×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел другі II 4

Раздзел другі II 4

Дабранега, апусціўшы русую касу, усё яшчэ стаяла на каленях. Чалядніцы, перахапіўшы нецярплівы позірк свайго князя, таропка збіралі ў мех бурштын. Князь Рагвалод весела паляпаў Халадка па плячы:

— Я шчодра цябе ўзнагароджу. Князі свіслацкія ніколі не забываюць сяброў.

— Будзь, князь, здаровы, як лёд калядовы, — пакланіўся Халадок.

Радасць, вялікая лепасць прыйшла ў Княжае сяльцо. Радаваўся князь Рагвалод Свіслацкі з княгіняю Мар'яй, радаваліся баяры, дружыннікі, чэлядзь надворная, смерды з вакольных селішчаў. Усе казалі, хоць амаль ніхто не бачыў на ўласныя вочы князя Вячку, што дужа добрага, надзвычай знакамітага зяця знайшоў сабе Рагвалод Свіслацкі, што дасць Вячка за Дабранегу багатае вена41.

У княжацкім цераме да глыбокай ночы ігралі музыкі, служкі ледзь паспявалі ўскрываць запячатаныя сургучом амфары з віном, на вялізных ражнах смажыліся цяляты, бараны, дзікі, зайцы. Усё выпівалася, усё з'ядалася, і зноў застолле пачыналася. Даўно не было так шумна і весела ў Княжым сяльцы.

Шчасцем ззялі вочы ў Дабранегі. Са срэбным вяночкам на галаве, у сукенцы з празрыстай светлай кімкі42, яна падлівала і падлівала віно і мёд у кубкі Халадку і Грыкшу, пыталася:

— А ці прыгожы ваш князь?

— Наш князь — камяк чыстага золата, — ганарліва і весела адказваў Халадок. — Наш князь як алень хутканогі. Ляціць на гарачым кані, і пушча яму ў пояс кланяецца. Затрубіць у паляўнічы рог, і лісце з дрэў валіцца.

— А ці прыгожы Кукейнос?

— Святы Рубон у нас цячэ — Дзвіна. Лясы ў нас бязмежныя. Лугі аксамітныя. У нас вясною столькі птушак спявае, колькі кропель у самага густога дажджу.

— А неба ў вас якое? — дапытвалася Дабранега.

— Неба ў нас не вышэйшае, не прыгажэйшае, але не такое, як ва ўсіх, — мядовай рэчкаю разліваўся Халадок, — неба ў нас як блакітнае шкло з твайго бранзалета, князёўна. Неба ў нас…

— У нас дажджы часта ідуць, — ублытаўся раптам ў гаворку Грыкша. Халадок няўцямна зірнуў на яго, ды так і застаўся з раскрытым ротам. Збіліся думкі ў Халадка. Дабранега да слёз на вачах рассмяялася.

— Якія дажджы? — нарэшце ачомаўся Халадок. — Ты што вярзеш, Грыкша? Ну, няхай сабе ідуць. Божы дожджык зямлі патрэбен. Але навошта пра гэта князёўне казаць?

— Не баюся я дажджу, воі,— наліла мёду ў срэбныя кубкі Дабранега. — Сама ў дождж нарадзілася.

— Ці не зашмат ты, Грыкша, зубамі звоніш? — не сунімаўся пакрыўджаны Халадок, хоць Грыкша не вымавіў болей ні слова.

Надвячоркам прымчаў на ўзмыленым кані ў Княжае сяльцо старшы конюх Канопліч, грымнуўся на калені перад церамам, скінуў у снег шапку, закрычаў-загаласіў:

— Бяда, княжа! Бяда вялікая!

Сівая барада Канопліча была ў крыві і з левага боку нібы трохі выскубаная.

Рагвалод Свіслацкі борзда выкаціўся з-за хмельнага стала, выбег на двор у белай кужэльнай кашулі, грозна стаў з абвіслым жыватом над конюхам.

— Бяда! — зашываў вочы ў зямлю, баяўся глянуць на князя Канопліч. — Пустэльнік з нары вылез. Смердаў, чэрнь узбунтаваў. Усім тайны знак паказвае, вядзе натоўп вялікі сюды.

— Які тайны знак? — трасянуў старшага конюха за бараду князь.

— На левым плечуку ёсць у пустэльніка вялікая карычневая пляма, што зарасла сівым воласам. Ён кажа смердам, што гэта знак Перуна і што быў яму, пустэльніку, у самую поўнач голас патаемны. З неба прагрымеў голас, абвясціў, што праз сядміцу сканчэнне свету настане, пойдзе вада на цвердзь зямную, рыбы марскія, гадзюкі балотныя ў хаты да людзей заплывуць, выі людзям перагрызуць. Неба рухне, і будзе канец жывому.

Канопліч нарэшце адважыўся глянуць на князя, зачэрпнуў у жменю снегу, выцер ім кроў з барады.

— Гавары, сабака! — нецярпліва тыцнуў яго вастраносым саф'янавым ботам князь. — Кажуць, у пустэльніка гэтага з рота агонь вырываецца, — прыцішваючы голас, палахліва глянуў на Рагвалода Свіслацкага старшы конюх.

— Агонь? — здзівіўся князь. — Які агонь?

— Чырвоны. Пякучы. З іскрамі.

Пры гэтых словах Канопліча Рагвалод Свіслацкі пабляднеў, разгублена глянуў на сваіх баяр, на Халадка з Грыкшам, што стаялі побач. Хмель адразу пакінуў яго. А як добра б было сядзець зараз за шырокім вясёлым сталом, піць мёд са сватамі!

— Ты сам бачыў агонь? — нахіліўся ён да конюха, зноў намерваючыся трасянуць яго за бараду.

— На свае вочы. Іскры з рота роем ляцяць. Смерды аж шалеюць. Зараз усім скопам пайшлі на Стары курган. Пустэльнік усіх павёў.

— Што ім рабіць на Старым кургане? — недаўменна азірнуўся, як бы просячы дапамогі і падказкі, Рагвалод Свіслацкі. Але ўсе маўчалі, і князь, зноў ударыўшы конюха, закрычаў:

— Трубіце ў трубы! Склікайце дружыну!

А тым часам людскі чорны вір захліснуў Стары курган, што спрадвеку паныла стаяў за два попрышчы ад Княжага сяльца. Некалі тут было паганскае капішча, ды яшчэ дзед Рагволада Свіслацкага пасек, спаліў драўляных ідалаў-балванаў, а вешчуноў, якія служылі гэтым ідалам, зялёнай дзеразою іх апляталі, загадаў утапіць у балоце. Летам і вясною тут было зелена, вецер, налятаючы са Свіслачы, кучаравіў маладзенькія бярозкі. Увосень жа і асабліва зімою нейкая нуда, нейкая трывога навісала над Старым курганам, і ніхто з навакольных смердаў не адважваўся ўзысці на яго, бо раптоўна падкошваліся ногі, вочы пачыналі слязіцца, сэрца білася, як верабей у цянётах. Толькі ваўкі гулялі, вылі тут. І зараз, убачыўшы на сіняватым снезе ланцуг глыбокіх ваўчыных слядоў, смерды ў вялікім жаху спыніліся, пачалі хрысціцца, крок за крокам падавацца назад, нібы дзьмуў у твары моцны вецер, які нельга было трываць.

— Чую Перуна! — пранізліва ўсклікнуў пустэльнік і, выпусціўшы з рота клубок іскраў, адважна ўзышоў на самую вяршыню Старога кургана, сеў проста ў снег. Быў пустэльнік, як звычайна, босы, абкручаны звярынымі шкурамі. Грыва сіва-шэрых валасоў стаўбуном устала пад парывам ветру. Пустэльнік сарваў з рукі драцяны бранзалет, высока ўзняў яго над сабою, натхнёна бліскаючы ярка-сінімі вачамі, закрычаў знямеламу натоўпу:

— Кажа Пярун: вазьміце сваё! Кажа Пярун: нікчэмныя рабы, станьце ўладарамі! О, громабойца ўсясільны! Дыханне тваё праліваецца на ўсё жывое, як вільгаць нябесная на сухую траву.

Пустэльнік адным рыўком, як паранены тур, ускочыў са снегу, уладна загадаў усім:

— Збірайце сухое ламачча, вецце, карчы! Людзі, старыя і дзеці, рынуліся ва ўсе бакі, пачалі ламаць хмыз, выдзіраць з зямлі струхлелыя пні, і праз кароткі час на самай вяршыні Старога кургана грувасцілася цэлая гара дроў.

Пустэльнік чэкнуў крэсівам аб крэмень, але іскра не выбівалася. Тады ён шырока, аж пасінелі, надзьмуў шчокі, рэзка выдыхнуў, і лук агністых іскраў вылецеў у яго з рота. І адразу ж запалаў касцёр. Людзі пападалі на калені. Жанчына ў чорным кажусе забілася-заторгалася ў істэрыцы.

— Пярун! — завыў натоўп.

_

41 Вена — выкуп за нявесту.

42 Кімка — тканіна з Візантыі.

_____

41 Вена — выкуп за нявесту.

42 Кімка — тканіна з Візантыі.