×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел пяты I 7

Раздзел пяты I 7

Парочныя майстры ўзялі з сабой вялікі запас цяжкіх камянёў і бочкі са смалою і пакуллем.

Напасці на Леневардэн знянацку не ўдалося. Рыцары паспелі зачыніцца ў замку за каменнай сцяной і пачалі ярасную страляніну з арбалетаў. Але Вячка быў гатовы да гэтага — ягоныя людзі ў імгненне вока збудавалі заслоны з бярвенняў, за гэтымі заслонамі паставілі парокі. Першы камень вагою ў тры пуды з ляскам урэзаўся ў гарадскую браму. Другі камень змёў са сцяны частку дубовай абароннай галерэі і заадно чацвярых арбалетчыкаў. Потым у замак паляцелі вогненныя бочкі са смалой.

Лучнікі Вячкі і літоўскія лучнікі няспынна білі па сценах, не давалі тэўтонскім арбалетчыкам высунуць галаву. Стрэлы з пранізлівым сухім свістам хмараю несліся на Леневардэн. Акрамя таго літоўцы шпурлялі свае баявыя дубіны-мачугі, кожны з іх меў па пяць-шэсць такіх дубін.

У замку пачаліся пажары. Чорны дым закрыў сонца. Пад шчыльным покрывам дыму кукейноскія дружыннікі падабраліся да рова з вадой і пачалі кідаць ў яго прымёт.

Парочныя майстры тым часам бесперапынна білі камянямі па варотах. Велізарныя валуны з вуркатаннем несліся праз дым, гром ад іхніх удараў быў такі, што закладвала вушы. Нарэшце дубовыя, акаваныя свейскім жалезам вароты не вытрымалі.

— Выбілі зубы ў вурдалакі! — радасна закрычаў Вячка і выхапіў меч: — Рубон!

Воі дружна падхапілі баявы кліч, рынуліся ў дымную імглу. Захістаўся, захрабусцеў пад нагамі прымёт, але вытрымаў, вынес жалезную раку проста на гарадскую браму, на вялізны пралом, што зеўраў у ёй.

Якаў, стараючыся не адставаць ад Халадка, скочыў у пралом і адразу ўбачыў перад сабой тэўтона. Той нацягваў калаўрот арбалета, вочы былі прыжмураныя, злямчаная рудаватая барада тлела ад пякучай смалы. Якаў рэзка ўдарыў кап'ём у шырокія пукатыя грудзі, адчуў, як завальваецца, кладзецца на спіну тэўтон, пабег наперад. — Рубон! — грымела наўкол. Звінела жалеза. Расколваліся ад удараў шчыты. Нехта енчыў, прыдушаны брамай, якая рухнула, узняўшы агромністыя слупы дыму і пылу.

Перад цытадэллю замка заклубіўся жорсткі капейны бой. Рыцары і кнехты, абпаленыя агнём, атручаныя дымам, сталі ў карэ, пасярод якога высокі худы капелан махаў крыжам, выкрыкваў малітвы. Ягоны позірк быў скіраваны ў дымнае неба, адкуль клікаў капелан дзеву Марыю. Але прыляцела страла, ударыла ў непрыкрытыя латамі грудзі, і капелан з кароткім стогнам упаў. Рыцары з кнехтамі адразу ж кінуліся хто куды, пачалі ратавацца, ды паўсюдна чакаў іх бязлітасны метал.

— Данііл уцякае! — закрычалі раптам з дымнага змроку. Проста на Якава наляцеў Халадок, ледзь не ўдарыў мячом, але ў апошні міг пазнаў, ляпнуў цяжкою рукою па плячы:

— Добра тэўтона зваліў. Будзеш дружыннікам.

І адразу ж загадаў адрывістым сіплым голасам:

— Гайда за мной! Данііла злавіць трэба.

Разам са сцягам Халадка Якаў выбег з горада. Отракі-каняводы трымалі напагатове свежых коней, схаваўшыся ад іскраў і дыму пад купку маладзенькіх бяроз. Воі Халадка і разам з імі Якаў ускочылі ў гарачыя сёдлы, і пачалася пагоня.

«Прывядзеш да мяне рыцара Данііла за бараду, жэнішся з чалядніцай», — успаміналіся Якаву князевы словы. Маркотна было на душы. «Дзе ж знойдзеш таго Данііла? Ён, пэўна, ужо, як вуж, да Дзвіны дапоўз, у лоддзю сеў і ў Рыгу памчаўся. І чаму так павялося, што, каб жаніцца, сям'ю сваю завесці, трэба абавязкова прасіць дазвол у князя або баярына?» Па балоцістым куп'істым лузе коні вынесліся на сухі грудок, адкуль быў шырокі агляд ва ўсе бакі. Сінімі паламанымі сценамі стаялі на небасхіле сасновыя і бярозавыя лясы. Нідзе — ні духу, ні зыку чалавечага.

— У гэты ж бок яны беглі. Пешшу, без коней, — хмура сказаў Халадок. — Я сам бачыў. І яшчэ Данііла ледзь не на плячах цягнулі. У нагу яго параніла.

Ён злез з каня, пайшоў да ручая, што булькатаў у алышаніку, склаў кубарыкам далоні, набраў вады, напіўся. За ім пакіраваліся астатнія воі. Якаў жа, злезшы з сядла, самотна сядзеў на грудку, падпёршы падбароддзе кулакамі. Горка было на душы, нібы атруцілі яе дымам тых пажараў, што бушуюць зараз у Леневардэне. Мала ў яго, Якава, сяброў. Калі не лічыць Мірошку, дык і зусім няма. Падабаецца яму Халадок, але ж гэта — старшы дружыннік, князева рука. Ці захоча ён размаўляць з Якавам? І з Кулінаю нявыкрутка атрымліваецца. Кахаюць адно аднаго, але толькі позіркамі гарачымі перакідваюцца, бо загадана Куліне і ўдзень і ўначы быць каля злой княгіні Дабранегі.

Якаў цяжка ўздыхнуў. І раптам пачуўся яму нейкі ціхі прыглушаны свіст, нейкае шыпенне. Гадзюка! Якава бы хто падкінуў з грудка. Не хапала яшчэ, каб джыгнула ў мяккае месца агіднае халоднае стварэнне. У час блуканняў па пушчы, асабліва, калі пачынала прыпякаць сонца, ён шмат пабачыў гадзюк, нават цэлыя клубкі бачыў, што марудна варушыліся, уздрыгвалі пад гарачымі лагоднымі праменнямі. Ён заўсёды баяўся іх, абыходзіў.

Якаў скочыў на некалькі крокаў, пачаў насцярожана ўзірацца ў грудок. Вось зараз мільгне ў траве бліскуча-шэрая пругкая палоска, і ён ўбачыць маленькую, як бы расплюснутую галоўку з раздвоеным дрыготкім язычком. Але нічога ён не ўбачыў. Лёгкі ветрык прабягаў па траве, запускаў мяккія пальцы ў зялёныя касмылі, расчэсваў, прыгладжваў іх. «Пэўна, падалося, — падумаў Якаў.— У вушах шуміць пасля валкі». Ён зноў сеў на грудок і зноў пачуў свіст і шыпенне. Ды на гэты раз ён ужо не так спалохаўся, пачаў пільна ўзірацца ў траву, і за два-тры локці ад сябе ўбачыў малюсенькую сухую дудачку чароту, якая тырчала з зямлі. Вось з гэтай дудачкі і выляталі свіст і шыпенне. Жывая дудачка, дый годзе!

Якаў асцярожна паклаў на яе далонь, шчыльна закрыў дудачку, пачаў чакаць, што будзе. Прайшло колькі часу, і раптам зямля побач з Якавам заварушылася, распаўзліся ва ўсе бакі кавалкі зялёнага дзірвану, разляцеліся ахапкі травы, і з-пад зямлі вылезла на белы свет чалавечая галава з сівымі, засыпанымі пяском валасамі. Галава расплюшчыла вочы, кашлянула, чмыхнула, прагна пачала дыхаць, аж захліпваючыся. Якаў мог схапіць незнаёмца за нос, так блізка была ад яго галава, але ён скамянеў ад здзіўлення і жаху. І раптам ад рэзкага штуршка Якаў адляцеў убок, а сівагаловы рыцар у бліскучых латах выхапіўся са сваёй схованкі і, кульгаючы, пабег па густым альшаніку. З латаў сцякаў імклівымі ручайкамі бледна-жоўты пясок.

— Данііл! — прарэзліва закрычаў Якаў.— Лавіце Данііла!

Ён усё зразумеў — рыцарам не хапіла сіл цягнуць на сабе параненага Данііла, тым больш набліжалася пагоня, і яны вырашылі схаваць яго, каб потым, як усё ўляжацца, вярнуцца. А дзе схаваеш на роўным, як стол, месцы? І яны прысыпалі яго зямлёй, уваткнуўшы ў рот дудачку чароту. Звычайна людзі ў вадзе хаваюцца, а гэты, як чарвяк, у зямлю ўтачыўся!

Данііл, нягледзячы на параненую нагу, шпарка імчаўся ў глыб альшаніку, але яго дагналі, звалілі, звязалі бічоўкаю, як бервяно, перакінулі цераз сядло і павезлі да Вячкі. Якаў ехаў следам і бачыў, як моршчыцца рыцар. Гэты Данііл, казалі, у сваім Леневардэне выхваляўся тым, што піў віно з чалавечага чэрапа.

Вячка толькі глянуў на Данііла і адвярнуўся, сказаў:

— Аддаю рыцара літоўцам. Хай прыносяць у ахвяру свайму богу Пяркунасу.

Графа Пірмонта, якога ўзялі ў палон у замку, ён таксама аддаў літоўцам. Пірмонт пачаў быў прасіцца, але Вячка змрочна ўсміхнуўся:

— Я цябе ўжо раз адпусціў з мірам. А ты, граф, зноў прыйшоў. Другі раз я сваіх гасцей не адпускаю.

Якава ж князь пахваліў, напомніў:

— Ты хацеў жаніцца з маёй чалядніцай, Якаў Палачанін? Жаніся. Дазваляю. Ты прывёў рыцара Данііла за бараду.

— Рыцар Данііл без барады, — толькі і сказаў Якаў.