×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

У краіне райскай птушкі, IХ б

IХ б

Атрад перабіраўся цераз горы, спускаўся ў даліны, заглядваў у кожную цясніну, у кожны куток, прыслухоўваўся, выгледжваў праз бінокль. Адначасова не забываліся і пакапацца ў пяску, сярод каменняў.

Нарэшце такое цяжкае вандраванне зусім змарыла іх. Апаўдні яны прыпыніліся адпачыць і нават заснулі.

Вакол горных вяршынь тым часам збіраліся хмары. Сонца то хавалася за імі, то зноў выглядала.

Трэба зазначыць, што на гарах, асабліва на тых, якія знаходзяцца пад экватарам, у самыя гарачыя часіны дня заўсёды ствараюцца воблакі. Прычына ў тым, што знізу ўздымаецца шмат пары, якая і ахалоджваецца ўверсе, на гарах. Пасля паўдня воблакі яшчэ больш згушчаюцца, і звычайна адбываецца навальніца. Уначы і зранку бывае ясна, але а дзесятай гадзіне зноў пачынаюць з'яўляцца воблакі і гэтак далей. Зразумела, могуць быць дні, нават тыдні і без дажджу, але агульны закон застаецца, асабліва «зімой», якою лічыцца тут дажджысты час года.

Усе яшчэ спалі, калі боцман Старк прачнуўся. І праз некалькі хвілін яго вострыя вочы ўбачылі, што наверсе, збоку, прабіраюцца тры чалавекі.

Ён разбудзіў Скота, потым прачнуліся другія, і ўсе ціхенька сталі сачыць за імі.

— Хадзем! — закамандаваў Скот, і ўсе сталі красціся ў той бок.

Пакуль яны падняліся ўверх, фігуры зніклі. Праследавальнікі паразыходзіліся ва ўсе бакі і пачалі шукаць. Праз некаторы час Ханубі пачаў рабіць рукамі знакі. Усе асцярожна, без шуму, пачалі збірацца да яго. Хаваючыся за каменнямі, глянулі наперад і ўбачылі ўцекачоў, якія старанна капаліся ля рачулкі, не думаючы аб небяспецы.

Вось яно дзе, тое залатое месца!

Гэтая рачулка ўлівалася не ў галоўную раку, але ў яе прыток. Цякла яна не сярод скал, а па роўнаму ўзвышшу, у якім яна прамыла сабе глыбокае рэчышча. Відаць было, што гэтае ўзвышша складалася не з горных парод, а з старадаўніх наносаў. Значыцца, рачулка ўжо сама прамыла шмат пяску. Колькі ж там павінна быць золата!

З таго месца, дзе стаялі гледачы, цясніна відаць была ўся, да канца. Бакі яе былі зусім стромкія і вельмі высокія. Такія цясніны, або рэчышчы, сустракаюцца нярэдка і называюцца «каньёнамі»*.

* Вядомыя ўсяму свету каньёны знаходзяцца на рацэ Каларада ў Паўночнай Амерыцы. Там, каб чалавек захацеў палавіць «з берага» рыбу вудачкай, ён павінен быў бы прывязаць да яе валасіну ці шнур даўжынёю з… кіламетр.

Там, дзе цясніна пачыналася, быў вадаспад: рачулка падала проста ўніз са сцяны вышынёю метраў дваццаць — трыццаць.

— Яны злоўлены! — радасна сказаў Ханубі. Гэта відаць было адразу. Абы толькі ўвайсці ў цясніну, і ўцекачам ужо не будзе куды дзецца. Па баках ні ў якім разе нельга было ўзлезці, а на тую сцяну, адкуль падаў вадаспад, — тым болей.

Значыцца, адным махам яны маглі захапіць і ўцекачоў і золата.

Адзін толькі выхад быў з гэтай пасткі, і да гэтага выхада сталі красціся праследавальнікі.

Трое таварышаў сапраўды знайшлі шмат самародкаў. Выгляд золата захапіў іх, як і ўсіх іншых грэшных людзей, і яны нават забыліся, што ім нешта можа пагражаць.

Стрэл паказаў ім, што яны папаліся і ўжо на гэты раз канчаткова.

З аднаго позірку яны ўбачылі і зразумелі, што з гэтага калідора няма ніякага выйсця.

— Здавайцеся! — крыкнуў да іх Ханубі.— Усё роўна вам няма куды дзецца.

Качу крыкнуў з роспачы. Чунг-лі і Хунь-чжы ў адказ толькі стрэльнулі, і ўсе схаваліся за каменнямі.

Але восем чалавек маглі на іх наступаць з розных бакоў. Так, паступова, крок за крокам, адстрэльваючыся, адыходзілі нашы сябры ўсё далей і далей — да вадаспада.

Ворагі былі яшчэ досыць далёка, але, таксама хаваючыся за каменнямі, няўхільна набліжаліся. Качу ўжо крыху паранілі ў руку.

Урэшце ў іх застаўся апошні прытулак — некалькі каменняў ля самага вадаспада. Ззаду, як заслона, бялелася і шумела вада: яны былі ў самым кутку.

Сябры адстрэльваліся з-за апошніх каменняў. Ворагі паўзлі, набліжаліся. Адлегласць паміж імі ўсё змяншалася.

Раптам страляніна з кутка сціхла.

— Скончана справа! — сказаў адзін сіпай, устаючы.

— Лажыся! — крыкнуў яму Ханубі.

Але ўсё роўна было ціха. Мабыць, усе трое параненыя ці забітыя.

Усё ж такі ўставаць баяліся і асцярожна дапаўзлі да самых каменняў.

Але… там нікога не было!

Перагледзелі ўсе каменні, куточкі — няма дый годзе! Доўга маўчалі і толькі здзіўлена пазіралі адзін на аднаго.

— Многа неспадзяванасцей нарабілі нам гэтыя чэрці,— сказаў нарэшце Старк, — але тут нешта ўжо зусім незразумелае.

Зноў пачалі шукаць, ці няма якога-небудзь увахода ў пячору, краталі каменні, ці не зачыняюць яны якой-небудзь яміны ці дзіркі,— усё роўна нічога няма!

Вось адзін сіпай крыкнуў. Усе раптам азірнуліся на яго: ці не знайшоў? І сапраўды ён знайшоў, ды толькі… самародак з грэцкі арэх.

Убачыўшы золата, забыліся на ўсё ў свеце. Дружна прыняліся поўзаць па зямлі, капацца ў жарстве.

Паважаны містэр Скот поўзаў на карачках і капаўся ў зямлі, як самы просты чалавек, і, здаецца, зусім забыўся аб англійскай дзяржаўнасці, аб тым, што ён павінен трымаць на належнай вышыні свой аўтарытэт. Грэк Кандаракі, здавалася, гатоў быў заграбці ўсю гэтую зямлю сабе ў ахапак.

Вось і боцман знайшоў велізарны кавалак, з курынае яйка. Кандаракі, здаецца, хацеў з'есці і гэтае золата і самога боцмана. Вось другі сіпай знайшоў. Кожны баяўся спазніцца, каб другі не знайшоў той кавалак, які вось тут недзе блізка павінен ляжаць.

Нават у Скота вочы заблішчалі ад зайздрасці. Палову таго, што яны знайшлі, ён атрымае за свае выдаткі і досыць заробіць на гэтым. Але ўсё ж такі, каб ён сам знайшоў, тады б яно цалкам засталося яму аднаму.

Тым часам неба пачарнела і пайшоў дождж, але золаташукальнікі не зварачалі на гэта ўвагі. І калі ўдарыў гром, грукат ад якога пракаціўся па гарах тысячамі рэхаў, заблішчала бесперапынку маланка і паліў дождж ручаём, тады толькі яны адышліся і прытуліліся пад скалой.

Словы «бесперапынку» і «ручаём» тут трэба разумець літаральна: сапраўды, маланка ў такіх старонках блішчыць бесперапынку і, сапраўды, дождж льецца не кроплямі, а струменямі.

Зразумела, што ад такога дажджу ды яшчэ сярод гор, дзе вада раптам ляціць з усіх бакоў уніз, — рачулка адразу разлілася, і не паспелі нашы падарожнікі падумаць аб небяспецы, як іх падхапіў дзікі бег ракі (ужо ракі!) і панёс уніз…

Дарэмна яны чапляліся за сцены, за каменні,— нічога не памагала. Сіла і хуткасць былі такія, што трэба было думаць не аб тым, каб затрымацца, а аб тым, каб ухіліцца ад скал, каб не разбіцца аб іх.

Нашыя трое сяброў таксама перажывалі жудасныя хвіліны. Яны сядзелі… пад вадаспадам!

Кожны разумее, што бягучая вада не можа спыніцца раптам, падаючы з вышыні, не можа з разбегу падаць прама ўніз. Яна павінна падаць дугой, як падае кінуты намі камень. Значыцца, калі сцяна стромкая, вада будзе падаць крыху далей ад яе падножжа, асабліва ў тых выпадках, калі бег вельмі хуткі.

І вось паміж сцяной і вадзяной заслонай і схаваліся нашыя прыяцелі*. З бакоў шчыліны не відаць таму, што бакавая вада, не маючы хуткага бегу (затрымліваецца за берагі), падае проста ўніз.

* Пад славутым вадаспадам Ніягарай (Паўночная Амерыка) публіка такім чынам прагульваецца, нават плацячы грошы за гэта.

Можна сабе ўявіць, які павінен быць там грукат! Нельга сказаць, каб там было суха. Частка вады ўсё роўна льецца на галаву, але небяспекі няма, калі цябе не зачэпяць галоўныя струмені вады.

Можна думаць, што Скот са сваімі таварышамі нарэшце сцяміў бы, куды падзеліся тры чалавекі. Інакш яму прыйшлося б дапусціць, што ўмяшалася нячыстая сіла ці які другі цуд. А ў гэта можа паверыць толькі які-небудзь Саку, а не ён.

На шчасце, золата перашкодзіла ім вельмі думаць аб гэтым. Потым надышоў крытычны момант — дождж і разліў ракі.

Як гэта ні дзіўна, але ў даным выпадку выратавацца было лепш пад вадой, як у вадзе, тым болей, што ад узмацнелага бегу вадаспад яшчэ далей падаў, як раней.

Толькі вельмі небяспечным было павышэнне вады.

Ад гэтай бяды таварышы выратаваліся, узлезшы на вялікія каменні, што ляжалі пад вадаспадам.

Як хутка ўсё зрабілася, так хутка і скончылася. Праз гадзіны дзве ўсё мела той самы выгляд, які быў перад дажджом.

Трое таварышаў павылазілі з-за сваёй заслоны і пачалі грэцца і сушыцца на сонцы.

— Усё добра, што добра канчаецца, — весела казаў Хунь-чжы.

— Асабліва, калі гэта тычыцца толькі нас, — дадаў брат. — Гляньце, якія сляды пакінуў наш вораг.

Сляды былі прыкметныя: некалькі стрэльбаў, сумкі з патронамі, якія вада не магла вынесці з-пад каменняў, нават два згубленыя самародкі.

Таварышы падабралі трафеі і пайшлі па цясніне. Пры выхадзе з яе, на другім баку ракі, яны ўбачылі некалькі чалавек з экспедыцыі.

Скот ляжаў на зямлі змярцвелы. Ля яго клапаціліся боцман і сіпай. Побач сядзеў Ханубі з перавязанай галавой.

Убачыўшы сваіх праціўнікаў, якія ішлі сабе хоць бы што з таго самага месца, адкуль іх вынесла з такой бядой, боцман і Ханубі паглядзелі адзін на аднаго, нібы кажучы: «Зноў яны цэлыя! Гэтых чарцей, відаць, нішто не бярэ».

Становішча гаспадароў было такое, што нашым прыяцелям не хапіла духу здзекавацца з іх, і яны моўчкі прайшлі міма.

IХ б IX б IX б

Атрад перабіраўся цераз горы, спускаўся ў даліны, заглядваў у кожную цясніну, у кожны куток, прыслухоўваўся, выгледжваў праз бінокль. Адначасова не забываліся і пакапацца ў пяску, сярод каменняў.

Нарэшце такое цяжкае вандраванне зусім змарыла іх. Апаўдні яны прыпыніліся адпачыць і нават заснулі.

Вакол горных вяршынь тым часам збіраліся хмары. Сонца то хавалася за імі, то зноў выглядала.

Трэба зазначыць, што на гарах, асабліва на тых, якія знаходзяцца пад экватарам, у самыя гарачыя часіны дня заўсёды ствараюцца воблакі. Прычына ў тым, што знізу ўздымаецца шмат пары, якая і ахалоджваецца ўверсе, на гарах. Пасля паўдня воблакі яшчэ больш згушчаюцца, і звычайна адбываецца навальніца. Уначы і зранку бывае ясна, але а дзесятай гадзіне зноў пачынаюць з’яўляцца воблакі і гэтак далей. Зразумела, могуць быць дні, нават тыдні і без дажджу, але агульны закон застаецца, асабліва «зімой», якою лічыцца тут дажджысты час года.

Усе яшчэ спалі, калі боцман Старк прачнуўся. І праз некалькі хвілін яго вострыя вочы ўбачылі, што наверсе, збоку, прабіраюцца тры чалавекі.

Ён разбудзіў Скота, потым прачнуліся другія, і ўсе ціхенька сталі сачыць за імі.

— Хадзем! — закамандаваў Скот, і ўсе сталі красціся ў той бок.

Пакуль яны падняліся ўверх, фігуры зніклі. Праследавальнікі паразыходзіліся ва ўсе бакі і пачалі шукаць. Праз некаторы час Ханубі пачаў рабіць рукамі знакі. Усе асцярожна, без шуму, пачалі збірацца да яго. Хаваючыся за каменнямі, глянулі наперад і ўбачылі ўцекачоў, якія старанна капаліся ля рачулкі, не думаючы аб небяспецы.

Вось яно дзе, тое залатое месца!

Гэтая рачулка ўлівалася не ў галоўную раку, але ў яе прыток. Цякла яна не сярод скал, а па роўнаму ўзвышшу, у якім яна прамыла сабе глыбокае рэчышча. Відаць было, што гэтае ўзвышша складалася не з горных парод, а з старадаўніх наносаў. Значыцца, рачулка ўжо сама прамыла шмат пяску. Колькі ж там павінна быць золата!

З таго месца, дзе стаялі гледачы, цясніна відаць была ўся, да канца. Бакі яе былі зусім стромкія і вельмі высокія. Такія цясніны, або рэчышчы, сустракаюцца нярэдка і называюцца «каньёнамі»*.

* Вядомыя ўсяму свету каньёны знаходзяцца на рацэ Каларада ў Паўночнай Амерыцы. Там, каб чалавек захацеў палавіць «з берага» рыбу вудачкай, ён павінен быў бы прывязаць да яе валасіну ці шнур даўжынёю з… кіламетр.

Там, дзе цясніна пачыналася, быў вадаспад: рачулка падала проста ўніз са сцяны вышынёю метраў дваццаць — трыццаць.

— Яны злоўлены! — радасна сказаў Ханубі. Гэта відаць было адразу. Абы толькі ўвайсці ў цясніну, і ўцекачам ужо не будзе куды дзецца. Па баках ні ў якім разе нельга было ўзлезці, а на тую сцяну, адкуль падаў вадаспад, — тым болей.

Значыцца, адным махам яны маглі захапіць і ўцекачоў і золата.

Адзін толькі выхад быў з гэтай пасткі, і да гэтага выхада сталі красціся праследавальнікі.

Трое таварышаў сапраўды знайшлі шмат самародкаў. Выгляд золата захапіў іх, як і ўсіх іншых грэшных людзей, і яны нават забыліся, што ім нешта можа пагражаць.

Стрэл паказаў ім, што яны папаліся і ўжо на гэты раз канчаткова.

З аднаго позірку яны ўбачылі і зразумелі, што з гэтага калідора няма ніякага выйсця.

— Здавайцеся! — крыкнуў да іх Ханубі.— Усё роўна вам няма куды дзецца.

Качу крыкнуў з роспачы. Чунг-лі і Хунь-чжы ў адказ толькі стрэльнулі, і ўсе схаваліся за каменнямі.

Але восем чалавек маглі на іх наступаць з розных бакоў. Так, паступова, крок за крокам, адстрэльваючыся, адыходзілі нашы сябры ўсё далей і далей — да вадаспада.

Ворагі былі яшчэ досыць далёка, але, таксама хаваючыся за каменнямі, няўхільна набліжаліся. Качу ўжо крыху паранілі ў руку.

Урэшце ў іх застаўся апошні прытулак — некалькі каменняў ля самага вадаспада. Ззаду, як заслона, бялелася і шумела вада: яны былі ў самым кутку.

Сябры адстрэльваліся з-за апошніх каменняў. Ворагі паўзлі, набліжаліся. Адлегласць паміж імі ўсё змяншалася.

Раптам страляніна з кутка сціхла.

— Скончана справа! — сказаў адзін сіпай, устаючы.

— Лажыся! — крыкнуў яму Ханубі.

Але ўсё роўна было ціха. Мабыць, усе трое параненыя ці забітыя.

Усё ж такі ўставаць баяліся і асцярожна дапаўзлі да самых каменняў.

Але… там нікога не было!

Перагледзелі ўсе каменні, куточкі — няма дый годзе! Доўга маўчалі і толькі здзіўлена пазіралі адзін на аднаго.

— Многа неспадзяванасцей нарабілі нам гэтыя чэрці,— сказаў нарэшце Старк, — але тут нешта ўжо зусім незразумелае.

Зноў пачалі шукаць, ці няма якога-небудзь увахода ў пячору, краталі каменні, ці не зачыняюць яны якой-небудзь яміны ці дзіркі,— усё роўна нічога няма!

Вось адзін сіпай крыкнуў. Усе раптам азірнуліся на яго: ці не знайшоў? І сапраўды ён знайшоў, ды толькі… самародак з грэцкі арэх.

Убачыўшы золата, забыліся на ўсё ў свеце. Дружна прыняліся поўзаць па зямлі, капацца ў жарстве.

Паважаны містэр Скот поўзаў на карачках і капаўся ў зямлі, як самы просты чалавек, і, здаецца, зусім забыўся аб англійскай дзяржаўнасці, аб тым, што ён павінен трымаць на належнай вышыні свой аўтарытэт. Грэк Кандаракі, здавалася, гатоў быў заграбці ўсю гэтую зямлю сабе ў ахапак.

Вось і боцман знайшоў велізарны кавалак, з курынае яйка. Кандаракі, здаецца, хацеў з’есці і гэтае золата і самога боцмана. Вось другі сіпай знайшоў. Кожны баяўся спазніцца, каб другі не знайшоў той кавалак, які вось тут недзе блізка павінен ляжаць.