×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел другі I 2

Раздзел другі I 2

Мірошка, халадзеючы сэрцам, ступіў у паўзмрок хаты. Падлога ў хаце была вымашчана з шырокіх асінавых дошак. Пахла вымытымі дубовымі лаўкамі, якія стаялі ўздоўж сцен, ільнянымі ручнікамі. Пад закуранай столлю вісела калыска, у якой спаў маленькі брацік Мірошкі Дамажыр. Печ займала амаль чвэрць хаты. Насупраць печы ў сцяне было прасечана валакавое акно для дыму, якое засоўвалася шырокай дошкай. Для сонца і святла было ў хаце чырвонае акно, большае і весялейшае за валакавое. Свяцец з абсмаленай лучынаю тырчаў з бэлькі. Ад печы да глухой сцяны былі наштукаваны палаткі, на якіх так добра спіцца, калі галосіць спанадворку восеньская халадэча, На сценах і на столі маці панавешвала вяночкі з васількоў і рамонкаў, букецікі з сушаных траў, якія пахлі соладка і дурманна.

Мірошка, ступаючы на пальчыках, каб не разбудзіць брата, прайшоўся ў чырвоны кут, стаў перад бажніцаю на калені. Маці запаліла жоўтую тоненькую свечку. Асвяціўся божы твар на іконе. У бога былі строгія вялікія вочы, якія пранізвалі душу навылёт, нібы стрэлы вояў князя Рагвалода Свіслацкага. Мірошка асцярожна стукнуўся лбом аб падлогу.

«Божа, выратуй душу прадзеда. Навошта ты яе зрабіў матыльком? Матылёк жа такі слабы, безабаронны. Яго можа кінуць у раку вецер, скляваць птушка. А град? А снег? Куды хаваюцца ўзімку матылькі? Божа, зрабі дзедаву душу лясным голубам або мядзведзем. Лепей мядзведзем, бо людзі паважаюць і баяцца яго».

Мірошка гутарыў з богам, і нечаканыя, незразумелыя сабе самому думкі захліствалі галаву. Ён баяўся гэтых думак, але яны накочваліся, як хваля на бераг, і не было ад іх паратунку.

Які бог галоўны? Гэты — у хаце, на абразах, ці той, які хаваецца ў лесе і які вычасаны з высокага дубовага кругляка? Маці моліцца гэтаму богу, баіцца яго, але часам ходзіць і да таго бога, ляснога. Ходзіць крадком і падарункі яму носіць. Як ён, Мірошка, ні прасіўся, маці ні разу не ўзяла яго з сабой у адведкі да ляснога бога. Усё-такі, пэўна, гэты, хатні бог галоўны, бо лясны стаіць пад дажджом і снегам, з непакрытай галавою, стаіць уначы, і ніхто не паліць перад ім свечак. На ляснога бога, пэўна ж, запаўзаюць мурашкі, садзяцца стракозы… А хатняму богу заўсёды цёпла і ўтульна.

Раптам за спінаю ў Мірошкі нешта грукнула. Ён спужана азірнуўся — падалося, што вылазіць з-пад печы дамавік Чур, дух мёртвых продкаў. Мірошка ніколі не бачыў яго, але кажуць, што ў Чура на галаве рожкі, на руках і нагах не пальцы, а капыткі.

Ды замест Чура перад Мірошкам стаяў стрый19 Якаў, трымаючы ў руках лук. На поясе ў Якава вісеў скураны тул20 са стрэламі. Якаў быў старэй на шэсць сонцаваротаў за Мірошку, але яны сябравалі, не было ў іх між сабою тайнаў. Мірошка вельмі ўзрадаваўся Якаву, бо страшна было аднаму ў змрочнай ціхай хаце.

— Нехта парушыў нашы борці,— сказаў, усміхаючыся, Якаў.— Ці ліхі чалавек, ці мядзведзь. Ты хочаш, Мірошка, есці мёд? Гайда са мною — праверым, хто любіць наш мёд.

— Пайшлі, Якаў,— не хаваючы радасці, усклікнуў Мірошка. Багі — і хатні, і лясны — ужо трохі надакучылі яму, ён баяўся іх і рашыў хутчэй пайсці ў лес, каб, абміраючы душой, не думаць пра багоў, не чакаць іхняга гневу.

Ён любіў Якава і зайздросціў яму. Ён хацеў хутчэй вырасці такім спрытным, дужым, адважным і вясёлым, як Якаў.

Выйшлі на двор. Ярка-белыя дробныя трэскі валяліся на зямлі. Мірошкаў бацька вычэсваў плечавіны для ёза. Бледна-залаты шар сонца дасягнуў у небе вышэйшай кропкі і пачаў скочвацца ўніз. Гулі чмялі і пчолы.

Якаў ішоў наперадзе, высокі, гнуткі, хуткі. Мірошка ледзь паспяваў за ім. Загаласілі, запішчалі вечаровыя камары.

Якаў, хоць быў дзядзькам Мірошкі, братам ягонага бацькі, жыў у іхняй хаце, у іхняй сям'і. Бацькі ягоныя загінулі ў часе вялікага пажару, сваю сям'ю ён яшчэ не займеў, і даводзілася перабівацца па чужых кутках. Мірошкаў бацька апошнім часам усё часцей хмурыўся, усё глыбей уздыхаў, але пакуль што маўчаў.

Яны ішлі па вечаровым лесе, і Якаў казаў Мірошку:

— Хочаш, вунь у тое дрэўца патраплю стралой? Хочаш, з елкі шышку саб'ю? І страляў, і трапляў у дрэўца, і збіваў шышку, і смяяўся. Мірошка захапляўся яго спрытам і зайздросціў яму.

Нарэшце падышлі да бортных дрэў. Жыхары Гарэлай Весі ставілі на бортных дрэвах, кожны на сваіх, «знамёны» — знакі, якія гаварылі ўсім навакольным людзям, каму належыць тое ці іншае пчалінае гняздо. Мірошкаў бацька звычайна высякаў на дрэвах дзве стралы, што перакрыжоўваліся адна з адною.

Няпростая справа прывабіць пчол, вольных мітуслівых працаўніц, у свой вулей. Трэба папрацаваць, трэба апырскаць сваю борць настоямі з пахучых траў і кветак, мёдам, воцатам. Асцярожныя пчолы высылаюць ва ўсе бакі разведчыкаў, якім трэба адшукаць для пчалінай сям'і жытло. Паселяцца пчолы ў борці, пачнуць насіць мёд, мацнець, набіраць сілу, ды раптам прыходзіць вялікі ласун, мядзведзь са сваёй заграбастай лапай. Супроць мядзведзя робяць падкуры — укопваюць каля дрэва вострыя тоўстыя колікі, навешваюць каля вулляў гладкія цяжкія бярвенні. Кране мядзведзь бервяно лапай, хоча адкінуць яго ўбок, а яно вяртаецца і балюча б'е мядзведзя па галаве. Аж раве мядзведзь, шалее, б'е бервяно лапамі, ды бервяно, як жывое, адказвае ўдарам на ўдар. Мірошка з Якавам якраз і ўбачылі такога мядзведзя. Грозна равучы, ён лез на падкур па мёд. З дрэва злупілі перад гэтым кару, яно было голае, лапы ў мядзведзя слізгалі, ды мядзведзь (хто толькі яго навучыў?) цёрся лапамі аб лясную зямлю, набіраў на кіпці ігліцы і пяску і зноў спрабаваў забрацца на дрэва.

Якаў нацягнуў цеціву лука, і страла са свістам упілася мядзведзю ў сцягно. Ён ярасна зароў, зваліўся з падкура, узняўся ва ўвесь рост, пагрозліва памахаў усяму наваколлю лапамі, але ўсё-ткі забыўся пра мёд, борздзенька пабег у свой бярлог.

— Будзеш ведаць, як хадзіць у чужы мёд, — смеючыся, сказаў Якаў.— Мядзведзь разумней за некаторых людзей. Лезе, лезе на дрэва — бух! — зваліўся. Ні стогну, ні енку — сам вінаваты. Але ідзе па лесе, шышка з елкі ўпадзе, стукне па лбе — як падскоча мядзведзь, як зараве, як зазлуе! Смяхоцце, дый толькі.

Падышлі да ляснога ручая. Мірошка прыклаўся губамі да струменьчыка, папіў вады. Ружовыя промні вечаровага сонца мякка асвятлялі палянку, на якой прыпыніліся Якаў з Мірошкам.

Па беразе булькатлівага ручая, прадзіраючыся праз хмызняк, дабраліся да Свіслачы. Мноства баброў працавала тут. Бабры рэзалі дрэўцы, сплаўлялі іх уніз па цячэнню.

— Глядзі,— раптам зашаптаў Якаў і рукою, у якой трымаў лук, паказаў на раку. Нізка седзячы ў вадзе, з супрацьлеглага берага плыў човен. Малады светлавалосы хлопец, стаўшы на левае калена, часта і моцна гроб шырокім вяслом. За спінаю ў хлопца сядзелі двое мужчын у высокіх магерках21 з белай воўны, насцярожана ўзіраліся ў надрэчны хмызняк, дзе затаіліся Якаў і Мірошка.

Човен вузкім носам урэзаўся ў шархатлівую асаку. Незнаёмцы выскачылі на бераг, похапкам азірнуліся, выцягнулі з чоўна чалавечы труп і, ломячы зялёны чарот, па калена правальваючыся ў твань, хуценька панеслі яго ў глыб лесу. Хлопец-вясляр застаўся ля чоўна.

_

19 Стрый — дзядзька па бацьку.

20 Тул — калчан.

21 Магерка — мужчынская шапка.

Раздзел другі I 2 Chapter Two I 2 Глава вторая I 2

Мірошка, халадзеючы сэрцам, ступіў у паўзмрок хаты. Падлога ў хаце была вымашчана з шырокіх асінавых дошак. Пахла вымытымі дубовымі лаўкамі, якія стаялі ўздоўж сцен, ільнянымі ручнікамі. Пад закуранай столлю вісела калыска, у якой спаў маленькі брацік Мірошкі Дамажыр. Печ займала амаль чвэрць хаты. Насупраць печы ў сцяне было прасечана валакавое акно для дыму, якое засоўвалася шырокай дошкай. Для сонца і святла было ў хаце чырвонае акно, большае і весялейшае за валакавое. Свяцец з абсмаленай лучынаю тырчаў з бэлькі. Ад печы да глухой сцяны былі наштукаваны палаткі, на якіх так добра спіцца, калі галосіць спанадворку восеньская халадэча, На сценах і на столі маці панавешвала вяночкі з васількоў і рамонкаў, букецікі з сушаных траў, якія пахлі соладка і дурманна.

Мірошка, ступаючы на пальчыках, каб не разбудзіць брата, прайшоўся ў чырвоны кут, стаў перад бажніцаю на калені. Маці запаліла жоўтую тоненькую свечку. Асвяціўся божы твар на іконе. У бога былі строгія вялікія вочы, якія пранізвалі душу навылёт, нібы стрэлы вояў князя Рагвалода Свіслацкага. Мірошка асцярожна стукнуўся лбом аб падлогу.

«Божа, выратуй душу прадзеда. Навошта ты яе зрабіў матыльком? Матылёк жа такі слабы, безабаронны. Яго можа кінуць у раку вецер, скляваць птушка. А град? А снег? Куды хаваюцца ўзімку матылькі? Божа, зрабі дзедаву душу лясным голубам або мядзведзем. Лепей мядзведзем, бо людзі паважаюць і баяцца яго».

Мірошка гутарыў з богам, і нечаканыя, незразумелыя сабе самому думкі захліствалі галаву. Ён баяўся гэтых думак, але яны накочваліся, як хваля на бераг, і не было ад іх паратунку.

Які бог галоўны? Гэты — у хаце, на абразах, ці той, які хаваецца ў лесе і які вычасаны з высокага дубовага кругляка? Маці моліцца гэтаму богу, баіцца яго, але часам ходзіць і да таго бога, ляснога. Ходзіць крадком і падарункі яму носіць. Як ён, Мірошка, ні прасіўся, маці ні разу не ўзяла яго з сабой у адведкі да ляснога бога. Усё-такі, пэўна, гэты, хатні бог галоўны, бо лясны стаіць пад дажджом і снегам, з непакрытай галавою, стаіць уначы, і ніхто не паліць перад ім свечак. На ляснога бога, пэўна ж, запаўзаюць мурашкі, садзяцца стракозы… А хатняму богу заўсёды цёпла і ўтульна.

Раптам за спінаю ў Мірошкі нешта грукнула. Ён спужана азірнуўся — падалося, што вылазіць з-пад печы дамавік Чур, дух мёртвых продкаў. Мірошка ніколі не бачыў яго, але кажуць, што ў Чура на галаве рожкі, на руках і нагах не пальцы, а капыткі.

Ды замест Чура перад Мірошкам стаяў стрый19 Якаў, трымаючы ў руках лук. На поясе ў Якава вісеў скураны тул20 са стрэламі. Якаў быў старэй на шэсць сонцаваротаў за Мірошку, але яны сябравалі, не было ў іх між сабою тайнаў. Мірошка вельмі ўзрадаваўся Якаву, бо страшна было аднаму ў змрочнай ціхай хаце.

— Нехта парушыў нашы борці,— сказаў, усміхаючыся, Якаў.— Ці ліхі чалавек, ці мядзведзь. Ты хочаш, Мірошка, есці мёд? Гайда са мною — праверым, хто любіць наш мёд.

— Пайшлі, Якаў,— не хаваючы радасці, усклікнуў Мірошка. Багі — і хатні, і лясны — ужо трохі надакучылі яму, ён баяўся іх і рашыў хутчэй пайсці ў лес, каб, абміраючы душой, не думаць пра багоў, не чакаць іхняга гневу.

Ён любіў Якава і зайздросціў яму. Ён хацеў хутчэй вырасці такім спрытным, дужым, адважным і вясёлым, як Якаў.

Выйшлі на двор. Ярка-белыя дробныя трэскі валяліся на зямлі. Мірошкаў бацька вычэсваў плечавіны для ёза. Бледна-залаты шар сонца дасягнуў у небе вышэйшай кропкі і пачаў скочвацца ўніз. Гулі чмялі і пчолы.

Якаў ішоў наперадзе, высокі, гнуткі, хуткі. Мірошка ледзь паспяваў за ім. Загаласілі, запішчалі вечаровыя камары.

Якаў, хоць быў дзядзькам Мірошкі, братам ягонага бацькі, жыў у іхняй хаце, у іхняй сям’і. Бацькі ягоныя загінулі ў часе вялікага пажару, сваю сям’ю ён яшчэ не займеў, і даводзілася перабівацца па чужых кутках. Мірошкаў бацька апошнім часам усё часцей хмурыўся, усё глыбей уздыхаў, але пакуль што маўчаў.

Яны ішлі па вечаровым лесе, і Якаў казаў Мірошку:

— Хочаш, вунь у тое дрэўца патраплю стралой? Хочаш, з елкі шышку саб’ю? І страляў, і трапляў у дрэўца, і збіваў шышку, і смяяўся. Мірошка захапляўся яго спрытам і зайздросціў яму.

Нарэшце падышлі да бортных дрэў. Жыхары Гарэлай Весі ставілі на бортных дрэвах, кожны на сваіх, «знамёны» — знакі, якія гаварылі ўсім навакольным людзям, каму належыць тое ці іншае пчалінае гняздо. Мірошкаў бацька звычайна высякаў на дрэвах дзве стралы, што перакрыжоўваліся адна з адною.

Няпростая справа прывабіць пчол, вольных мітуслівых працаўніц, у свой вулей. Трэба папрацаваць, трэба апырскаць сваю борць настоямі з пахучых траў і кветак, мёдам, воцатам. Асцярожныя пчолы высылаюць ва ўсе бакі разведчыкаў, якім трэба адшукаць для пчалінай сям’і жытло. Паселяцца пчолы ў борці, пачнуць насіць мёд, мацнець, набіраць сілу, ды раптам прыходзіць вялікі ласун, мядзведзь са сваёй заграбастай лапай. Супроць мядзведзя робяць падкуры — укопваюць каля дрэва вострыя тоўстыя колікі, навешваюць каля вулляў гладкія цяжкія бярвенні. Кране мядзведзь бервяно лапай, хоча адкінуць яго ўбок, а яно вяртаецца і балюча б’е мядзведзя па галаве. Аж раве мядзведзь, шалее, б’е бервяно лапамі, ды бервяно, як жывое, адказвае ўдарам на ўдар. Мірошка з Якавам якраз і ўбачылі такога мядзведзя. Грозна равучы, ён лез на падкур па мёд. З дрэва злупілі перад гэтым кару, яно было голае, лапы ў мядзведзя слізгалі, ды мядзведзь (хто толькі яго навучыў?) цёрся лапамі аб лясную зямлю, набіраў на кіпці ігліцы і пяску і зноў спрабаваў забрацца на дрэва.

_____

19 Стрый — дзядзька па бацьку.

20 Тул — калчан.

21 Магерка — мужчынская шапка.