×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел першы III 4

Раздзел першы III 4

Выйшаў з вады, страсянуўся, трошкі пастаяў і рушыў у глыб латгальскіх лясоў.

Пад самы поўдзень, калі ўжо змарыліся коні, калі ў верхавых ад спякоты і доўгай траскай дарогі пачало звінець у скронях, пачуўся востры п'янлівы пах гарачага дыму. Ён гусцеў, забіваў ноздры коням. Воі пачалі церці кулакамі вочы, кашляць.

— Князь, што гэта?! — крыкнуў Халадок. Наперадзе, як размахнуцца позірку, з куп'істага чэзлага балота, проста з нутра зямлі, выбіваўся, вырываўся шырокімі жоўта-сінімі клубкамі дым. — Падземныя чэрці вараць сабе есці,— ціхім спалоханым голасам, але так, што пачуў Вячка, прашаптаў малодшы дружыннік Грыкша.

Дружыннікі спыніліся. Усе пазіралі на Вячку, чакаючы ягоных слоў.

— Гэта гарыць зямля, — хвіліну-другую памаўчаўшы, сказаў Вячка. — Але хто запаліў яе?

— Запалілі селы, — пераканана загаварыў старэйшына латгалаў Ніцын. — Яны не хочуць пусціць нас у Полацк. Ім трэба, каб мы вярталіся назад. Толькі селы запалілі гэтыя балоты, гэтыя праклятыя балоты…

Вячка глянуў на Ніцына, запытаўся:

— Але што маюць супроць Кукейноса селы?

— Яны саюзнікі літоўцаў.

— Ну й што?

— А Літва, як табе вядома, князь, узнімае апошнім часам галаву, хоча валодаць усёй Даўгавай. Літоўскія кунігасы гадуюць у лясах свае баявыя дубіны.

Гэта Вячка ведаў. І пра дубіны літоўскія ведаў. Жадаючы зрабіць сабе зброю, ідзе літовец у лес, выбірае малады дубок. Асцярожна, каб не параніць, ачышчае дрэўца ад сукоў з верху да самага нізу. Потым рассякае ў дрэве кару і абалону. У шчыліну ўтыкае вострыя рубчастыя крамяні, якія пакрысе ўрастаюць у дрэва, ды так урастаюць, што здаецца — дуб вырас з імі з самага жолуда. Праз нейкі час гатова баявая дубіна, якую літоўцы называюць мачуга. Не адзін тэўтонскі чэрап хруснуў, як гнілы арэх, пад літоўскай мачугай.

— Літва ўзнімае галаву, гэта праўда, — пасля некаторага маўчання сказаў Вячка. — Але нам трэба, каб яе дубіны білі не па нас, а па мечаносцах. Мы хутка будзем у Герцыке, Ніцын. А там сталец трымае князь Усевалад, васал Полацка. У жонкі ён узяў дачку літоўскага кунігаса Даўгерута. Усевалад верны сябра літоўцаў, і яны не нападаюць на ягонае княства. А чаму? Толькі таму, што ён зяць Даўгерута? Не, Ніцын.

Вячка пагладзіў па чорнай доўгай грыве свайго каня Печанега, які нервова перабіраў нагамі, прынюхваючыся да цяжкога смуродлівага паху гарэлай балотнай зямлі.

— Чуў я ад свайго бацькі, князя Барыса Давыдавіча, пра візантыйскі палон полацкіх князёў. Калі памёр вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах, той, што ад рамейкі быў народжаны, Полацк узбунтаваўся супраць ягоных сыноў, не прыняў іх. Тады Мсціслаў, сын Манамаха, з вялікаю сілаю і з вялікім гневам рушыў на Полацк. Ішлі з ім кіяне і куране, торкі і Расціслаў Мсціславіч са Смаленска, наўгародцы, Усеваладка з Гародні, Вячаслаў з Клецка. З усіх бакоў ішлі. Спалілі Лагожаск і ўзялі ў палон князя Брачыслава Лагожаскага. Потым зруйнавалі Ізяслаў, абклалі Полацк. Кончылася тым, што на полацкі сталец пасадзілі Рагвалода Друцкага, кіеўскага падбрэхіча, а полацкіх князёў з жонкамі, з чадамі малымі выслалі ў Візантыю, у Царгорад. Але не ўвесь, як казаў мне бацька, полацкі княжацкі дом быў згвалтаваны. Некалькі малодшых удзельных князёў з дружынамі падаліся ў Літву, у лясы ды балоты, там аселі, моцы набраліся, з Літвой парадніліся. І зараз у лясах літоўскіх ёсць такія кунігасы, якія полацкай касці-крыві. Моцны полацкі корань — агнём не спаліш, мячом не ссячэш, не вырвеш.

Вячка змоўк, бо ўбачыў, як проста на яго імчыць ахоплены полымем магутны дзікі вепр. Пэўна, звер аслеп ад агню і дыму. На ім тлела шчаціна, і ён вішчаў ад болю, і боль ягоны пераўтвараўся ў ярасны, нястрымны гнеў.

— Сцеражыся, князь! — разам крыкнулі воі. Некалькі коп'яў паляцела насустрач вепру. Вячка рэзка крутануў Печанега, і вогненны вепр, пранізваючы страшнымі ікламі паветра, прамчаўся побач са стрэмем. Халадок з усяго пляча ўдарыў звера кап'ём у вуха, зваліў на траву. Воі саскочылі з сёдлаў, пачалі свежаваць нечаканую здабычу. А Вячка адчуў, як на пераноссі праклюнуліся кроплі халоднага поту. Квік смяротна параненага вепра яшчэ звонка стаяў увушшу.

— Лепа13 ты зрабіў, вой, — сказаў Вячка, пад'ехаўшы да Халадка, які ў пяску адшароўваў ад крыві шырокі наканечнік кап'я. Халадок глянуў на Вячку яркімі сінімі вачамі, радасна ўсміхнуўся.

Трохі перадыхнулі, парэзалі, пасалілі мяса, напакавалі вяпрацінай сядзельныя торбы і рушылі далей. Дым засцілаў наваколле. З едкай дымнай імглы чуўся дробны часты стук капытоў — лясное звяр'ё ратавалася ад смерці. Дзесьці ў лесе рыпела надламанае дрэва, быццам клікала на дапамогу. Непадалёку плёхнуўся ў Дзвіну, нязграбна паплыў велізарны тур. Сажа лётала чорнымі пялёсткамі, садзілася на конскія галовы.

Раптам Халадок, які ехаў леваруч ад Вячкі, з шумам і трэскам праваліўся разам з канём у вогненную яму. Полымя выела сухі торф на некалькі локцяў углыб, а зверху застаўся толькі тонкі слой злямчанай жоўтай травы. У гэтую пастку і шаснуў абедзвюма пярэднімі нагамі конь Халадка і адразу ж зламаў сабе шыю.

Воі ў разгубленасці спыніліся, пачалі паварочваць коней назад. Дый самі коні, хоць ты іх забі, ні пядзі б не ступілі ўперад, бо там, у дыме, у агні, страшна ржаў, а потым захроп, паміраючы, іхні чацвераногі таварыш.

— Халадка ўзяў Жыжаль, уладар падземнага агню! Ратуймася! — спалохана закрычаў тонкі юначы голас. Гэта зноў быў Грыкша.

Воі, няшчадна б'ючы коней шпорамі, густым бязладным натоўпам хлынулі назад. Каля ямы, у якую праваліўся Халадок, засталіся Вячка, Ніцын і чамусьці Грыкша. Пэўна, малодшы дружыннік, або дзецкі, як іх называлі, так спалохаўся, што страціў уладу над сваімі рукамі і нагамі.

Вячка напачатку як бы здранцвеў ад нечаканасці. Але адразу ж саскочыў з Печанега, сціскаючы ў руцэ кап'ё, прыжмурваючы вочы ад іскраў і дыму, не пабег і не пайшоў, а папоўз да ямы. Так ён не раз рабіў ранняй зімой, калі лёд на Дзвіне быў тонкі і лёгкі, як дыханне, і калі разам з дружынай трэба было нечакана для селаў і літоўцаў набегчы на іхні бераг.

Ён дапоўз да ямы, канец кап'я працягнуў Халадку. Вой схапіўся за кап'ё, па пояс выстрыкнуўся з дымнай іскрыстай пасткі, і ў гэты момант кінулі аркан, смаляной пяньковай вяроўкай абвілі грудзі, выцягнулі яго ў бяспечнае месца. Ён ляжаў заплюшчыўшы вочы і, здавалася, не дыхаў. На твар яму лілі дзвінскую ваду, якую воі прыносілі ў шаломах.

Калі Вячка нахіліўся над ім, Халадок з цяжкасцю ўзняў кароткія абгарэлыя веі, прашаптаў:

— Я цябе, князь, кап'ём выратаваў, і ты мяне… Мы — браты па кап'ю. Дзякуй табе…

І знясілена прыжмурыў павекі, патушыўшы сіні агонь вачэй. Вяснушкі на ягоным роўным прыгожым носе былі, як жоўтыя зорачкі мёду на белым малацэ.

Вячка адчуў, як радасць і незразумелая пяшчота мякка агортваюць сэрца. Ён заўсёды любіў адважных, прыгожых людзей, бо сам быў з іхняга семені, і ён сказаў, лёгка паляпваючы, нібы гладзячы воя па плячы:

— Мы — браты па кап'ю. Змайстравалі паходныя насілкі — між двух коней нацягнулі перавітыя яловымі лапкамі рамяні — і, спусціўшыся да самай Дзвіны, накіраваліся ў бок Герцыке.

_

13 Лепа — добра.

Раздзел першы III 4 Chapter one III 4 Розділ перший III 4

_____

13 Лепа — добра.