×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.


image

У краіне райскай птушкі, X

X

Вяртанне. — У агні.— Сярод звяроў.— Правадыр аб'яднаных родаў Какаду і Мукку. — Смерць Скота. — Дасказ.

У гарачы поўдзень, калі ўсё жывое старалася схавацца ў цень, калі нават птушкі сядзелі моўчкі, праз густую траву прабіраўся гурток людзей з шасці чалавек.

Худыя, абшарпаныя, дарэшты змораныя, яны ледзь праціскаліся праз моцную густую траву, якая дасягала вышыні больш за рост чалавека. Гушчар быў такі, што часам прыходзілася валіцца на траву спіною і прыціскаць яе да зямлі, каб пасунуцца на некалькі крокаў уперад.

Гэта была грозная экспедыцыя Скота. Апрача Чунг-лі і Файлу, яна не далічвала яшчэ Кандаракі і аднаго сіпая, якія загінулі тады ў бурнай вадзе.

Да паўдня яны нічога не елі. На шэсць чалавек яны мелі толькі дзве стрэльбы.

Па іх меркаваннях, яны павінны былі праз некалькі гадзін падысці да ракі, дзе чакаў іх катэр, адпачынак, спакой і ўсе выгоды.

Кожны з іх толькі аб гэтым і думаў, і за ўвесь час яны не перакінуліся аніводным словам.

Ім трэба было прайсці невялікі кавалак стэпу да таго пералеска, які віднеўся наперадзе, а там ужо быў канец падарожжа.

Вось ззаду зашамацела трава. Не паспелі яны азірнуцца, як міма іх пранёсся дзік. Ханубі хацеў быў стрэльнуць, але не паспеў.

— Шкада! — сказаў ён, апусціўшы стрэльбу.

— Дарма, — сказаў Скот. — Што нам з ім было б рабіць? Усё роўна праз гадзіны дзве будзем дома.

— Мы павінны яшчэ радавацца, што ён не зачапіў нас, — сказаў боцман. — Неспадзявана ён мог бы нарабіць бяды.

Праз некалькі хвілін таксама міма іх праскакаў кенгуру, а за ім зноў дзік.

— Чаго гэта яны сёння разлёталіся? — здзівіўся боцман і зараз жа заўважыў з правага боку, крыху ззаду, дым. Дым уздымаўся сцяной і, здавалася, набліжаўся да іх. Не паспелі яны агледзецца, як Ханубі закрычаў:

— Глядзіце, і з другога боку!

З другога боку таксама падымалася сцяна дыму. У гэты момант зноў пранёсся дзік.

— Трэба спяшацца! — крыкнуў Ханубі.— Гэта, мусіць, папуасы паляць стэп для палявання…

Так яно і было. Гэта звычайны спосаб палявання як у папуасаў, так і ў іншых падобных народаў.

Але спяшацца ў такім гушчары было вельмі цяжка. Добра яшчэ, што дзікі зрабілі маленькую сцежку.

Тым часам дзве сцяны злучыліся за імі, і агонь пайшоў наперад, ахапляючы людзей падковай.

Становішча рабілася надта сур'ёзным. Можна было заўважыць, што агонь ішоў хутчэй за іх і паступова набліжаўся. А ўцякаць у такім гушчары зусім было немагчыма. Падарожнікі напружвалі апошнія сілы, але агонь усё набліжаўся. Вось ужо і пах дыму пачаў адчувацца.

Разам з тым павялічыўся лік жывёлы, якая ратавалася ад агню і бегла ў тым самым кірунку, куды і людзі. Шмат дзікоў, кенгуру, розных дробных звяркоў, пацукоў, нават змеяў неслася наперад, не звяртаючы ўвагі на людзей.

І людзі таксама не звярталі на іх увагі.

Перад агульнай бядой усе зрабіліся таварышамі — і дзік і містэр Скот.

Да пералеска зусім блізка, але ж затое і агонь блізка. Чутна, як ён трашчыць ззаду, адчуваецца ўжо гарачыня, асабліва ж даймае дым.

Але звяры дапамагалі людзям: яны так папрыціскалі траву, што людзі за імі маглі бегчы бягом.

Вось ужо дрэвы. Трава парадзела. Толькі дым перашкаджае глядзець.

І вось з разбегу яны наляцелі на папуаса!

Той стаяў сабе на пні і пільнаваў здабычу. Ён ужо пусціў некалькі стрэл у дзікоў і кенгуру.

Неспадзявана ўбачыўшы перад самым носам такіх незвычайных «звяроў», ён перапалохаўся і пабег так шпарка, што толькі пяты мільгалі.

Падарожнікі прабеглі ўвесь пералесак і больш нікога не бачылі, бо папуасы стаялі далёка адзін ад аднаго.

Выбеглі ў поле і на кіламетр ад сябе ўбачылі сваю «крэпасць». Усё было па-ранейшаму, на ўзгорку стаяла тая самая будка.

Канец цяжкаму падарожжу! Яны ўжо дома!

Яны забыліся і на голад і на зморанасць. Адразу зрабілася лёгка не толькі на сэрцы, але і ў нагах. Яны ішлі так хутка і лёгка, нібы цэлы тыдзень адпачывалі. Ці бачыць іх Брук? Час ужо, бо яны падышлі зусім блізка.

Але ніхто не ішоў насустрач. Можа, спяць?

Яны пачалі крычаць. Нешта заварушылася ў будцы. Значыцца, усё ў парадку.

Пералезлі цераз дротавую агарожу і тады ўбачылі, што ля кулямёта стаіць чалавек. Але… не Брук, а папуас! Чорны, з пер'ямі какаду на галаве, з веправымі клыкамі на шыі, толькі чамусьці ў штанах. Падарожнікі на хвіліну спыніліся як укапаныя, не ведаючы, што думаць і рабіць, але зараз жа нацэліліся з стрэльбаў.

— Не варта, — спакойна сказаў папуас на чыстай англійскай мове, схіліўшыся да кулямёта, які быў накіраваны прама на іх. — Калі я крыху дакрануся да кулямёта, вы ўсе загінеце.

Стрэльбы мімаволі апусціліся.

— Што гэта азначае? — здзіўлена запытаўся Скот. — Хто ты?

— Я — правадыр аб'яднаных родаў Какаду і Мукку, былы місіянер Саку, — з гонарам адказаў папуас. Каб сярод яснага неба ўдарыў зараз гром, ён так бы не аглушыў, як гэтыя словы! Дык вось яно што? Гэты «слуга божы», відаць, надумаў нешта нядобрае. Нездарма ён зноў зрабіўся дзікуном. Праўду кажуць людзі: як ваўка не кармі, ён усё ў лес глядзіць.

— Дык што ж, нарэшце, азначае ўся гэтая камедыя? — строга сказаў Скот, а сам адчуў, як сэрца сціснулася ад жаху.

Тым часам іх акружыла чалавек сто ўзброеных папуасаў; некаторыя з іх былі нават са стрэльбамі.

— Справа вельмі простая, — сказаў Саку. — Катэр ваш разбіўся на рацэ. Уся ваша маёмасць, як бачыце, у нашых руках, у тым ліку і вашы людзі. А цяпер і вы самі,— і ён паказаў рукой на сваё войска.

— Чаго ж вы хочаце ад нас? — запытаўся Скот крыху дрыжачым голасам.

— Нямнога: толькі пакараць містэра Скота за яго зверствы над маімі братамі, над маёй маткай і нявіннымі дзецьмі,— адказаў Саку.

Скот апусціў галаву і задумаўся. Ханубі і боцман паднялі стрэльбы, але зараз жа Саку дакрануўся да кулямёта; апрача таго, і ўсе папуасы паднялі зброю.

Скот і яго таварышы стаялі ў сярэдзіне агарожы, а за імі, па другі бок дроту, у некалькіх кроках стаялі папуасы з нарыхтаванымі пікамі, лукамі і стрэльбамі. Кожнаму зрабілася ясна, што аб супраціўленні не было чаго і думаць.

— Не турбуйцеся, — сказаў Саку, — вы не паспееце цяпер ніводнага з нас забіць. А Старку, Ханубі і яго таварышам зусім не варта супраціўляцца: мы іх усіх без перашкоды адпусцім дадому. Нам патрэбен толькі галоўны злачынца.

Ад такой абразы Скот нават забыўся, у якім ён становішчы знаходзіцца. Вочы яго заблішчалі, ён выпрастаўся. Як? Гэты дзікун асмельваецца яго, англічаніна, назваць злачынцам? Але зараз жа ён апамятаўся. Што ён мог цяпер зрабіць?

— Для вас, як хрысціяніна, — сказаў ён нібы спакойным голасам, — такое самачынства — вялікі грэх. Хіба вы забыліся, што кажа Хрыстос? Хіба вы не ведаеце, што чалавек не мае права самавольна судзіць другіх?

Саку ўсміхнуўся і выразна сказаў:

— Вы, містэр Скот, асабліва павінны ведаць, што на зямлі, апрача божых законаў, існуюць суды, якія павінны караць злачынствы. За адсутнасцю тут гэтых судоў я павінен выканаць гэты непрыемны абавязак, каб ніхто не падумаў больш здзекавацца нават з чорных.

Скот пазнаў свае словы, якія ён тады казаў гэтаму самаму Саку, і яшчэ ніжэй апусціў галаву.

— Дык вось, — казаў далей Саку, — мая канчатковая прапанова: містэр Скот хай пакладзе зброю і застанецца, а рэшта хай ідуць сабе дадому. Зараз жа далучым да іх і іхніх таварышаў. Заўважце, што вырашыць так мне было вельмі цяжка. Вы ж ведаеце, што гэтыя «дзікуны» не вельмі ахвотна выпускаюць з рук сваіх ворагаў. Толькі сваім вялікім аўтарытэтам я мог прымусіць іх згадзіцца. Дзеля гэтага аўтарытэту я і пер'е і зубы паначапляў на сябе. Я, вядома, мог бы і ўсіх вас загубіць: вы ж нашых больш пабілі. Але лічу гэта бескарысным. Я хачу давесці вам, што без бога і без Хрыста можна лепш і разумней рабіць, як вы з Хрыстом. Ну, згаджайцеся, хутчэй!

Таварышы Скота не ведалі, што рабіць. Адразу было відаць, што Скота яны не выратуюць, а толькі самі дарма загінуць. Але ж як выдаць свайго начальніка? Можна было заўважыць, што абодва сіпаі ахвотна гатовы былі аддаць свайго гаспадара, але боцман і Ханубі, здаецца, гатовы загінуць разам.

— Ну, што ж? — сказаў нарэшце Саку. — Калі вам усім ужо так хочацца паміраць, я пярэчыць не буду.

І ён выпрастаўся, каб даць знак сваім воінам.

Але ў гэты момант раздаўся стрэл, і Скот паваліўся на зямлю з разбітай галавой. Ён палічыў за лепшае пусціць сабе самому кулю ў лоб…

Гэты стрэл на момант спалохаў папуасаў. Яны падумалі, што гэта ў іх страляюць, і ўжо гатовы былі пусціць у ход сваю зброю, але Саку гучным крыкам спыніў іх.

Трэба адзначыць, што не толькі сіпаі, але Ханубі і нават боцман былі рады і ўдзячны Скоту, што ён так зрабіў… Цяпер ім ужо не трэба было ламаць галаву, што рабіць.

Саку тым часам звярнуўся да сваіх з прамовай. Ён казаў, што, згодна іх абяцанню, трэба ўсіх іншых белых адпусціць. Затое ім застаецца ўся маёмасць і, галоўнае, зброя белых. А з гэткай зброяй яны ўжо нікога не будуць баяцца.

Нельга сказаць, каб слухачы былі задаволены такой пастановай. Але ж гэта кажа сам вялікі і магутны Саку, — значыцца, так і трэба. Праз некаторы час прывялі Брука, Гуда і двух сіпаяў.

Брук ішоў схіліўшыся, азіраючыся і мармытаў:

— Яны думаюць, што я не бачу? Не, брат! Не ашукаеш! Усё бачу! — Потым падышоў да боцмана і сказаў: — Ты хочаш мяне з'есці? Дурны! Мяне ўжо з'елі, мяне няма. Бачыш?

І ён сеў на зямлю, працягнуў наперад далоні і нібы схаваўся за іх…

Вярнуліся дадому толькі боцман Старк, Ханубі і тры сіпаі. Рэшта памерлі ў дарозе…

Чунг-лі, Хунь-чжы і Качу са сваім канём пайшлі на захад, у галандскую Новую Гвінею. Качу застаўся, а браты вярнуліся ў Шанхай.

Яны купілі кавалак зямлі, хаціну; перасялілі з сампана сваіх бацькоў, а самі пайшлі ў кітайскую Чырвоную Армію змагацца за ўсіх кулі, што пакутуюць і ў Новай Гвінеі, і ў Амерыцы, і на сваёй бацькаўшчыне. А Саку?..

Саку і цяпер вядзе культурную працу сярод аб'яднаных родаў Какаду і Мукку, але ўжо без бібліі…

X X X

Вяртанне. — У агні.— Сярод звяроў.— Правадыр аб’яднаных родаў Какаду і Мукку. — Смерць Скота. — Дасказ.

У гарачы поўдзень, калі ўсё жывое старалася схавацца ў цень, калі нават птушкі сядзелі моўчкі, праз густую траву прабіраўся гурток людзей з шасці чалавек.

Худыя, абшарпаныя, дарэшты змораныя, яны ледзь праціскаліся праз моцную густую траву, якая дасягала вышыні больш за рост чалавека. Гушчар быў такі, што часам прыходзілася валіцца на траву спіною і прыціскаць яе да зямлі, каб пасунуцца на некалькі крокаў уперад.

Гэта была грозная экспедыцыя Скота. Апрача Чунг-лі і Файлу, яна не далічвала яшчэ Кандаракі і аднаго сіпая, якія загінулі тады ў бурнай вадзе.

Да паўдня яны нічога не елі. На шэсць чалавек яны мелі толькі дзве стрэльбы.

Па іх меркаваннях, яны павінны былі праз некалькі гадзін падысці да ракі, дзе чакаў іх катэр, адпачынак, спакой і ўсе выгоды.

Кожны з іх толькі аб гэтым і думаў, і за ўвесь час яны не перакінуліся аніводным словам.

Ім трэба было прайсці невялікі кавалак стэпу да таго пералеска, які віднеўся наперадзе, а там ужо быў канец падарожжа.

Вось ззаду зашамацела трава. Не паспелі яны азірнуцца, як міма іх пранёсся дзік. Ханубі хацеў быў стрэльнуць, але не паспеў.

— Шкада! — сказаў ён, апусціўшы стрэльбу.

— Дарма, — сказаў Скот. — Што нам з ім было б рабіць? Усё роўна праз гадзіны дзве будзем дома.

— Мы павінны яшчэ радавацца, што ён не зачапіў нас, — сказаў боцман. — Неспадзявана ён мог бы нарабіць бяды.

Праз некалькі хвілін таксама міма іх праскакаў кенгуру, а за ім зноў дзік.

— Чаго гэта яны сёння разлёталіся? — здзівіўся боцман і зараз жа заўважыў з правага боку, крыху ззаду, дым. Дым уздымаўся сцяной і, здавалася, набліжаўся да іх. Не паспелі яны агледзецца, як Ханубі закрычаў:

— Глядзіце, і з другога боку!

З другога боку таксама падымалася сцяна дыму. У гэты момант зноў пранёсся дзік.

— Трэба спяшацца! — крыкнуў Ханубі.— Гэта, мусіць, папуасы паляць стэп для палявання…

Так яно і было. Гэта звычайны спосаб палявання як у папуасаў, так і ў іншых падобных народаў.

Але спяшацца ў такім гушчары было вельмі цяжка. Добра яшчэ, што дзікі зрабілі маленькую сцежку.

Тым часам дзве сцяны злучыліся за імі, і агонь пайшоў наперад, ахапляючы людзей падковай.

Становішча рабілася надта сур’ёзным. Можна было заўважыць, што агонь ішоў хутчэй за іх і паступова набліжаўся. А ўцякаць у такім гушчары зусім было немагчыма. Падарожнікі напружвалі апошнія сілы, але агонь усё набліжаўся. Вось ужо і пах дыму пачаў адчувацца.

Разам з тым павялічыўся лік жывёлы, якая ратавалася ад агню і бегла ў тым самым кірунку, куды і людзі. Шмат дзікоў, кенгуру, розных дробных звяркоў, пацукоў, нават змеяў неслася наперад, не звяртаючы ўвагі на людзей.

І людзі таксама не звярталі на іх увагі.

Перад агульнай бядой усе зрабіліся таварышамі — і дзік і містэр Скот.

Да пералеска зусім блізка, але ж затое і агонь блізка. Чутна, як ён трашчыць ззаду, адчуваецца ўжо гарачыня, асабліва ж даймае дым.

Але звяры дапамагалі людзям: яны так папрыціскалі траву, што людзі за імі маглі бегчы бягом.

Вось ужо дрэвы. Трава парадзела. Толькі дым перашкаджае глядзець.

І вось з разбегу яны наляцелі на папуаса!

Той стаяў сабе на пні і пільнаваў здабычу. Ён ужо пусціў некалькі стрэл у дзікоў і кенгуру.

Неспадзявана ўбачыўшы перад самым носам такіх незвычайных «звяроў», ён перапалохаўся і пабег так шпарка, што толькі пяты мільгалі.

Падарожнікі прабеглі ўвесь пералесак і больш нікога не бачылі, бо папуасы стаялі далёка адзін ад аднаго.

Выбеглі ў поле і на кіламетр ад сябе ўбачылі сваю «крэпасць». Усё было па-ранейшаму, на ўзгорку стаяла тая самая будка.

Канец цяжкаму падарожжу! Яны ўжо дома!

Яны забыліся і на голад і на зморанасць. Адразу зрабілася лёгка не толькі на сэрцы, але і ў нагах. Яны ішлі так хутка і лёгка, нібы цэлы тыдзень адпачывалі. Ці бачыць іх Брук? Час ужо, бо яны падышлі зусім блізка.

Але ніхто не ішоў насустрач. Можа, спяць?

Яны пачалі крычаць. Нешта заварушылася ў будцы. Значыцца, усё ў парадку.

Пералезлі цераз дротавую агарожу і тады ўбачылі, што ля кулямёта стаіць чалавек. Але… не Брук, а папуас! Чорны, з пер’ямі какаду на галаве, з веправымі клыкамі на шыі, толькі чамусьці ў штанах. Падарожнікі на хвіліну спыніліся як укапаныя, не ведаючы, што думаць і рабіць, але зараз жа нацэліліся з стрэльбаў.

— Не варта, — спакойна сказаў папуас на чыстай англійскай мове, схіліўшыся да кулямёта, які быў накіраваны прама на іх. — Калі я крыху дакрануся да кулямёта, вы ўсе загінеце.

Стрэльбы мімаволі апусціліся.

— Што гэта азначае? — здзіўлена запытаўся Скот. — Хто ты?

— Я — правадыр аб’яднаных родаў Какаду і Мукку, былы місіянер Саку, — з гонарам адказаў папуас. Каб сярод яснага неба ўдарыў зараз гром, ён так бы не аглушыў, як гэтыя словы! Дык вось яно што? Гэты «слуга божы», відаць, надумаў нешта нядобрае. Нездарма ён зноў зрабіўся дзікуном. Праўду кажуць людзі: як ваўка не кармі, ён усё ў лес глядзіць.

— Дык што ж, нарэшце, азначае ўся гэтая камедыя? — строга сказаў Скот, а сам адчуў, як сэрца сціснулася ад жаху.

Тым часам іх акружыла чалавек сто ўзброеных папуасаў; некаторыя з іх былі нават са стрэльбамі.

— Справа вельмі простая, — сказаў Саку. — Катэр ваш разбіўся на рацэ. Уся ваша маёмасць, як бачыце, у нашых руках, у тым ліку і вашы людзі. А цяпер і вы самі,— і ён паказаў рукой на сваё войска.

— Чаго ж вы хочаце ад нас? — запытаўся Скот крыху дрыжачым голасам.

— Нямнога: толькі пакараць містэра Скота за яго зверствы над маімі братамі, над маёй маткай і нявіннымі дзецьмі,— адказаў Саку.

Скот апусціў галаву і задумаўся. Ханубі і боцман паднялі стрэльбы, але зараз жа Саку дакрануўся да кулямёта; апрача таго, і ўсе папуасы паднялі зброю.

Скот і яго таварышы стаялі ў сярэдзіне агарожы, а за імі, па другі бок дроту, у некалькіх кроках стаялі папуасы з нарыхтаванымі пікамі, лукамі і стрэльбамі. Кожнаму зрабілася ясна, што аб супраціўленні не было чаго і думаць.

— Не турбуйцеся, — сказаў Саку, — вы не паспееце цяпер ніводнага з нас забіць. А Старку, Ханубі і яго таварышам зусім не варта супраціўляцца: мы іх усіх без перашкоды адпусцім дадому. Нам патрэбен толькі галоўны злачынца.

Ад такой абразы Скот нават забыўся, у якім ён становішчы знаходзіцца. Вочы яго заблішчалі, ён выпрастаўся. Як? Гэты дзікун асмельваецца яго, англічаніна, назваць злачынцам? Але зараз жа ён апамятаўся. Што ён мог цяпер зрабіць?

— Для вас, як хрысціяніна, — сказаў ён нібы спакойным голасам, — такое самачынства — вялікі грэх. Хіба вы забыліся, што кажа Хрыстос? Хіба вы не ведаеце, што чалавек не мае права самавольна судзіць другіх?

Саку ўсміхнуўся і выразна сказаў:

— Вы, містэр Скот, асабліва павінны ведаць, што на зямлі, апрача божых законаў, існуюць суды, якія павінны караць злачынствы. За адсутнасцю тут гэтых судоў я павінен выканаць гэты непрыемны абавязак, каб ніхто не падумаў больш здзекавацца нават з чорных.

Скот пазнаў свае словы, якія ён тады казаў гэтаму самаму Саку, і яшчэ ніжэй апусціў галаву.

— Дык вось, — казаў далей Саку, — мая канчатковая прапанова: містэр Скот хай пакладзе зброю і застанецца, а рэшта хай ідуць сабе дадому. Зараз жа далучым да іх і іхніх таварышаў. Заўважце, што вырашыць так мне было вельмі цяжка. Вы ж ведаеце, што гэтыя «дзікуны» не вельмі ахвотна выпускаюць з рук сваіх ворагаў. Толькі сваім вялікім аўтарытэтам я мог прымусіць іх згадзіцца. Дзеля гэтага аўтарытэту я і пер’е і зубы паначапляў на сябе. Я, вядома, мог бы і ўсіх вас загубіць: вы ж нашых больш пабілі. Але лічу гэта бескарысным. Я хачу давесці вам, што без бога і без Хрыста можна лепш і разумней рабіць, як вы з Хрыстом. Ну, згаджайцеся, хутчэй!

Таварышы Скота не ведалі, што рабіць. Адразу было відаць, што Скота яны не выратуюць, а толькі самі дарма загінуць. Але ж як выдаць свайго начальніка? Можна было заўважыць, што абодва сіпаі ахвотна гатовы былі аддаць свайго гаспадара, але боцман і Ханубі, здаецца, гатовы загінуць разам.

— Ну, што ж? — сказаў нарэшце Саку. — Калі вам усім ужо так хочацца паміраць, я пярэчыць не буду.

І ён выпрастаўся, каб даць знак сваім воінам.

Але ў гэты момант раздаўся стрэл, і Скот паваліўся на зямлю з разбітай галавой. Ён палічыў за лепшае пусціць сабе самому кулю ў лоб…

Гэты стрэл на момант спалохаў папуасаў. Яны падумалі, што гэта ў іх страляюць, і ўжо гатовы былі пусціць у ход сваю зброю, але Саку гучным крыкам спыніў іх.

Трэба адзначыць, што не толькі сіпаі, але Ханубі і нават боцман былі рады і ўдзячны Скоту, што ён так зрабіў… Цяпер ім ужо не трэба было ламаць галаву, што рабіць.

Саку тым часам звярнуўся да сваіх з прамовай. Ён казаў, што, згодна іх абяцанню, трэба ўсіх іншых белых адпусціць. Затое ім застаецца ўся маёмасць і, галоўнае, зброя белых. А з гэткай зброяй яны ўжо нікога не будуць баяцца.

Нельга сказаць, каб слухачы былі задаволены такой пастановай. Але ж гэта кажа сам вялікі і магутны Саку, — значыцца, так і трэба. Праз некаторы час прывялі Брука, Гуда і двух сіпаяў.

Брук ішоў схіліўшыся, азіраючыся і мармытаў:

— Яны думаюць, што я не бачу? Не, брат! Не ашукаеш! Усё бачу! — Потым падышоў да боцмана і сказаў: — Ты хочаш мяне з’есці? Дурны! Мяне ўжо з’елі, мяне няма. Бачыш?

І ён сеў на зямлю, працягнуў наперад далоні і нібы схаваўся за іх…

Вярнуліся дадому толькі боцман Старк, Ханубі і тры сіпаі. Рэшта памерлі ў дарозе…

Чунг-лі, Хунь-чжы і Качу са сваім канём пайшлі на захад, у галандскую Новую Гвінею. Качу застаўся, а браты вярнуліся ў Шанхай.

Яны купілі кавалак зямлі, хаціну; перасялілі з сампана сваіх бацькоў, а самі пайшлі ў кітайскую Чырвоную Армію змагацца за ўсіх кулі, што пакутуюць і ў Новай Гвінеі, і ў Амерыцы, і на сваёй бацькаўшчыне. А Саку?..

Саку і цяпер вядзе культурную працу сярод аб’яднаных родаў Какаду і Мукку, але ўжо без бібліі…