскаў Уладзімір Вячкаву руку, усміхаўся, а сам думаў: «І гэты прыкідваецца прыручаным. А толькі разяў рот — у рот ускочыць, загрызе».

Усімі званамі грымела Сафія. Бушавала веча.

— Слава! — крычалі мужы-палачане.

«Крычыце-крычыце, — думаў Уладзімір, усміхаючыся вечнікам. — Дружыну пад Рыгу я не павяду, а калі і павяду, то не скора. Мне не з Альбертам насмерць біцца трэба, а з вамі. Княжую ўладу я вам не аддам».

Князю да горкай сліны ў роце захацелася як найхутчэй вярнуцца ў Бельчыцы, у сваю святліцу, убачыць княгіню Улляну, пачытаць пергамены. Больш за ўсё ён любіў чытаць павучанні святога Яфрэма, вялікага Іаана Златавуста і Феадосія Пячэрскага, што карміліся словам божым, як рупныя пчолы.

А веча ўжо крычала здравіцу толькі аднаму Вячку, быццам яго, Уладзіміра, і на памосце не было.

— Слава князю кукейноскаму! — кідалі шапкі ўгору вечнікі.

— Слава Вячку! Вядзі на тэўтонаў, князь!

І раптам бедны купец Васіль з Запалоцкага ста пранізліва закрычаў:

— Меч Усяславаў — Вячку!

Плошча нібы чакала гэтага, адразу падхапіла:

— Меч Усяславаў — Вячку!

І пайшло, пайшло-пакацілася:

— Меч Усяславаў — Вячку!

Уладзімір стаяў побач з Вячкам, вымучана, змушана ўсміхаўся, а ў самога пот каціўся па скронях. Цяжка было яму слухаць такое. Толькі самаму лепшаму ваяводзе ўручае полацкае веча Усяславаў меч, прычым кожны раз выкоўваецца новы меч і асвячаецца ў Сафійскім саборы.

Пакрычаўшы, пагалёкаўшы, мужы-палачане парашылі: за сядміцу выкаваць меч, асвяціць яго і ўручыць прылюдна князю Вячаславу Барысавічу Кукейноскаму. Меч падахвоціўся выкаваць на сваім падвор’і баярын Іван, бо ў яго былі знаныя кавалі. На тым веча і разышлося, расцяклося з дзядзінца, і толькі вароны ўсё не маглі супакоіцца, усё лёталі над Сафіяй.

_____

61 Сто — купецкія арганізацыі, якія існавалі ў старадаўніх Ноўгарадзе, Полацку і, магчыма, іншых гарадах.

62 Жывот — жыццё.

63 Швагер — брат жонкі.