×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел пяты I 1

Раздзел пяты I 1

Раздзел пяты

Над Кукейносам загаралася вясновая раніца. Той, хто не спаў у гэты час (а не спалі воі-дазорцы на забаролах), бачыў, як паступова цёмнае неба на ўсходзе напаўняецца кропелькамі, камячкамі святла. Спачатку гэта можна было палічыць падманам зроку, мігценнем у вачах, якое з'яўляецца пасля бяссоннай ночы, калі доўга і напружана ўзіраешся ў цемру. Ды край неба ўсё болей ружавеў, наліваўся трапяткой залацістасцю колеру спелых ячменных каласоў. Выступалі са змроку лясы. Ноччу яны палохалі, здаваліся велізарным чорным войскам, якое з усіх бакоў маўкліва падкрадваецца, падпаўзае да гарадскога вала. Але першы прамень зары ўпаў на макаўку старой сасны, аж засвяціліся, запалалі дробныя галінкі, потым разбудзіў маленькую сіняпёрую птушку, якая спала, умасціўшыся ў глыбокай утульнай ямачцы ў ствале. Калісьці тут быў сук, але выпаў, выкрышыўся, і птушка, палюючы на жукоў-караедаў, знайшла гэту ямачку, звіла ў ёй гняздо. Птушка, разбуджаная промнем, здзіўлена і радасна ціўкнула.

Прачнуўся ў глыбіні лясоў вецер. Ён адразу ж ірвануўся ўвысь, у неба, уздыбіў над зямлёй карычнева-жоўтыя слаістыя хмары, змяшаў іх, збіў у адну кучу. Успыхнула маланка, крэсіва грому чэкнула ў хмарах. Здавалася, вось-вось пральецца адзін з першых вясновых дажджоў, ды ў хмар не хапіла сілы на такую вялікую работу. Толькі некалькі буйных і халодных кропляў сарвалася, зляцела з нябёсаў.

Кропля ўдарыла Халадку, які стаяў на забаролах, па брыве, потым мякка спаўзла на вейку, але ён нават не міргнуў, толькі хітнуў галавою, скінуў кроплю з вейкі. І з яшчэ большай увагаю пачаў углядацца ў тое, што некалькі імгненняў назад насцярожыла яго. Са сваім сцягам Халадок стаяў у трэцяй варце. Апошнім часам князь Вячка толькі яму давяраў такі самы адказны занятак.

Што ж насцярожыла старшага дружынніка? Яму падалося, што ў прагалах між дрэў, якія густа раслі на беразе Дзвіны там, дзе ў яе ўліваецца Кокна, мільганулі нейкія цені. Раніца была яшчэ такая нясмелая, такая цёмная, што ён, пры ягоных вострых вачах, не змог вызначыць, варухнуліся гэта галіны дрэў пад парывам ветру, прабег палахлівы звер ці, можа, прамчаліся ўзброеныя знузнікі ў чорных плашчах.

Халадок, не адрываючы позірку ад світальнага лесу, узняў дзясніцу ў баявой пальчатцы, гэтым рухам падклікаючы да сябе каго-небудзь з дружыннікаў. Падбег светлавалосы Грыкша.

— Што ты бачыш там, дзе над Дзвіною расце крывастволая сасна? — запытаўся ў Грыкшы Халадок.

Дзецкі ўважліва паглядзеў у той бок, аж кончык вільготнага чырвонага языка высунуў з рота, адказаў:

— Нічога. Бачу адзін туман.

— Запалі паходню, — загадаў Халадок. Грыкша, грукаючы ботамі па высланай каменнямі сцежцы, пабег на сваё дазорнае месца, узяў там паходню, выбіў з крэменя іскру, запаліў звітыя ў клубок, аблітыя смалой сухія сасновыя галіны, якія былі насаджаны на доўгі арэхавы кій. Успыхнула яркае полымя, водбліскі ад яго заскакалі на кальчузе ў Халадка, поплеч з якім стаяў, высока трымаючы ў руцэ паходню, Грыкша.

— Мечаносцы! — усклікнуў Грыкша і ад нечаканасці выпусціў з рукі паходню. Яна паляцела з вала, чутно было, як плёхнулася ў роў з вадою. Зноў зрабілася цёмна, яшчэ цямней, чым было. Але ўжо і Халадок заўважыў вялікі атрад конных мечаносцаў, які няспешна выязджаў з лесу, выліваўся на лугавіну, што была якраз насупраць пад'ёмнага моста Кукейноса. — Рубон! — крыкнуў Халадок і з ляскам выхапіў з похваў меч. І адразу ажыла, затупацела дзесяткамі ног, зазвінела мячамі і коп'ямі світальная імгла. Ярасна забрахалі вартавыя сабакі. Паходні ўспыхнулі наўкол. Грыкша ўдарыў у трывожнае біла.

— Усім — на забаролы! — загадаў Халадок, і тыя з вартавых, што спалі зараз у баявых адсеках, абсталяваных у тоўшчы гарадскога вала, прачыналіся, хапалі зброю і шчыты, па лесвіцах, па ствалах сукаватых дрэў, прыслоненых да вала, узбіраліся наверх, туды, дзе грымела, склікала ўсіх біла.

Кукейноскія лучнікі ўжо нацягвалі цецівы сваіх лукаў, зробленых з рагоў тура і цісавага дрэва. Гартаваныя стрэлы са свістам паляцелі насустрач мечаносцам. І тут ірвануўся ўперад мечаносец-гарольд на белым кані, затрубіў у срэбны рог, закрычаў:

— Слухайце, людзі Кукейноса! Слухайце, адважныя рыцары Кукейноса! Дачка вашага князя князёўна Соф'я прыбыла ў свой горад! Да гарольда пад'ехаў яшчэ адзін мечаносец у чорнай епанчы93, рэзкім рухам расхінуў яе, і ўсе, хто быў на забаролах, убачылі светлавалосую перапалоханую дзяўчынку, якая сядзела наперадзе мечаносца, моцна ўхапіўшыся тонкімі рукамі за конскую грыву. Яна аж зажмурылася ад нечаканасці, бо была пад епанчой, як у цёмнай клетцы, а тут святло ўдарыла ў вочы, людзі гучна і бязладна закрычалі, сабакі, захліпваючыся забрахалі на высокім гарадскім вале, мячы зазвінелі.

— Соф'я, — здзіўлена і адначасна разгублена сказаў Халадок і, нібы просячы дапамогі, глянуў на Грыкшу. — Наша князёўна. Што рабіць?

Кукейноскія лучнікі перасталі страляць, хоць ніхто не аддаваў такога загаду. Баяліся патрапіць у князёўну. Маленькая Соф'я была тым шчытом, за якім хаваўся ўвесь атрад мечаносцаў. — Пабягу да князя, — строга сказаў Грыкшу Халадок, — заставайся за мяне. Пад'ёмны мост не апускаць. Вароты не адчыняць. Палезуць тэўтоны на вал — біць, як псоў.

Халадок, закінуўшы за спіну шчыт і засунуўшы меч у похвы, хуценька спусціўся з вала. Тут, у горадзе, было значна цямней, чым на забаролах, бо праменні сонца, што пачало выкочвацца, вывальвацца з-за лесу, яшчэ не даляталі сюды. Халадок пабег па вузкай звілістай вулцы да княжацкага церама. «Бяда падступіла, — думаў Халадок. — З-за дачкі князь Вячаслаў як перарадзіўся. Не ўсміхнецца, не пагаворыць толкам з дружынаю, меч Усяславаў на сцяну павесіў.

Шкада, вядома, дачку. Родная кроў, родная душа. Узялі тэўтоны князя за кадык».

Халадок спяшаўся да церама і не ведаў, што ўжо другую ноч Вячка не спіць, паліць у царкве свечкі, адзін, без людскога вока, моліцца, развітваецца назаўсёды з дачкой. Ці дачка, ці меч Усяславаў — трэцяй дарогі не было. Захоча князь вярнуць сабе дачку, трэба будзе пакласці меч у похвы, замірыцца з тэўтонамі, пусціць іх у Дзвіну, падставіць шыю пад чужы хамут, а не…

Другую ноч князь развітваўся з дачкой. Трапяталі агеньчыкі свечак, быццам пільныя жоўтыя вочы глядзелі, пранізвалі навылёт. Змрок, падаючы з-пад купала царквы, навальваўся на князя, прыгінаў да каменнай падлогі. Князь стаяў на каленях.

«Даруй мне, дочачка, даруй, ластавачка мая, — думаў князь. — Даруй свайму бацьку, што не можа вызваліць цябе са злыдневай клеткі. Ножкі і ручкі твае цалую. Даруй».

Калісьці ён чакаў сына, але нарадзілася дачка, і ён адразу ж забыўся пра сына, бо такой светленькай, такой сінявокай, такой усмешлівай была дачка. Ён браў на рукі маленькі цёплы камячок, і рукі, што прывыклі да мяча і кап'я, рабіліся мяккімі, лёгкімі. «Даруй мне, — развітваўся з дачкою Вячка. — Я твой бацька, але я князь полацкага роду. Зямлю, што прадзеды перадалі ў спадчыну, трэба ад ворагаў бараніць, веру нашу адстойваць. Даруй, што выбраў зямлю і веру, а не цябе».

— Князь! — паклікалі яго раптам. — Князь! Вячка ўсхапіўся, як шалёны тур, цяжка тупнуў нагою, закрычаў:

— Хто пасмеў парушыць маю размову з богам? Ён шумна дыхаў, шукаў рукою на поясе меч.

— Гэта я — твой старшы дружыннік, — дрогкім голасам сказаў Халадок, набліжаючыся з цемры да князя.

— Пёс! Галаву адсяку! — махнуў кулаком раз'юшаны Вячка. — Бяры маю галаву, але спачатку выслухай мяне, — Халадок спыніўся насупраць Вячкі, глянуў яму ў твар. — Ля варот горада чакаюць твайго слова мечаносцы. Яны прывезлі князёўну Соф'ю. — Прывезлі дачку? — Вячка нейкі час няўцямна стаяў на тым самым месцы, дзе заспела яго навіна. Твар ягоны то бляднеў, то чырванеў, быццам то заходзіла, то ўзыходзіла ў душы сонца.

— Кажаш, прывезлі дачку? — зноў перапытаў ён, потым левай рукою схапіў старшага дружынніка за грудкі, бліскаючы вачамі, прашаптаў: — Ну, Халадок, глядзі — калі не да дабра твая вестка, возьме цябе Карачун94.

— Не баюся я Карачуна, — ціха сказаў Халадок і з нейкім шкадаваннем паглядзеў на Вячку, быццам развітваўся з ім назаўсёды. Яны выбеглі з царквы на вуліцу, дзе ўжо ярка ззяла ранішняе неба. Вячка бег наперадзе, прытрымліваючы рукой похвы з мячом.

— Я — князь Кукейноса Вячаслаў Барысавіч! Што трэба вам, людзі з Рыгі?! — зычным голасам закрычаў Вячка, ускочыўшы на самую высокую пляцоўку надваротнай вежы. Вецер адразу ўдарыў яму ў грудзі, раскрыліў чырвонае карзно, якое было накінута на плечы. Збоку здавалася, што князь ахоплены полымем.

Гарольд-мечаносец на белым кані зноў затрубіў у рог, рыцар у епанчы расхінуў вопратку, і ўсе, і ў тым ліку Вячка, убачылі Соф'ю. — Я — рыцар Данііл з Леневардэна! — крыкнуў мечаносец, паклаўшы руку на плячо Соф'і.— Прывітанне табе, князь Вячка з Кукейноса, ад епіскапа Альберта! Адчыні вароты, пусці нас у горад і вазьмі сваю дачку!

Позіркі ўсіх, і мечаносцаў, і вояў-дазорцаў, скіраваліся на Вячку. Усе чакалі ягонага слова. Усе чакалі, што зробіць князь.

Ён зняў з галавы шлем, доўгімі смуглымі пальцамі пагладзіў лоб, заплюшчыў вочы. Ён пакутліва думаў. Дзве сілы, дзве страсці ярасна змагаліся ў ім.

_

93 Епанча — доўгі і шырокі плашч.

94 Карачун — бог смерці ў старадаўніх беларусаў.

_____