×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

У краіне райскай птушкі, IV б

IV б

Маці Саку жыла ў Мапу, нібы як жонка, нібы як нявольніца. Пасля таго як яе захапілі ў палон, як яна страціла, апрача мужа, яшчэ і сына, яна не хацела ўжо нікуды ўцякаць, прызвычаілася і жыла тут не горш, як дома.

Калі яе паклікалі і падвялі да сына, яна не хацела даваць веры сваім вачам. Ён зусім не быў падобны ні да таго дванаццацігадовага хлопчыка, якім яна яго памятала, ні да сучасных хлапцоў, яго таварышаў. Увесь яго выгляд, асабліва адзенне, былі чужыя, — ад белых.

Але ёй адразу зрабілася цёпла на душы і слёзы паказаліся на вачах, калі Саку абняў яе і сказаў на іхняй роднай мове:

— Мама! Як я рады, што мы сустрэліся. Выйшаў Мапу, высокі, плячысты мужчына з страшэннай галавой, ад якой ва ўсе бакі тырчалі валасы і з галавы, і з барады, і з вусоў, і з шыі. Пер'е какаду і райскай птушкі ззяла, як жар, а на грудзях, апрача сабачых і дзікавых зубоў, віселі яшчэ і чалавечыя. На абодвух плячах былі вялікія рубцы, зробленыя сумысля: хлопчыкам разразаюць скуру, некаторы час перашкаджаюць ёй загойвацца, а потым, калі загоіцца, застаюцца гэтыя пачэсныя, шырокія і глыбокія рубцы.

Ён здзіўлена паглядзеў на Саку і звярнуўся да маці:

— Дык гэта твой сын, што ўцёк? Не можа быць!

— Я жыў у белых і шмат чаго ад іх пераняў,— растлумачыў Саку, бачачы, што Мапу недаверліва глядзіць на яго.

— І «громам» уладаць ты ўмееш? — запытаўся Мапу.

Саку здагадаўся, аб чым гаворыць правадыр, і сказаў:

— Ведаю, але яны мяне навучылі нікога не забіваць.

— Як так нікога? І ворагаў? — здзівіўся Мапу.

— І ворагаў трэба любіць. Бог, вышэйшы дух, казалі яны, які стаіць над усімі намі, загадвае, каб усе людзі любілі адзін аднаго.

— А калі вораг пачне цябе біць?

— Падстаў яму другую шчаку, як сказаў бог белых людзей Хрыстос, — з пачуццём адказаў Саку, уздымаючы ўгору вочы.

Усе прысутныя здзіўлена паглядзелі адзін на аднаго, а ў правадыра мільганула думка, ці не вар'ят гэта які. А можа, белыя знарок яго падаслалі, каб ён тут угаворваў усіх не супраціўляцца, быць пакорнымі і любіць ворага нават тады, калі ён цябе б'е, ды яшчэ падстаўляць яму другую шчаку… — Гэта цябе так навучылі белыя? — сурова запытаўся Мапу.

— Так, яны навучылі,— спакойна адказаў Саку.

— Ну, а самі яны не забіваюць, падстаўляюць другую шчаку? — насмешліва спытаў правадыр.

— Не ўсе выконваюць загад бога, але трэба маліцца, каб ён змякчыў сэрцы іх.

— А ты можаш памаліцца, каб іх сэрцы памякчэлі і яны нас не крыўдзілі?

— Не заўсёды бог слухае нас. Ён лепш ведае, што патрэбна. Але, вядома, я павінен маліцца аб гэтым, — сказаў місіянер.

Пры гэтых словах Мапу павесялеў. Гэтага хлапца можна скарыстаць! Ён можа памаліцца, як яго там навучылі,— і вораг будзе мяккі, ласкавы.

— Ну, а можаш ты памаліцца свайму богу, каб і Мукку памякчэлі? — запытаўся ён зноў.

— Усе людзі аднолькавыя перад богам, — адказаў Саку, — і з усімі ён можа зрабіць, што захоча, ці будуць гэта белыя ці чорныя.

Хітры Мапу зараз жа склаў сабе ў галаве добры план. Вось гэты дзівак памоліцца, Мукку зробяцца мяккімі і пакорнымі, а ён тады — цап! — і забярэ іх усіх у свае рукі. Гэта будзе нават лепш за «гром».

Што белыя маюць вялікую сілу, што яны ўладаюць і «громам», і агнём, і вадой, — гэта ўсім вядома. Але якім чынам яны гэтага дасягнулі — ніхто тут не ведае. І вось, на шчасце, з'явіўся гэты чалавек, які прайшоў усю навуку белых, які ведае, як звяртацца да іхняга бога, — ці можа яшчэ каму так пашанцаваць, як роду Какаду? І правадыр пажадаў, каб адзначылі гэты дзень урачыстасцю. Мапу хацеў яшчэ больш схіліць на свой бок гэтага дзіўнага чалавека, які атрымаў магутнасць белых і разам з тым быў свой.

На палянцы, крыху далей ад вёскі, расклалі вогнішчы, нацягалі свіней і асабліва сабак, якія лічацца найсмачнейшай стравай. Папуаскія сабакі невялікія, з кароткай гладкай поўсцю і стаячымі вушамі. Яны ціхія, нясмелыя, ніколі не гаўкаюць, а толькі выюць. Жывяцца галоўным чынам расліннасцю, асабліва какосавымі арэхамі. Мусіць, загэтым і мяса іх крыху смачнейшае за мяса нашых сабак.

Прынеслі варанага бобу, таро, ямсу, перапечак з хлебнага дрэва, якія пякуцца на гарачых каменнях.

Саку тым часам меў магчымасць перагаварыцца з маткай. Але, нягледзячы на дзесяцігадовы перапынак, яны не мелі аб чым доўга гаварыць. Матка нічога не магла сказаць, апрача таго, што яна жыве ў Мапу; як ёй жывецца — яна і сама добра не ведала, бо лёс папуаскай жанчыны ўсюды аднолькавы.

Саку ж, з свайго боку, пачаў быў тлумачыць аб сваім жыцці, адукацыі, галоўнае, аб хрысціянскай веры, але хутка заўважыў, што матка нічога не разумее, нават не цікавіцца. Ды і наогул яна пазірала на яго неяк боязна.

Зразумела, ён і сам ведаў, што адразу «выратаваць матчыну душу» нельга, што прыйдзецца доўга, паступова асвятляць яе.

Тым часам грамадзяне рыхтаваліся да свята, чаплялі на сябе ўсё, што толькі было.

У многіх жанчын на плячы былі нейкія плямы, быццам ад даўнейшай балячкі. Гэтыя плямы таксама наўмысля робяцца для прыгожасці, як мужчынамі рубцы.

Дзяўчынцы гадоў трынаццаці прыйшоў час надаць гэтую прыгожасць. Матка ўзяла маленькі гарачы вугольчык і палажыла яго дачцэ на голае плячо. Заскварылася скура, застагнала дзяўчынка, сцяла зубы, заварушыла пальцамі, але стаяла на месцы. Яна павінна была так цярпець, пакуль вугольчык не зробіцца попелам. А каб ён не згас, матка дзьмухала на яго…

Ідучы міма, Саку ўбачыў гэтую сцэну, не вытрымаў і скінуў вугольчык.

— Што ты робіш? — сказаў ён матцы. — За што ты мучыш дзіця?

Матка паглядзела на яго, як на вар'ята, і пачала лаяцца. Нават дзяўчынка таксама была нездаволена.

Але жанчыны прыбіраліся дарэмна, толькі, як кажуць, за кампанію. Яны не мелі права прымаць удзел у святкаванні. Усе святкаванні адбываюцца без іх. Як мужчыны, таксама і жанчыны з дзецьмі перакананы, што калі б яны толькі паглядзелі на ўрачыстасць, з імі абавязкова здарылася б якая-небудзь бяда.

Асабліва небяспечнай для іх была музыка. Дзе там граць, — нават бачыць музычныя прылады яны не павінны былі і, калі тыя выпадкова траплялі ім на вочы, самі ўцякалі, бо шчыра верылі, што ад гэтага ім пагражае няшчасце.

Тым часам ля вогнішчаў адбывалася вялікая падрыхтоўка. Паклалі два бервяны, паміж іх паставілі шмат гаршкоў. Прынеслі прывязаных да жэрдкі свіней, закалолі іх пікамі. Сабак жа проста бралі за заднія ногі і разбівалі ім галовы аб дрэвы.

У гаршкі спачатку палажылі зялёнае лісце, каб страва не прыгарала, потым сталі класці па кавалку мяса. Некаторыя ўлажылі асабліва смачную страву: яшчарак і змей, разрэзаных удоўж. Для прыправы, хто меў, дадалі жукоў, вялізных павукоў і тлустых чарвякоў. Гэтыя чарвякі (вусені), нават сырыя, лічацца найсмачнейшай стравай.

Самай жа галоўнай прыправай лічыцца соль, якой тут зусім няма. Яе здабываюць з дрэў, якія доўга былі ў моры і насыціліся соллю. Такія дрэвы яны выменьвалі ў суседзяў, што жылі бліжэй да мора. Зразумела, здаралася гэта рэдка. Кавалкі дрэў палілі на асобным вогнішчы і попел ужывалі як соль.

Кіраваў усёй справай Мапу. На ім была самая ўрачыстая вопратка — еўрапейская камізэлька, і ён адчуваў сябе ў ёй не горш, як цар у сваім каранацыйным адзенні. І відаць было, што ўсе яго падуладныя адчувалі тое самае. Толькі Саку, зірнуўшы на такую фігуру, апусціў галаву і ўсміхнуўся.

Зразумела, Саку, як пачэсны госць, павінен быў сесці побач з правадыром.

Калі мяса згатавалася, Мапу ўзяў рукамі вялізны кавалак і даў Саку першаму. Гэта было знакам вялікай пашаны да місіянера.

Пакуль елі розныя стравы, пачалася падрыхтоўка да самага галоўнага частавання: гэта было пітво, так званае — «кэу». Для прыгатавання яго ўжываецца адна расліна з пароды перцу.

Прынеслі вязкі гэтай расліны, і маладзейшыя пачалі жаваць яе і пляваць у гаршчок. Праца была марудная, дзеля гэтага частку аднеслі да дзяцей, каб яны дапамаглі. Калі ўсё перажавалі, тады дадалі вады, працадзілі праз траву і далі крыху пастаяць*.

* Еўрапейцы спрабавалі зрабіць кэу, проста расціраючы расліну, але з гэтага нічога не выйшла. Відаць, ад сліны спецыяльна адбываюцца нейкія хімічныя працэсы.

Пакуль скончылі яду, гарэлка настаялася. Мапу наліў першую «шклянку» з бамбуку і таксама паднёс Саку першаму.

— Не, гэтага я не магу! — рашуча адмовіўся Саку: — Наш закон не дазваляе.

Хаця гаспадарам і непрыемна было, але яны вельмі не прымушалі: закон дык закон.

Тады другія падставілі свае бамбукавыя чаркі. Відаць, пітво было звярынае, бо шмат у каго вочы на лоб павылазілі. Але адразу адчувалася, што гарэлка зрабіла ўплыў: некаторыя нават стаяць цвёрда ўжо не маглі.

Закусілі бананамі і бататам (салодкая бульба).

Тады Мапу ўстаў і звярнуўся да народа з прамовай:

— Вось наш брат Саку. Ён уцёк ад нас і доўга жыў з белымі. Ён даведаўся аб іх сіле. Ён ведаў іхняга духа. Ён можа папрасіць яго, каб ён дапамог нам, як дапамагае белым. Саку можа папрасіць духа, каб Мукку не маглі супраць нас ваяваць, і мы тады забяром іх усіх. Хай грае музыка!

Народ закрычаў ад радасці, падняўся шум, гам. Саку вельмі здзівіўся, пачуўшы такія словы, і ўстаў, каб растлумачыць народу, у чым справа.

— Браты! — пачаў ён казаць. — Праўда, што ў белых я пазнаў вялікага духа, які ўладае ўсімі намі — як белымі, таксама і чорнымі, праўда, што вялікі дух усё можа, але…

Пачуўшы аб тым, што вялікі дух усё можа зрабіць і, значыцца, дапамагчы ім, народ зноў пачаў крычаць, вітаць Саку, уздымаць зброю.

— Смерць Мукку! Знішчым іх! — чуліся галасы.

— Браты! — пачаў ужо крычаць Саку напружаным голасам. — Вы памыляецеся! Вялікі дух не дапамагае рабіць забойстваў…

Але задаволены народ не чуў, што ён кажа; ведалі толькі, што нешта добрае, і ад гэтага яшчэ больш шумелі. Тым часам падышла музыка і танцоры, і ўся ўвага накіравалася на іх.

Саку сеў і горка ўсміхнуўся.

«Няшчасныя, цёмныя людзі,— думаў ён, — маюць у галаве толькі адно: каб забіць свайго ворага. Нялёгка будзе растлумачыць ім, што самае галоўнае — выбавіць сваю душу. Але з дапамогай бога я выканаю свой абавязак».

На сярэдзіну выйшлі чатыры танцоры. Кожны ад плеч да калень быў захутаны пальмавымі лісцямі, якія надавалі ім выгляд звычайных коп сена, толькі на дзвюх нагах. Але самае галоўнае — гэта велізарныя, страшныя маскі, якія закрывалі ўсю галаву да плеч. Маскі былі размаляваны ў розныя колеры і мелі жудасны выгляд. На высокіх вострых шышаках развявалася пер'е. Зайграла «музыка». Адзін роў праз велізарную бамбукавую дудку, даўжынёй метры са два. Роў і завываў ён так, што здавалася, быццам сто папуаскіх сабак пачалі свой канцэрт. Другі свісцеў у пусты какосавы арэх, у якім былі прасвідраваны дзве дзіркі. Трэці дзьмуў у маленькую свісцёлку, а чацвёрты біў у калоду-барабан. Быў і больш далікатны інструмент, на манер трашчоткі: мноства чарапашак было прывязана шнуркамі да дубца, музыкант махаў гэтай пугай, і ад гэтага чарапашкі ляскаталі.

Пад гэтую музыку танцоры тупаліся туды-сюды ды нахіляліся. Але людзі глядзелі вельмі ўважліва, бо танцоры азначалі духаў памёршых продкаў і лічыліся таемнымі, вышэйшымі істотамі.

Пасля гэтага афіцыйнага і святога танца пачалі саматужныя скокі, і да самага позняга вечара весяліліся гэтыя дзеці прыроды.

Саку, як шаноўны госць, начаваў у ум-камалі. Ужо ўсе паснулі, а ён стаяў на каленях і горача маліўся, каб бог дапамог яму выбавіць душы сваіх братоў. Над галавою яго шчэрылі зубы чалавечыя чарапы, а насупраць у куту стаяла драўляная статуя — тэлум.

IV б

Маці Саку жыла ў Мапу, нібы як жонка, нібы як нявольніца. Пасля таго як яе захапілі ў палон, як яна страціла, апрача мужа, яшчэ і сына, яна не хацела ўжо нікуды ўцякаць, прызвычаілася і жыла тут не горш, як дома.

Калі яе паклікалі і падвялі да сына, яна не хацела даваць веры сваім вачам. Ён зусім не быў падобны ні да таго дванаццацігадовага хлопчыка, якім яна яго памятала, ні да сучасных хлапцоў, яго таварышаў. Увесь яго выгляд, асабліва адзенне, былі чужыя, — ад белых.

Але ёй адразу зрабілася цёпла на душы і слёзы паказаліся на вачах, калі Саку абняў яе і сказаў на іхняй роднай мове:

— Мама! Як я рады, што мы сустрэліся. Выйшаў Мапу, высокі, плячысты мужчына з страшэннай галавой, ад якой ва ўсе бакі тырчалі валасы і з галавы, і з барады, і з вусоў, і з шыі. Пер’е какаду і райскай птушкі ззяла, як жар, а на грудзях, апрача сабачых і дзікавых зубоў, віселі яшчэ і чалавечыя. На абодвух плячах былі вялікія рубцы, зробленыя сумысля: хлопчыкам разразаюць скуру, некаторы час перашкаджаюць ёй загойвацца, а потым, калі загоіцца, застаюцца гэтыя пачэсныя, шырокія і глыбокія рубцы.

Ён здзіўлена паглядзеў на Саку і звярнуўся да маці:

— Дык гэта твой сын, што ўцёк? Не можа быць!

— Я жыў у белых і шмат чаго ад іх пераняў,— растлумачыў Саку, бачачы, што Мапу недаверліва глядзіць на яго.

— І «громам» уладаць ты ўмееш? — запытаўся Мапу.

Саку здагадаўся, аб чым гаворыць правадыр, і сказаў:

— Ведаю, але яны мяне навучылі нікога не забіваць.

— Як так нікога? І ворагаў? — здзівіўся Мапу.

— І ворагаў трэба любіць. Бог, вышэйшы дух, казалі яны, які стаіць над усімі намі, загадвае, каб усе людзі любілі адзін аднаго.

— А калі вораг пачне цябе біць?

— Падстаў яму другую шчаку, як сказаў бог белых людзей Хрыстос, — з пачуццём адказаў Саку, уздымаючы ўгору вочы.

Усе прысутныя здзіўлена паглядзелі адзін на аднаго, а ў правадыра мільганула думка, ці не вар’ят гэта які. А можа, белыя знарок яго падаслалі, каб ён тут угаворваў усіх не супраціўляцца, быць пакорнымі і любіць ворага нават тады, калі ён цябе б’е, ды яшчэ падстаўляць яму другую шчаку… — Гэта цябе так навучылі белыя? — сурова запытаўся Мапу.

— Так, яны навучылі,— спакойна адказаў Саку.

— Ну, а самі яны не забіваюць, падстаўляюць другую шчаку? — насмешліва спытаў правадыр.

— Не ўсе выконваюць загад бога, але трэба маліцца, каб ён змякчыў сэрцы іх.

— А ты можаш памаліцца, каб іх сэрцы памякчэлі і яны нас не крыўдзілі?

— Не заўсёды бог слухае нас. Ён лепш ведае, што патрэбна. Але, вядома, я павінен маліцца аб гэтым, — сказаў місіянер.

Пры гэтых словах Мапу павесялеў. Гэтага хлапца можна скарыстаць! Ён можа памаліцца, як яго там навучылі,— і вораг будзе мяккі, ласкавы.

— Ну, а можаш ты памаліцца свайму богу, каб і Мукку памякчэлі? — запытаўся ён зноў.

— Усе людзі аднолькавыя перад богам, — адказаў Саку, — і з усімі ён можа зрабіць, што захоча, ці будуць гэта белыя ці чорныя.

Хітры Мапу зараз жа склаў сабе ў галаве добры план. Вось гэты дзівак памоліцца, Мукку зробяцца мяккімі і пакорнымі, а ён тады — цап! — і забярэ іх усіх у свае рукі. Гэта будзе нават лепш за «гром».

Што белыя маюць вялікую сілу, што яны ўладаюць і «громам», і агнём, і вадой, — гэта ўсім вядома. Але якім чынам яны гэтага дасягнулі — ніхто тут не ведае. І вось, на шчасце, з’явіўся гэты чалавек, які прайшоў усю навуку белых, які ведае, як звяртацца да іхняга бога, — ці можа яшчэ каму так пашанцаваць, як роду Какаду? І правадыр пажадаў, каб адзначылі гэты дзень урачыстасцю. Мапу хацеў яшчэ больш схіліць на свой бок гэтага дзіўнага чалавека, які атрымаў магутнасць белых і разам з тым быў свой.

На палянцы, крыху далей ад вёскі, расклалі вогнішчы, нацягалі свіней і асабліва сабак, якія лічацца найсмачнейшай стравай. Папуаскія сабакі невялікія, з кароткай гладкай поўсцю і стаячымі вушамі. Яны ціхія, нясмелыя, ніколі не гаўкаюць, а толькі выюць. Жывяцца галоўным чынам расліннасцю, асабліва какосавымі арэхамі. Мусіць, загэтым і мяса іх крыху смачнейшае за мяса нашых сабак.

Прынеслі варанага бобу, таро, ямсу, перапечак з хлебнага дрэва, якія пякуцца на гарачых каменнях.

Саку тым часам меў магчымасць перагаварыцца з маткай. Але, нягледзячы на дзесяцігадовы перапынак, яны не мелі аб чым доўга гаварыць. Матка нічога не магла сказаць, апрача таго, што яна жыве ў Мапу; як ёй жывецца — яна і сама добра не ведала, бо лёс папуаскай жанчыны ўсюды аднолькавы.

Саку ж, з свайго боку, пачаў быў тлумачыць аб сваім жыцці, адукацыі, галоўнае, аб хрысціянскай веры, але хутка заўважыў, што матка нічога не разумее, нават не цікавіцца. Ды і наогул яна пазірала на яго неяк боязна.

Зразумела, ён і сам ведаў, што адразу «выратаваць матчыну душу» нельга, што прыйдзецца доўга, паступова асвятляць яе.

Тым часам грамадзяне рыхтаваліся да свята, чаплялі на сябе ўсё, што толькі было.

У многіх жанчын на плячы былі нейкія плямы, быццам ад даўнейшай балячкі. Гэтыя плямы таксама наўмысля робяцца для прыгожасці, як мужчынамі рубцы.

Дзяўчынцы гадоў трынаццаці прыйшоў час надаць гэтую прыгожасць. Матка ўзяла маленькі гарачы вугольчык і палажыла яго дачцэ на голае плячо. Заскварылася скура, застагнала дзяўчынка, сцяла зубы, заварушыла пальцамі, але стаяла на месцы. Яна павінна была так цярпець, пакуль вугольчык не зробіцца попелам. А каб ён не згас, матка дзьмухала на яго…

Ідучы міма, Саку ўбачыў гэтую сцэну, не вытрымаў і скінуў вугольчык.

— Што ты робіш? — сказаў ён матцы. — За што ты мучыш дзіця?

Матка паглядзела на яго, як на вар’ята, і пачала лаяцца. Нават дзяўчынка таксама была нездаволена.

Але жанчыны прыбіраліся дарэмна, толькі, як кажуць, за кампанію. Яны не мелі права прымаць удзел у святкаванні. Усе святкаванні адбываюцца без іх. Як мужчыны, таксама і жанчыны з дзецьмі перакананы, што калі б яны толькі паглядзелі на ўрачыстасць, з імі абавязкова здарылася б якая-небудзь бяда.

Асабліва небяспечнай для іх была музыка. Дзе там граць, — нават бачыць музычныя прылады яны не павінны былі і, калі тыя выпадкова траплялі ім на вочы, самі ўцякалі, бо шчыра верылі, што ад гэтага ім пагражае няшчасце.

Тым часам ля вогнішчаў адбывалася вялікая падрыхтоўка. Паклалі два бервяны, паміж іх паставілі шмат гаршкоў. Прынеслі прывязаных да жэрдкі свіней, закалолі іх пікамі. Сабак жа проста бралі за заднія ногі і разбівалі ім галовы аб дрэвы.

У гаршкі спачатку палажылі зялёнае лісце, каб страва не прыгарала, потым сталі класці па кавалку мяса. Некаторыя ўлажылі асабліва смачную страву: яшчарак і змей, разрэзаных удоўж. Для прыправы, хто меў, дадалі жукоў, вялізных павукоў і тлустых чарвякоў. Гэтыя чарвякі (вусені), нават сырыя, лічацца найсмачнейшай стравай.

Самай жа галоўнай прыправай лічыцца соль, якой тут зусім няма. Яе здабываюць з дрэў, якія доўга былі ў моры і насыціліся соллю. Такія дрэвы яны выменьвалі ў суседзяў, што жылі бліжэй да мора. Зразумела, здаралася гэта рэдка. Кавалкі дрэў палілі на асобным вогнішчы і попел ужывалі як соль.

Кіраваў усёй справай Мапу. На ім была самая ўрачыстая вопратка — еўрапейская камізэлька, і ён адчуваў сябе ў ёй не горш, як цар у сваім каранацыйным адзенні. І відаць было, што ўсе яго падуладныя адчувалі тое самае. Толькі Саку, зірнуўшы на такую фігуру, апусціў галаву і ўсміхнуўся.

Зразумела, Саку, як пачэсны госць, павінен быў сесці побач з правадыром.

Калі мяса згатавалася, Мапу ўзяў рукамі вялізны кавалак і даў Саку першаму. Гэта было знакам вялікай пашаны да місіянера.

Пакуль елі розныя стравы, пачалася падрыхтоўка да самага галоўнага частавання: гэта было пітво, так званае — «кэу». Для прыгатавання яго ўжываецца адна расліна з пароды перцу.

Прынеслі вязкі гэтай расліны, і маладзейшыя пачалі жаваць яе і пляваць у гаршчок. Праца была марудная, дзеля гэтага частку аднеслі да дзяцей, каб яны дапамаглі. Калі ўсё перажавалі, тады дадалі вады, працадзілі праз траву і далі крыху пастаяць*.

* Еўрапейцы спрабавалі зрабіць кэу, проста расціраючы расліну, але з гэтага нічога не выйшла. Відаць, ад сліны спецыяльна адбываюцца нейкія хімічныя працэсы.

Пакуль скончылі яду, гарэлка настаялася. Мапу наліў першую «шклянку» з бамбуку і таксама паднёс Саку першаму.

— Не, гэтага я не магу! — рашуча адмовіўся Саку: — Наш закон не дазваляе.

Хаця гаспадарам і непрыемна было, але яны вельмі не прымушалі: закон дык закон.

Тады другія падставілі свае бамбукавыя чаркі. Відаць, пітво было звярынае, бо шмат у каго вочы на лоб павылазілі. Але адразу адчувалася, што гарэлка зрабіла ўплыў: некаторыя нават стаяць цвёрда ўжо не маглі.

Закусілі бананамі і бататам (салодкая бульба).

Тады Мапу ўстаў і звярнуўся да народа з прамовай:

— Вось наш брат Саку. Ён уцёк ад нас і доўга жыў з белымі. Ён даведаўся аб іх сіле. Ён ведаў іхняга духа. Ён можа папрасіць яго, каб ён дапамог нам, як дапамагае белым. Саку можа папрасіць духа, каб Мукку не маглі супраць нас ваяваць, і мы тады забяром іх усіх. Хай грае музыка!

Народ закрычаў ад радасці, падняўся шум, гам. Саку вельмі здзівіўся, пачуўшы такія словы, і ўстаў, каб растлумачыць народу, у чым справа.

— Браты! — пачаў ён казаць. — Праўда, што ў белых я пазнаў вялікага духа, які ўладае ўсімі намі — як белымі, таксама і чорнымі, праўда, што вялікі дух усё можа, але…

Пачуўшы аб тым, што вялікі дух усё можа зрабіць і, значыцца, дапамагчы ім, народ зноў пачаў крычаць, вітаць Саку, уздымаць зброю.

— Смерць Мукку! Знішчым іх! — чуліся галасы.

— Браты! — пачаў ужо крычаць Саку напружаным голасам. — Вы памыляецеся! Вялікі дух не дапамагае рабіць забойстваў…

Але задаволены народ не чуў, што ён кажа; ведалі толькі, што нешта добрае, і ад гэтага яшчэ больш шумелі. Тым часам падышла музыка і танцоры, і ўся ўвага накіравалася на іх.

Саку сеў і горка ўсміхнуўся.

«Няшчасныя, цёмныя людзі,— думаў ён, — маюць у галаве толькі адно: каб забіць свайго ворага. Нялёгка будзе растлумачыць ім, што самае галоўнае — выбавіць сваю душу. Але з дапамогай бога я выканаю свой абавязак».

На сярэдзіну выйшлі чатыры танцоры. Кожны ад плеч да калень быў захутаны пальмавымі лісцямі, якія надавалі ім выгляд звычайных коп сена, толькі на дзвюх нагах. Але самае галоўнае — гэта велізарныя, страшныя маскі, якія закрывалі ўсю галаву да плеч. Маскі былі размаляваны ў розныя колеры і мелі жудасны выгляд. На высокіх вострых шышаках развявалася пер’е. Зайграла «музыка». Адзін роў праз велізарную бамбукавую дудку, даўжынёй метры са два. Роў і завываў ён так, што здавалася, быццам сто папуаскіх сабак пачалі свой канцэрт. Другі свісцеў у пусты какосавы арэх, у якім былі прасвідраваны дзве дзіркі. Трэці дзьмуў у маленькую свісцёлку, а чацвёрты біў у калоду-барабан. Быў і больш далікатны інструмент, на манер трашчоткі: мноства чарапашак было прывязана шнуркамі да дубца, музыкант махаў гэтай пугай, і ад гэтага чарапашкі ляскаталі.