×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел чацвёрты III 4

Раздзел чацвёрты III 4

Ён думаў тады, што рыцары — вянец прыроды. Яны здаваліся яму соллю ўсяго жывога. Бог захацеў стварыць сапраўднага мужчыну, уладара свету, і стварыў рыцара. Нездарма юнакі, нават сыны сялян і рамеснікаў, так імкнуцца стаць рыцарамі. Але таго, хто, як дажджавы чарвяк, усё сваё жыццё калупаецца ў зямлі, жыве з яе, нельга пасвяціць у рыцары, так як нельга ў светлую нядзелю асвяціць замест барана казляціну, бо адразу ж ператворыцца ў яго шчыт у адвал плуга, меч — у лямеш, рыцарскі шаўковы кашалёк — у сявалку-лубянку, а галун на поясе — у льняны мяшок, з якога кормяць коней.

Меч на перавязі можа насіць толькі рыцар. Купцы ж і гараджане павінны прывешваць яго да сядла.

Галоўнае, што вяло Вікберта па жыццёвай дарозе, — гэта пошукі прыгод. Калі б ён не быў рыцарам, ён абавязкова стаў бы вагантам92, якія ходзяць з горада ў горад, спяваюць на плошчах, у палатах баронаў і графаў, у вясковых карчомках. Колькі хмельнай радасці ў іхніх песнях, як славяць яны жанчыну, яе красу!

У рэшце рэшт лёс прывёў Вікберта ў Лівонію, у войска мечаносцаў, браццяў святой дзевы Марыі. Хапала работы ягонаму мячу, хапала і прыгод, але адразу ж не заладзіліся ў Вікберта адносіны з гросмайстарам Венна. Бываюць людзі, з якімі цяжка, немагчыма дыхаць адным паветрам. Бог для кожнага чалавека стварае не толькі сяброў, але і ворагаў. Такімі ворагамі зрабіліся Вікберт і Венна.

Усё пачалося з паходу на эстаў. Паход быў удалы, спалілі пяць селішчаў, «осекаў», як называюць іх самі эсты, узялі шмат палонных і жывёлы. Палонных звычайна прадавалі ў Рыгу, бо нельга божаму Ордэну мець рабоў, тым больш маладых рабынь. Але Венна пакінуў сабе трох самых прыгожых эстак, і Вікберт выпадкова ўбачыў, як перад сном адна нявольніца часала гросмайстару галаву, другая пяткі, трэцяя, стоячы перад сваім уладаром на каленях, карміла яго са срэбнай лыжачкі чмяліным мёдам.

Злосць затуманіла Вікберту галаву. Чым горшы ён, Вікберт, за гросмайстара? Гэтаму яловаму чурбану ўсё дазволена, а яны, брацці-рыцары, што праліваюць кроў за веру, павінны пасціць? Ён пачаў падбухторваць мечаносцаў супраць гросмайстара, але не разлічыў свае сілы. Венна данеслі верныя людзі, і гросмайстар, абвінаваціўшы Вікберта ў палахлівасці, адабраў у яго белы рыцарскі плашч, пасадзіў у ордэнскую турму. У турме, праўда, пратрымалі Вікберта нядоўга, ды з таго часу між ім і гросмайстарам пачалася сапраўдная вайна.

Ва ўсе паходы пачаў гнаць гросмайстар Вікберта з тайнай думкаю, што напорацца той на меч або кап'ё язычнікаў. Смерць абыходзіла пакуль што Вікберта, і тады Венна вырашыў выгнаць яго з Ордэна, пазбавіўшы рыцарскага звання. За вялікія грошы знайшліся людзі, якія паказалі, што Вікберт ніякі не рыцар, што ягоны бацька гандляваў у Саксоніі зернем. Абразлівая, страшная кара чакала Вікберта. Як толькі вернуцца мечаносцы ў Вендэн, пасадзяць яго на кучу смецця, і кат саб'е з яго залатыя шпоры — знак прыналежнасці да рыцарства. А хіба можна жыць на свеце і не быць рыцарам?

Вікберт сядзеў у глухім начным змроку на халодным валуне і сам быў падобны на валун. О, як хочацца помсціць! Уся надзея на Рыгу, на епіскапа Альберта. Ён, як і Вікберт, люты вораг Венна, і ён павінен памагчы. Імерскі свяшчэннік Генрых таксама можа спатрэбіцца, бо ён, як даведаўся Вікберт, любімы вучань епіскапа. Трэба чакаць. Трэба цярпліва набліжаць дзень помсты.

Вікберт узняўся з валуна, глуха засмяяўся. Смех ягоны быў падобны на крык начной савы. «Я заб'ю Венна, — падумаў ён, — і сам зраблюся вялікім магістрам. Я павяду браццяў-рыцараў да вялікіх перамог, якіх яшчэ не ведаў Ордэн».

З шаўковага мяшэчка Вікберт асцярожна дастаў яшчэ адну гарошынку, праглынуў яе, пачаў чакаць. Праз нейкі час у сэрца павінны былі вярнуцца радасць і бадзёрасць. Яны заўсёды прыходзяць раптоўна, быццам запальваецца ў душы непагасная божая свечка. Вось зараз… Вось зараз…

— Слухайце, нябёсы! — закрычаў ён, ускокваючы на валун, працягваючы ў змрок рукі.— Я — гросмайстар Вікберт!

У гэтыя самыя імгненні Генрых, лежачы ў сваёй палатцы, думаў пра Вікберта. Бог ці д'ябал кіруе ім? У гэтым рыцару адчуваецца сіла, дзікая, неадшліфаваная, разбуральная. Добра, што Вікберт вораг Венна, дужа добра…

Праз тры дні паходу ўбачылі вежы Вендэна. Мечаносцы вельмі ўзрадаваліся, узвілі на дыбкі сваіх коней, натхнёна заспявалі святыя псалмы.

Генрых толькі трошкі перадыхнуў з дарогі і адразу ж накіраваўся ў Рыгу. Як ён паспеў даведацца, вялікага магістра Венна не было ў Вендэне — прастудзіўся ў мінулым паходзе і ляжаў, лячыўся ў сваім рыжскім доме.

Надвячоркам разам са сваімі спадарожнікамі пад'ехаў Генрых да Рыгі. Перад самымі гарадскімі варотамі, узняўшы воблака шэрага пылу, яго абагнаў у суправаджэнні двух зброяносцаў Вікберт. Вочы ў рыцара былі сурова прыжмураныя, быццам апякаў, сляпіў іх бязлітасны агонь.

Альберт сустрэў Генрыха, як роднага сына. Абняў, пацалаваў.

— Не з добрай навіной вярнуўся я да цябе, мансіньёр, — пакорліва і журботна схіліў галаву Генрых. — На месцы маёй царквы бялеецца горкі попел. Язычнікі ў сляпым шаленстве спалілі яе.

— Мацуйся, сын мой, — роўным голасам адказаў епіскап. — Мы выб'ем атрутны зуб у д'ябла, выламім яго з вялікай крывёю. Пакуль — адпачывай. І не забывайся пра хроніку Лівоніі.

Зноў Генрых быў у Рызе, жыў у доме епіскапа, амаль цэлыя ночы аддаваў запаветнаму пергамену. Гэта было найвялікшаю асалодаю — сядзець у густой начной цішыні, пісаць і пісаць, забыўшыся пра стому, адчуваючы сваю лучнасць з богам і вечнасцю.

Пасля начной працы храніст спаў амаль да абеду, потым уставаў, маліўся богу і ішоў да кукейноскай князёўны Соф'і, якая разам з манахіняй Эльзай жыла ў невялікім пакойчыку на другім паверсе дома. Тут чакала яго мяккая дзіцячая душа, якую ён з вялікім цярпеннем і стараннем засяваў зярнятамі ісціннай веры. Душа кукейноскай князёўны была тым полем, на якім ён, не шкадуючы сябе, ваяваў з яе бацькам, упартым ворагам рыжскай царквы Вячкам, і спадзяваўся перамагчы ў гэтым паядынку.

Аднойчы, калі Генрых быў у чытальні Альберта і размаўляў з епіскапам, увайшоў нямы Імануіл і знакамі перадаў Альберту нейкую навіну. Яна, было бачна па ўсім, страшэнна ўразіла епіскапа. Не дачакаўшыся, пакуль з чытальні выйдзе слуга, Альберт усхвалявана сказаў Генрыху:

— Вікберт стрымаў слова — толькі што забіў вялікага магістра Венна і свяшчэнніка Іаана. Сякерай адсек ім галовы.

Альберт апусціўся на калені перад распяццем, пачаў маліцца.

— Мансіньёр, дзе зараз рыцар Вікберт? — адчуўшы, як трывожна затрапятала сэрца, спытаўся Генрых. Яму ўспомнілася начная палатка, бледны, перакошаны нянавісцю твар вендэнскага рыцара, калі той успамінаў імя гросмайстара Венна.

— Ён схаваўся ў рыцарскай капэле і праз сваіх людзей просіць у нас дапамогі. Але неўзабаве мечаносцы ўварвуцца ў капэлу, схопяць яго, будуць судзіць і чвартуюць, — адказаў Альберт.

Генрых запытальна паглядзеў на епіскапа.

— Так трэба, сын мой, — вытрымаў ягоны позірк епіскап. — Давай памолімся за душу раба божага Вікберта.

_

92 Ваганты — вандроўныя спевакі ў тагачаснай Заходняй Еўропе.

Раздзел чацвёрты III 4 Chapter Four III 4

_____