×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел першы III 3

Раздзел першы III 3

Ён бачыў шэры мох броваў, у якіх жаўцеўся пясок.

— Няздзіл, — сказаў Вячка вою, таму, хто першы трапіўся на вочы. — Гэтай жанчыне тут не месца. Завядзі яе ў церам.

Няздзіл быў малады, шыракаплечы і паслухмяны. Ягоныя губы былі бруснічнага колеру. Ён згроб зялейніцу ў ахапак і панёс у церам. Зялейніца залівалася слязьмі.

Брацілу вось-вось павінны былі зашыць у мяшок. Апошнія імгненні ззяла над ім неба. Апошні раз кратаў валасы вецер, які вольна лётаў над Дзвіной, над Кукейносам. У натоўпе ён убачыў латгала Сцегіса. Латгал стаяў з бярэмем дроў у руках, нецярпліва перасмыкаў худымі шчокамі, пэўна, спяшаўся ў час запаліць усе печы ў княжацкім цераме.

— Благаславі, ойча, — сказаў Браціла дзяку, які ў адсутнасць іерэя Сцяпана вёў службу ў кукейноскай царкве.

— Бог благаславіць, — хмура выдыхнуў дзяк, але сухой шчэпаццю акрэсліў над Брацілам святы крыж. Калі доўгі нязграбны мяшок неслі да ракі, падалося людзям у натоўпе, што з мяшка, са смяротнай цемры, чуліся ціхія ўсхліпы.

Тэўтона ж адпусцілі ў Рыгу. Але не конна і нават не пешшу. Змайстравалі невялічкі плыт са слупком пасярэдзіне, пасадзілі на плыт і моцна прывязалі да слупка графа Пірмонта. Ён толькі соп, апусціўшы на грудзі галаву.

— Плыві да епіскапа Альберта, — сказаў Вячка. — Калі бог за вас, тэўтонаў, то неба напоіць цябе вадой, а чайкі не выдзеўбуць вочы. Калі бог за вас, рака не зацягне цябе ў вір і лівы з узбярэжнага хмызняку не ўсадзяць у бок кап'ё. Скажы рыжскай царкве, што тут, у Кукейносе, жывуць хрысціяне, такія самыя, як вы, і не гожа вам праліваць хрысціянскую кроў.

Вячка з дружынаю ўзышлі на забаролы і доўга глядзелі на раку, па якой плыў тэўтон. Плыт пахіствала імклівая дзвінская хваля, ён аддаляўся, змяншаўся, вось ператварыўся ў трэску, у камара, знік…

Пераначаваўшы ў Кукейносе, Вячка на золку са сцягам Халадка, з пятнаццаццю латгальскімі лучнікамі старэйшыны Ніцына конна рушыў у стольны горад Полацк. Але перад самай дарогай з перапісчыкам пергаменаў Клімятам ён узняўся на пясчаную, парослую светлым бярэзнікам выспу, якая крута ўставала над Дзвіной. Тут арцель каменячосаў шчыравала над велізарным каменем-пісанікам.

Шмат камянёў спрадвеку драмала на гэтай зямлі. Іх вырваў з абдымкаў суровых паўночных гор ледавік, прывалок сюды і, страціўшы сілы, кінуў у дрымучых лясах, на зялёных лугах. Большасць з іх сцёрлася на арэх, на гарох, але некаторыя, веліканы з веліканаў, палохалі людзей сваімі незвычайнымі памерамі. На гэтых камянях полацкія князі, пачынаючы з Рагвалода, загадвалі высякаць свае імёны. Смерды і рамеснікі пісалі на бяросце, князі — на камянях.

Камень, перад якім у пачцівым маўчанні спыніліся Вячка і Клімята, быў падобен на агромністага старога тура, што задрамаў у цяньку, пад нямоўчны шум бяроз. Шэра-рыжымі касмылямі звісаў з яго мох. Колькі чалавечых жыццяў вясновымі ручаямі адзвінела каля яго! Колькі яшчэ адзвініць!

Вячка з хваляваннем глядзеў на маўклівую аграмадзіну. На камені быў выбіты вялікі шасціканцовы крыж і пад крыжам словы: «У лета 6714-е, у серпеня дзесяты дзень узведзены гэты крыж. Божа, памажы рабу свайму Вячку».

З сённяшняга дня, як вянок, кінуты ў раку часу, паплыве ўдалеч ягонае імя. З сённяшняга дня ён ужо не ўладны над сваім імем. Разбурыцца, знікне грэшная плоць, сатруцца сляды на зямлі, а гэты камень будзе ўзвышацца над ракой, над вольнай сіняй дарогай. І некалі, у недасяжна далёкі дзень, паплыве тут пад белым смелым ветразем малады вой або малады купец. Аб чым падумае ён, убачыўшы гэты камень, прачытаўшы надпіс? Хоць на імгненне б адхінуць чорную заслону гадоў, глянуць у той дзень.

Кіраваліся на ўсход правым берагам Дзвіны. Тут, паміж лясоў і балот, пралягала старадаўняя дарога, па якой полацкія князі са сваімі дружынамі хадзілі браць даніну з латгалаў і ліваў. Вячка вёў вояў з вялікай асцярогаю, бо кожны момант можна было чакаць нападу літоўцаў і іх саюзнікаў-селаў, якія ў гэтых мясцінах Перапраўляліся цераз Дзвіну, каб рабіць набегі на землі эстаў. Праз тры дні на супрацьлеглым беразе ракі ўбачылі высокі земляны вал Селпілса, галоўнага гарадзішча селаў. Там віднеліся слупы чорнага дыму, пэўна, селы палілі сігнальныя агні. Некалькі чоўнаў з узброенымі селамі пагналіся па рацэ за дружынай Вячкі, але неўзабаве адсталі.

За Селпілсам пачаліся ўладанні герцыкскага князя Усевалада. На герцыкскай зямлі было пяцьдзесят замкаў, мноства ўмацаваных узвышшаў, за сценамі і валамі якіх людзі хаваліся ў часы небяспекі. Найбольш магутнай, багатай і прыгожай між іх была сама Герцыке, шумны людны горад з дзвюма праваслаўнымі цэрквамі, з грозным княжацкім церамам, з шыкоўнымі сядзібамі баяр і купцоў. Герцыке нельга было абмінуць, дый Вячка даўно хацеў сустрэцца з мясцовым князем Усеваладам.

Начавалі пад адкрытым небам. Халадок і старэйшына латгалаў Ніцын выстаўлялі дазорцаў, загадвалі раскласці вогнішчы, рыхтаваць вячэру. Засыналі лясы. Згарнуўшыся ў клубок, засынала ў цемені лясоў звяр'ё. Неба глядзела безліччу залатых вачэй.

Нялёгкія думы гнялі Вячку, калі, падклаўшы пад галаву сядло, ён стараўся заснуць на ласінай шкуры, якую заўсёды браў з сабой у дарогу. Не ўзрадуецца ягонаму прыезду вялікі князь полацкі Уладзімір Валадаравіч. Скажа: «Навошта пакінуў свой удзел? Што ты ўсё бегаеш, князь? Сядзі спакойна ў Кукейносе, з тэўтонамі не задзірайся, купцоў іхніх пускай па Дзвіне. Полацк пакуль што не можа ваяваць з Рыгай. Каб толькі адна Рыга стаяла супраць Полацка. Сам Рым стаіць з папам Інакенціем, лацінскі свет стаіць са сваім рыцарствам, Свяшчэнная Рымская імперыя стаіць. Задушаць, і вокам не міргнем… Сядзі спакойна ў Кукейносе». Як быццам ён, князь Вячка, палахлівы сляпы крот. Як быццам не цячэ ў ім кроў вялікага неўтаймоўніка Усяслава, лютага на сечу, меч якога ведала ўся Русь ад Ноўгарада да Тмутаракані. Але што можа зрабіць ён адзін, удзельны князь, малодшы князь, слуга вялікага князя?

Толькі пад раніцу засынаў Вячка. З панылых тарфяных балотаў, з цёмных залітых расой лясоў павольна ўсплывала сонца, як чырвоны, абпалены полымем бясконцых бітваў шчыт грознага бога Сварога. Чырвоны водсвет перакочваўся па рачной і балотнай вадзе, па дрэвах, па траве. Табункі сернаў беглі на вадапой, а потым купаліся ў блакітных лясных азёрах, распырскваючы ва ўсе бакі бліскучыя начныя зоркі, якія, пэўна ж, клаліся спаць на дно азёр. Магутныя туры нетаропка калываліся ў маўклівасці ранішніх лясоў, цёрліся пукатымі лбамі аб камлі дрэў. Першыя птушкі ўзнімаліся на крыло.

І зноў звінела стрэмя, рыпела сядло, сядзельная торба мякка білася аб калена. Пад барвовымі плашчамі ў вояў зіхацелі кальчугі. На чырвоных шчытах, на жалезных нагрудніках, налакотніках і накаленніках, на мячах і баявых сякерах цёпла гарэла сонца.

Латгальскія лучнікі старэйшыны Ніцына былі ў круглых рысіных шапках, аблямаваных меднымі бляшкамі. Сіне-чорныя плашчы былі зашпілены ў кожнага з іх на плечуку спражкай-сактай.

Па правую руку ззяла ранішняя Дзвіна. Чаіцы бязладна мітусіліся ў сонечных промнях. Лось, ганарыста ўзняўшы крылатую карону рагоў, спакойна плыў упоперак ракі, разразаючы шырокімі грудзьмі вірлівую плынь.

Раздзел першы III 3 Chapter one III 3 Розділ перший III 3

Ён бачыў шэры мох броваў, у якіх жаўцеўся пясок.

— Няздзіл, — сказаў Вячка вою, таму, хто першы трапіўся на вочы. — Гэтай жанчыне тут не месца. Завядзі яе ў церам.

Няздзіл быў малады, шыракаплечы і паслухмяны. Ягоныя губы былі бруснічнага колеру. Ён згроб зялейніцу ў ахапак і панёс у церам. Зялейніца залівалася слязьмі.

Брацілу вось-вось павінны былі зашыць у мяшок. Апошнія імгненні ззяла над ім неба. Апошні раз кратаў валасы вецер, які вольна лётаў над Дзвіной, над Кукейносам. У натоўпе ён убачыў латгала Сцегіса. Латгал стаяў з бярэмем дроў у руках, нецярпліва перасмыкаў худымі шчокамі, пэўна, спяшаўся ў час запаліць усе печы ў княжацкім цераме.

— Благаславі, ойча, — сказаў Браціла дзяку, які ў адсутнасць іерэя Сцяпана вёў службу ў кукейноскай царкве.

— Бог благаславіць, — хмура выдыхнуў дзяк, але сухой шчэпаццю акрэсліў над Брацілам святы крыж. Калі доўгі нязграбны мяшок неслі да ракі, падалося людзям у натоўпе, што з мяшка, са смяротнай цемры, чуліся ціхія ўсхліпы.

Тэўтона ж адпусцілі ў Рыгу. Але не конна і нават не пешшу. Змайстравалі невялічкі плыт са слупком пасярэдзіне, пасадзілі на плыт і моцна прывязалі да слупка графа Пірмонта. Ён толькі соп, апусціўшы на грудзі галаву.

— Плыві да епіскапа Альберта, — сказаў Вячка. — Калі бог за вас, тэўтонаў, то неба напоіць цябе вадой, а чайкі не выдзеўбуць вочы. Калі бог за вас, рака не зацягне цябе ў вір і лівы з узбярэжнага хмызняку не ўсадзяць у бок кап’ё. Скажы рыжскай царкве, што тут, у Кукейносе, жывуць хрысціяне, такія самыя, як вы, і не гожа вам праліваць хрысціянскую кроў.

Вячка з дружынаю ўзышлі на забаролы і доўга глядзелі на раку, па якой плыў тэўтон. Плыт пахіствала імклівая дзвінская хваля, ён аддаляўся, змяншаўся, вось ператварыўся ў трэску, у камара, знік…

Пераначаваўшы ў Кукейносе, Вячка на золку са сцягам Халадка, з пятнаццаццю латгальскімі лучнікамі старэйшыны Ніцына конна рушыў у стольны горад Полацк. Але перад самай дарогай з перапісчыкам пергаменаў Клімятам ён узняўся на пясчаную, парослую светлым бярэзнікам выспу, якая крута ўставала над Дзвіной. Тут арцель каменячосаў шчыравала над велізарным каменем-пісанікам.

Шмат камянёў спрадвеку драмала на гэтай зямлі. Іх вырваў з абдымкаў суровых паўночных гор ледавік, прывалок сюды і, страціўшы сілы, кінуў у дрымучых лясах, на зялёных лугах. Большасць з іх сцёрлася на арэх, на гарох, але некаторыя, веліканы з веліканаў, палохалі людзей сваімі незвычайнымі памерамі. На гэтых камянях полацкія князі, пачынаючы з Рагвалода, загадвалі высякаць свае імёны. Смерды і рамеснікі пісалі на бяросце, князі — на камянях.

Камень, перад якім у пачцівым маўчанні спыніліся Вячка і Клімята, быў падобен на агромністага старога тура, што задрамаў у цяньку, пад нямоўчны шум бяроз. Шэра-рыжымі касмылямі звісаў з яго мох. Колькі чалавечых жыццяў вясновымі ручаямі адзвінела каля яго! Колькі яшчэ адзвініць!

Вячка з хваляваннем глядзеў на маўклівую аграмадзіну. На камені быў выбіты вялікі шасціканцовы крыж і пад крыжам словы: «У лета 6714-е, у серпеня дзесяты дзень узведзены гэты крыж. Божа, памажы рабу свайму Вячку».

З сённяшняга дня, як вянок, кінуты ў раку часу, паплыве ўдалеч ягонае імя. З сённяшняга дня ён ужо не ўладны над сваім імем. Разбурыцца, знікне грэшная плоць, сатруцца сляды на зямлі, а гэты камень будзе ўзвышацца над ракой, над вольнай сіняй дарогай. І некалі, у недасяжна далёкі дзень, паплыве тут пад белым смелым ветразем малады вой або малады купец. Аб чым падумае ён, убачыўшы гэты камень, прачытаўшы надпіс? Хоць на імгненне б адхінуць чорную заслону гадоў, глянуць у той дзень.

Кіраваліся на ўсход правым берагам Дзвіны. Тут, паміж лясоў і балот, пралягала старадаўняя дарога, па якой полацкія князі са сваімі дружынамі хадзілі браць даніну з латгалаў і ліваў. Вячка вёў вояў з вялікай асцярогаю, бо кожны момант можна было чакаць нападу літоўцаў і іх саюзнікаў-селаў, якія ў гэтых мясцінах Перапраўляліся цераз Дзвіну, каб рабіць набегі на землі эстаў. Праз тры дні на супрацьлеглым беразе ракі ўбачылі высокі земляны вал Селпілса, галоўнага гарадзішча селаў. Там віднеліся слупы чорнага дыму, пэўна, селы палілі сігнальныя агні. Некалькі чоўнаў з узброенымі селамі пагналіся па рацэ за дружынай Вячкі, але неўзабаве адсталі.

За Селпілсам пачаліся ўладанні герцыкскага князя Усевалада. На герцыкскай зямлі было пяцьдзесят замкаў, мноства ўмацаваных узвышшаў, за сценамі і валамі якіх людзі хаваліся ў часы небяспекі. Найбольш магутнай, багатай і прыгожай між іх была сама Герцыке, шумны людны горад з дзвюма праваслаўнымі цэрквамі, з грозным княжацкім церамам, з шыкоўнымі сядзібамі баяр і купцоў. Герцыке нельга было абмінуць, дый Вячка даўно хацеў сустрэцца з мясцовым князем Усеваладам.

Начавалі пад адкрытым небам. Халадок і старэйшына латгалаў Ніцын выстаўлялі дазорцаў, загадвалі раскласці вогнішчы, рыхтаваць вячэру. Засыналі лясы. Згарнуўшыся ў клубок, засынала ў цемені лясоў звяр’ё. Неба глядзела безліччу залатых вачэй.