×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

У краіне райскай птушкі, III б

III б

— Вось гэта дык пітво! — сказаў Брук, абціраючы губы. — Трэба як мага больш узяць у запас.

— Знойдзем яшчэ, — адказалі яму.

Какосавая пальма мае тую асаблівасць, што адначасна на ёй могуць быць і кветкі, і зялёныя плады, і спелыя. І кожны месяц на працягу двухсот год адно дрэва дае па дваццаць — дваццаць пяць арэхаў.

Так міналі яны адну выспу за другой і нарэшце ўвайшлі ў самую раку. Цячэнне ракі значна затрымлівала катэр, і ён ішоў ужо не так хутка, як раней.

— Скажыце, міст… — пачаў быў Скот, звяртаючыся да Саку, але спыніўся, замяшаўшыся. Ён па прывычцы ледзь не назваў «містэрам» самага сапраўднага чорнага дзікуна, толькі апранутага па-людску. Гэта ўжо занадта! Але ліха яго ведае, як наогул трымаць сябе з падобнымі суб'ектамі. Ён жа ўсё-такі чалавек адукаваны, так сказаць, асоба духоўная, іх трэба паважаць, а як тут паважаць чыстакроўнага папуаса?

Але тым часам Брук пачаў гутарку.

— Ты куды едзеш? — запытаўся ён у місіянера, не разважаючы аб далікатнасці ў адносінах да чорнага.

— Да вярхоўя ракі Фляй, — ціха адказаў Саку.

— Ты калі-небудзь быў там? — зноў запытаўся Брук.

— Быў, але даўно, у часе дзяцінства.

— Як жа ты трапіў да місіянераў?

— Калі я меў дзесяць год, суседняе племя напала на нас, перабіла шмат людзей, многа забрала ў палон, у тым ліку і мяне з маткай. Бацька быў забіты…

— Як жа ж гэта вас не з'елі? — засмяяўся Брук. — Можа, нясмачныя былі?

Гэты грубы жарт непрыемна ўразіў місіянера, і ён нічога не адказаў.

— А як жа ж ты трапіў сюды, да місіянераў? — дапытваўся Брук.

— Мы ўцяклі з маткай дадому, — неахвотна адказаў місіянер, — але па дарозе каля гэтай самай ракі нас дагналі. Матку схапілі, а я пабег далей, у раку. У гэты самы момант праязджаў параход, мяне выцягнулі з вады і ўзялі з сабой.

— Чаму ж ты зноў едзеш туды? — усё пытаўся Брук.

— Калі я пазнаў вышэйшую праўду, я мушу несці яе да маіх братоў,— сказаў місіянер і падняў угару вочы.

«Бачце, — падумаў Скот, — гаворыць акурат, як нашыя папы».

Брук засмяяўся:

— Патрэбна ім ваша праўда! Хіба гэта людзі, калі яны да гэтага часу ядуць чалавечыну? Цяпер, здаецца, на зямлі няма больш аніводнага кутка, дзе б захаваліся людаеды, апрача гэтай праклятай краіны.

— Вось таму нам і трэба ісці туды прасвятляць іх, каб яны не былі такімі,— сказаў місіянер, апусціўшы галаву. — Значыцца, у другія куткі святло ўжо дайшло, а сюды яшчэ не.

— Якое тут яшчэ святло, — махнуў рукою Брук, — калі ў іх простага чалавечага пачуцця няма. Мабыць, іх і зусім нельга зрабіць людзьмі.

— Усе людзі аднолькавыя, — спакойна адказаў місіянер, — толькі па-рознаму выхаваныя. Усе людзі маюць аднолькавую душу, і ўсе яны роўныя перад богам.

Скот усміхнуўся, а Брук нават раззлаваўся.

— Ну-ну, лягчэй! — сказаў ён. — Адкуль ты ўзяў, што гэтыя людаеды браты нам?

Місіянер уважліва паглядзеў проста ў вочы Бруку і выразна прамовіў:

— Вашы місіянеры навучылі мяне гэтаму. Скот і Кандаракі адвярнуліся ўбок, быццам разглядаючы бераг, а Брук сарамліва прамармытаў:

— Але, вядома… вядома, перад богам… Я толькі хацеў сказаць, што цяпер іх параўнаць няможна. Але, вядома…

Чорны місіянер пачуў вострую прыкрасць. Ён блізка ўбачыў, як гэтыя белыя людзі, што навучылі яго лічыць усіх людзей братамі, самі не могуць і думкі дапусціць аб гэтым.

Тады Кандаракі звярнуўся да місіянера:

— Ці падумалі вы, што пагражае вам? Вы ж цяпер зусім чужы для іх, яны вас не прызнаюць, а калі вы яшчэ пачнеце казаць ім аб новай рэлігіі, тады ўсё можа быць.

— Усё залежыць ад бога, — уздыхнуў Саку, — а небяспека нас падпільноўвае ўсюды і заўсёды. Не я першы і не я апошні магу перацярпець за Хрыста.

Нашы «хрысціяне» былі вельмі здзіўлены, чуючы такія словы з вуснаў гэтага «папуаса». Яны даўно ўжо былі хрысціянамі толькі па назве. Праўда, ад рэлігіі яны не адракаліся, але рэлігійнай справай зусім не цікавіліся, і ва ўсім жыцці ім ні разу не прыходзіла да галавы накіраваць які-небудзь свой крок так, як патрабуе «закон божы».

І вось цяпер перад іх вачыма гэты дзікун збіраецца праводзіць іхнюю рэлігію ў жыццё і нават нібы навучае іх саміх хрысціянству.

— Дзіўныя справы твае, божа! — прашаптаў Кандаракі.

Увечар паўстала пытанне, што рабіць: ці ехаць наперад, ці спыніцца на начлег. Боцман і механік казалі, што ім будзе вельмі цяжка без перапынку ехаць дзень і ноч. Але і стаяць уначы на адным месцы таксама было нядобра: у цемры маглі падкрасціся ворагі.

Парашылі ехаць ноч, а адпачынак зрабіць удзень, тым болей, што пакуль рака яшчэ шырокая і глыбокая, нядрэнна будзе ехаць і ўначы.

— А ўдзень можна будзе і экскурсію зрабіць убок, — сказаў Скот.

Ночы пад экватарам цёмныя і доўгія. Усю ноч тарахцеў матор, трывожачы аколіцы. Птушкі ўздымаліся і з крыкам разляталіся ўбакі. А ў сялібах папуасаў прыслухоўваліся да гэтага шуму і думалі, што, мусіць, нешта нядобрае чакае іх.

На другі дзень выгляд берагоў значна змяніўся. Яны сталі вышэйшыя і сушэйшыя; замест ляснога гушчару віднеліся бязлесныя прасторы, сярод якіх дзе-нідзе раслі рэдкія купы дрэў, але вёсак ля берага не было. Справа ў тым, што такая рака, як Фляй, служыць тут самым галоўным шляхам. А жыць пры дарозе не зусім прыемна, асабліва на адкрытым месцы. Лёгка могуць заўважыць нежаданыя госці. Лепш туліцца дзе-небудзь наводшыбе, у гушчары, непрыкметна, каб ты мог бачыць, а цябе — не.

Рака ішла на паўночны захад. Краявід змяняўся некалькі разоў. За высокімі берагамі зноў пайшлі нізкія, зарослыя бамбукам. Тут застрэлілі некалькі дзікіх качак і, выбраўшы больш сушэйшае і зручнае месца, зрабілі прыпынак. Усе былі вельмі рады, бо ўжо ногі здранцвелі ад доўгага сядзення.

Файлу ўзяўся гатаваць качак, а Скот, Брук, Кандаракі і Ханубі адышлі крыху ад берага, каб размяць ногі. Тут яны заўважылі шырокае, густое, вельмі зялёнае дрэва.

— Вось хлебнае дрэва, — сказаў Брук. — Трэбыло б паспрабаваць «свежага хлеба».

— Вядома, — сказаў Скот, — асабліва, калі сухары трэба шкадаваць, бо можа не хапіць.

Паклікалі Файлу. Той выбраў адзін плод вагою больш за паўпуда, аднёс яго, разбіў, выбраў сярэдзіну і «замясіў цеста», з якога потым на патэльні стаў пячы каржы. Хаця кожны з нас хацеў бы пакаштаваць такога хлеба, але харчавацца ім заўсёды не пажадаў бы…

Крыху далей зноў убачылі нейкае дрэва, на якім вісела шмат чорных вялікіх пладоў. Але ледзь толькі людзі падышлі да гэтага дрэва, як плады закрычалі і паляцелі на ўсе бакі.

— Што за цуд такі? — крыкнуў Брук. Кандаракі і Ханубі рассмяяліся.

— Гэта ж лятучыя сабакі,— сказаў Кандаракі.

— Во яшчэ чаго не хапала! — буркнуў Брук.

Лятучыя сабакі падобны да нашых кажаноў, толькі значна большыя. Морда іх падобна да сабачай, за што іх і назвалі сабакамі. Таксама, як і нашы кажаны, яны лётаюць толькі ўначы, а ўдзень вісяць, зачапіўшыся заднімі лапамі і загарнуўшыся ў свае крылы.

Падняліся на ўзгорак. На захад распасцёрлася бязлеснае ўзвышша. На ўсход — зарослая нізіна. На беразе, ля катэра, уздымаўся дымок. І нідзе не было відаць сяліб. Здавалася, што нашы падарожнікі і былі адзінымі людзьмі ва ўсёй краіне.

— Дзіўная рэч, — разважліва сказаў Скот. — Такі край — і быццам нідзе ніякага насельніцтва.

Кандаракі ўсміхнуўся.

— Ну, не кажыце, — сказаў ён, — я ўпэўнены, што ў гэты самы момант не адзін дзесятак вачэй сочыць за кожным нашым крокам.

— Чаго ж яны хаваюцца, дурні? — сказаў Скот.

— Хіба мы ім хочам зрабіць якое ліха?

— Мусіць, калісьці хто-небудзь і нарабіў ім шкоды, — сказаў Кандаракі.

Тут Ханубі раптоўна ўзняў стрэльбу і нацэліўся.

— Што, што такое? — трывожна запыталіся другія, таксама схапіўшы стрэльбы.

— Вунь якая птушышча бяжыць, — паказаў Ханубі.

— Гэта казуар, — сказаў Скот, — не варта страляць. Ён далёка, і няма цяпер часу з ім важдацца. Сустрэнем яшчэ, калі трэба будзе.

Казуар нёсся па даліне, як вецер. Ён быў вельмі падобны да ўсім вядомага страуса, толькі на галаве меў грэбень, як у курэй, ды на шыі каралі, як у індыка. Апрача таго, у яго не было на канцах крылаў і хваста тых прыгожых белых пер'яў, з-за якіх так цэніцца страус. Наогул яго пер'е нейкае асаблівае, нібы поўсць. Можна яшчэ адзначыць, што ў казуараў выседжванне яек уваходзіць у абавязак самца, а не самкі.

— Шкада, — сказаў Брук, — у гэтай дурной старонцы, апрача казуара, няма, здаецца, аніводнай жывёліны, на якую можна было б папаляваць. Нават ніводнага драпежнага звера.

— Затое досыць драпежных людзей, — сказаў Скот. — Але пойдзем ужо дадому. Файлу, мабыць, чакае з абедам.

Ідучы праз хмызняк, яны былі аглушаны зычным прарэзлівым крыкам какаду. Ладны гурток гэтых папугаяў сядзеў паміж галін і нібы перагаворваўся. Белыя, з ружовай шыяй і чырвоным чубам, яны ззялі на сонцы як намаляваныя.

— Вось разбалбаталіся, як папугаі! — сказаў Брук, затыкаючы вушы, і раптам чамусьці заскакаў, пабег, замахаў рукамі, зароў і пакаціўся на зямлю.

Таварышы спыніліся ў здзіўленні.

— Што гэта з ім здарылася? — сказаў Скот.

— Няўжо крык какаду зрабіў на яго такі ўплыў?

— Памажыце! Восы! Восы! — выў Брук.

Хаця справа была і непрыемная, але таварышы не маглі ўтрымацца ад рогату. А тым часам і каля іх ужо загуло, і замест дапамогі яны самі пабеглі прэч.

Здарэнне было простае: Брук трапіў нагой у асінае гняздо і пацярпеў за гэта.

Ну і лаяўся ж пасля таго містэр Брук! Усім дасталося: і восам, і какаду, і папуасам, і Новай Гвінеі наогул! І было за што, бо ўвесь твар яго ўспух, вочы заплылі, і, глянуўшы на яго, цяжка было ўтрымацца ад смеху. Асабліва радаваліся Чунг-лі і Файлу, два ворагі, якія аднолькава жадалі «дабра» містэру Бруку.

Так ехалі некалькі дзён. За ўвесь час яны толькі адзін раз сустрэліся з папуасамі. З затокі выехала насустрач некалькі чоўнаў, у якіх сядзела шмат людзей, узброеных лукамі і пікамі. Па ўсяму іх выгляду і рухах відаць было, што яны выехалі на вайну.

Скот загадаў страляць, і пасля першых жа стрэлаў папуасы павярнулі назад. За імі не гналіся.

III б III b

— Вось гэта дык пітво! — сказаў Брук, абціраючы губы. — Трэба як мага больш узяць у запас.

— Знойдзем яшчэ, — адказалі яму.

Какосавая пальма мае тую асаблівасць, што адначасна на ёй могуць быць і кветкі, і зялёныя плады, і спелыя. І кожны месяц на працягу двухсот год адно дрэва дае па дваццаць — дваццаць пяць арэхаў.

Так міналі яны адну выспу за другой і нарэшце ўвайшлі ў самую раку. Цячэнне ракі значна затрымлівала катэр, і ён ішоў ужо не так хутка, як раней.

— Скажыце, міст… — пачаў быў Скот, звяртаючыся да Саку, але спыніўся, замяшаўшыся. Ён па прывычцы ледзь не назваў «містэрам» самага сапраўднага чорнага дзікуна, толькі апранутага па-людску. Гэта ўжо занадта! Але ліха яго ведае, як наогул трымаць сябе з падобнымі суб’ектамі. Ён жа ўсё-такі чалавек адукаваны, так сказаць, асоба духоўная, іх трэба паважаць, а як тут паважаць чыстакроўнага папуаса?

Але тым часам Брук пачаў гутарку.

— Ты куды едзеш? — запытаўся ён у місіянера, не разважаючы аб далікатнасці ў адносінах да чорнага.

— Да вярхоўя ракі Фляй, — ціха адказаў Саку.

— Ты калі-небудзь быў там? — зноў запытаўся Брук.

— Быў, але даўно, у часе дзяцінства.

— Як жа ты трапіў да місіянераў?

— Калі я меў дзесяць год, суседняе племя напала на нас, перабіла шмат людзей, многа забрала ў палон, у тым ліку і мяне з маткай. Бацька быў забіты…

— Як жа ж гэта вас не з’елі? — засмяяўся Брук. — Можа, нясмачныя былі?

Гэты грубы жарт непрыемна ўразіў місіянера, і ён нічога не адказаў.

— А як жа ж ты трапіў сюды, да місіянераў? — дапытваўся Брук.

— Мы ўцяклі з маткай дадому, — неахвотна адказаў місіянер, — але па дарозе каля гэтай самай ракі нас дагналі. Матку схапілі, а я пабег далей, у раку. У гэты самы момант праязджаў параход, мяне выцягнулі з вады і ўзялі з сабой.

— Чаму ж ты зноў едзеш туды? — усё пытаўся Брук.

— Калі я пазнаў вышэйшую праўду, я мушу несці яе да маіх братоў,— сказаў місіянер і падняў угару вочы.

«Бачце, — падумаў Скот, — гаворыць акурат, як нашыя папы».

Брук засмяяўся:

— Патрэбна ім ваша праўда! Хіба гэта людзі, калі яны да гэтага часу ядуць чалавечыну? Цяпер, здаецца, на зямлі няма больш аніводнага кутка, дзе б захаваліся людаеды, апрача гэтай праклятай краіны.

— Вось таму нам і трэба ісці туды прасвятляць іх, каб яны не былі такімі,— сказаў місіянер, апусціўшы галаву. — Значыцца, у другія куткі святло ўжо дайшло, а сюды яшчэ не.

— Якое тут яшчэ святло, — махнуў рукою Брук, — калі ў іх простага чалавечага пачуцця няма. Мабыць, іх і зусім нельга зрабіць людзьмі.

— Усе людзі аднолькавыя, — спакойна адказаў місіянер, — толькі па-рознаму выхаваныя. Усе людзі маюць аднолькавую душу, і ўсе яны роўныя перад богам.

Скот усміхнуўся, а Брук нават раззлаваўся.

— Ну-ну, лягчэй! — сказаў ён. — Адкуль ты ўзяў, што гэтыя людаеды браты нам?

Місіянер уважліва паглядзеў проста ў вочы Бруку і выразна прамовіў:

— Вашы місіянеры навучылі мяне гэтаму. Скот і Кандаракі адвярнуліся ўбок, быццам разглядаючы бераг, а Брук сарамліва прамармытаў:

— Але, вядома… вядома, перад богам… Я толькі хацеў сказаць, што цяпер іх параўнаць няможна. Але, вядома…

Чорны місіянер пачуў вострую прыкрасць. Ён блізка ўбачыў, як гэтыя белыя людзі, што навучылі яго лічыць усіх людзей братамі, самі не могуць і думкі дапусціць аб гэтым.

Тады Кандаракі звярнуўся да місіянера:

— Ці падумалі вы, што пагражае вам? Вы ж цяпер зусім чужы для іх, яны вас не прызнаюць, а калі вы яшчэ пачнеце казаць ім аб новай рэлігіі, тады ўсё можа быць.

— Усё залежыць ад бога, — уздыхнуў Саку, — а небяспека нас падпільноўвае ўсюды і заўсёды. Не я першы і не я апошні магу перацярпець за Хрыста.

Нашы «хрысціяне» былі вельмі здзіўлены, чуючы такія словы з вуснаў гэтага «папуаса». Яны даўно ўжо былі хрысціянамі толькі па назве. Праўда, ад рэлігіі яны не адракаліся, але рэлігійнай справай зусім не цікавіліся, і ва ўсім жыцці ім ні разу не прыходзіла да галавы накіраваць які-небудзь свой крок так, як патрабуе «закон божы».

І вось цяпер перад іх вачыма гэты дзікун збіраецца праводзіць іхнюю рэлігію ў жыццё і нават нібы навучае іх саміх хрысціянству.

— Дзіўныя справы твае, божа! — прашаптаў Кандаракі.

Увечар паўстала пытанне, што рабіць: ці ехаць наперад, ці спыніцца на начлег. Боцман і механік казалі, што ім будзе вельмі цяжка без перапынку ехаць дзень і ноч. Але і стаяць уначы на адным месцы таксама было нядобра: у цемры маглі падкрасціся ворагі.

Парашылі ехаць ноч, а адпачынак зрабіць удзень, тым болей, што пакуль рака яшчэ шырокая і глыбокая, нядрэнна будзе ехаць і ўначы.

— А ўдзень можна будзе і экскурсію зрабіць убок, — сказаў Скот.

Ночы пад экватарам цёмныя і доўгія. Усю ноч тарахцеў матор, трывожачы аколіцы. Птушкі ўздымаліся і з крыкам разляталіся ўбакі. А ў сялібах папуасаў прыслухоўваліся да гэтага шуму і думалі, што, мусіць, нешта нядобрае чакае іх.

На другі дзень выгляд берагоў значна змяніўся. Яны сталі вышэйшыя і сушэйшыя; замест ляснога гушчару віднеліся бязлесныя прасторы, сярод якіх дзе-нідзе раслі рэдкія купы дрэў, але вёсак ля берага не было. Справа ў тым, што такая рака, як Фляй, служыць тут самым галоўным шляхам. А жыць пры дарозе не зусім прыемна, асабліва на адкрытым месцы. Лёгка могуць заўважыць нежаданыя госці. Лепш туліцца дзе-небудзь наводшыбе, у гушчары, непрыкметна, каб ты мог бачыць, а цябе — не.

Рака ішла на паўночны захад. Краявід змяняўся некалькі разоў. За высокімі берагамі зноў пайшлі нізкія, зарослыя бамбукам. Тут застрэлілі некалькі дзікіх качак і, выбраўшы больш сушэйшае і зручнае месца, зрабілі прыпынак. Усе былі вельмі рады, бо ўжо ногі здранцвелі ад доўгага сядзення.

Файлу ўзяўся гатаваць качак, а Скот, Брук, Кандаракі і Ханубі адышлі крыху ад берага, каб размяць ногі. Тут яны заўважылі шырокае, густое, вельмі зялёнае дрэва.

— Вось хлебнае дрэва, — сказаў Брук. — Трэбыло б паспрабаваць «свежага хлеба».

— Вядома, — сказаў Скот, — асабліва, калі сухары трэба шкадаваць, бо можа не хапіць.

Паклікалі Файлу. Той выбраў адзін плод вагою больш за паўпуда, аднёс яго, разбіў, выбраў сярэдзіну і «замясіў цеста», з якога потым на патэльні стаў пячы каржы. Хаця кожны з нас хацеў бы пакаштаваць такога хлеба, але харчавацца ім заўсёды не пажадаў бы…

Крыху далей зноў убачылі нейкае дрэва, на якім вісела шмат чорных вялікіх пладоў. Але ледзь толькі людзі падышлі да гэтага дрэва, як плады закрычалі і паляцелі на ўсе бакі.

— Што за цуд такі? — крыкнуў Брук. Кандаракі і Ханубі рассмяяліся.

— Гэта ж лятучыя сабакі,— сказаў Кандаракі.

— Во яшчэ чаго не хапала! — буркнуў Брук.

Лятучыя сабакі падобны да нашых кажаноў, толькі значна большыя. Морда іх падобна да сабачай, за што іх і назвалі сабакамі. Таксама, як і нашы кажаны, яны лётаюць толькі ўначы, а ўдзень вісяць, зачапіўшыся заднімі лапамі і загарнуўшыся ў свае крылы.

Падняліся на ўзгорак. На захад распасцёрлася бязлеснае ўзвышша. На ўсход — зарослая нізіна. На беразе, ля катэра, уздымаўся дымок. І нідзе не было відаць сяліб. Здавалася, што нашы падарожнікі і былі адзінымі людзьмі ва ўсёй краіне.

— Дзіўная рэч, — разважліва сказаў Скот. — Такі край — і быццам нідзе ніякага насельніцтва.

Кандаракі ўсміхнуўся.

— Ну, не кажыце, — сказаў ён, — я ўпэўнены, што ў гэты самы момант не адзін дзесятак вачэй сочыць за кожным нашым крокам.

— Чаго ж яны хаваюцца, дурні? — сказаў Скот.

— Хіба мы ім хочам зрабіць якое ліха?

— Мусіць, калісьці хто-небудзь і нарабіў ім шкоды, — сказаў Кандаракі.

Тут Ханубі раптоўна ўзняў стрэльбу і нацэліўся.

— Што, што такое? — трывожна запыталіся другія, таксама схапіўшы стрэльбы.

— Вунь якая птушышча бяжыць, — паказаў Ханубі.

— Гэта казуар, — сказаў Скот, — не варта страляць. Ён далёка, і няма цяпер часу з ім важдацца. Сустрэнем яшчэ, калі трэба будзе.

Казуар нёсся па даліне, як вецер. Ён быў вельмі падобны да ўсім вядомага страуса, толькі на галаве меў грэбень, як у курэй, ды на шыі каралі, як у індыка. Апрача таго, у яго не было на канцах крылаў і хваста тых прыгожых белых пер’яў, з-за якіх так цэніцца страус. Наогул яго пер’е нейкае асаблівае, нібы поўсць. Можна яшчэ адзначыць, што ў казуараў выседжванне яек уваходзіць у абавязак самца, а не самкі.