×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Палескія рабінзоны, VIII а

VIII а

Прасцейшая, але лепшая зброя. - Знаёмства з дзікам. - Журавіны. - Хоць змяю за здабычу. - Лясныя жыхары. - Царская жывёла. - Вожыкава булава. - Уперад на чарапаху! - Пешаход з Афрыкі.

- А што будзем сёння рабіць? - запытаўся на другі дзень Віктар.

- Я прапаную пайсці далей у лес на разведку, - адказаў Мірон. - Мы ж зусім не былі яшчэ ў глыбіні.

- Трэба было б якую-небудзь зброю мець, - заўважыў Віктар.

- Толькі не твой лук, - усміхнуўся Мірон. - Лепш зробім сабе добрыя дубіны.

Знайшлі адпаведныя дрэўцы, зламалі іх, абпалілі на агні, нават булдавешкі пакінулі на канцы. Зброя выйшла хоць куды!

- З гэткай зброяй я і на ваўкоў згодзен ісці! - казаў Віктар, размахваючы сваёй дубінай.

- І сапраўды, з дзвюма такімі штукамі не боязна, - згадзіўся Мірон і трэснуў па кусту так, што ад яго паляцелі шматкі.

Узялі з сабой арэхаў, падклалі агню і пайшлі.

Чым глыбей уваходзілі ў лес, тым часцей сустракаліся сухія ўзгоркі. На вышэйшых пясчаных месцах рос хваёвы бор, на ніжэйшых - гушчар з ельніку, алешніку, бярозы, рознага хмызняку. Часам трапляліся прыгожыя лугавінкі з ліставымі дрэвамі: дуб, граб, ліпа.

- Ідзём да тых дубоў, - сказаў Мірон. - Можа, знойдзем леташніх жалудоў. Калі прыйдзе бяда, яны спатрэбяцца.

- Ды і без бяды кавы добра будзе папіць, - адказаў Віктар. - Трэба толькі мець начынне і цукар.

Калі падышлі да дубоў, то ўбачылі, што там нехта перад імі ўжо гаспадарыў. Зямля была перакапаная, віднелася шмат слядоў, а жолуда аніводнага. Але дзіўней за ўсё было тое, што сляды здаваліся свежымі.

- Хто б гэта мог быць? - задуменна сказаў Мірон.

- Дзікі! - упэўнена адказаў Віктар, разглядаючы сляды.

- Невядома, ці радавацца, ці шкадаваць, што знайшліся такія суседзі, - прамовіў Мірон.

Віктар чамусьці памахаў сваёй дубінай.

- Добра было б здабыць дзіка, але, кажуць, звер вельмі небяспечны. Калі раззлуецца, дык нават добрая зброя не паможа.

У гэты момант збоку нешта затрашчала. Хлопцы ўздрыгануліся і мацней сціснулі свае дубіны. З-за ламачча паказаўся дзік. Здавалася, увесь ён складаўся толькі з адной страшэннай галавы. Ні зада, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава са шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай.

- Не рухайся! - прашаптаў Віктар.

Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад.

- Ну і страшыдла! - прамовіў Мірон.

- Яго не толькі дубіна, але і гармата не возьме. Ліха з імі, з гэтымі суседзямі.

- Крыўдна ўсё ж! - пашкадаваў Віктар. - Гэткі выпадак, а ты стой ды глядзі, як дурань.

Пайшлі далей. У густым ельніку пачулі зусім блізка моцны лопат крылаў; здавалася, нейкая вялізная птушка заблыталася ў галінах і не можа адтуль выбіцца. Зірнулі ў той бок і сапраўды заўважылі вялікага чорнага птаха. Ляцеў ён так нізка і так нязграбна махаў крыламі, што, здавалася, яго было зусім лёгка злавіць рукамі.

- Хапай яго! - кінуўся наперад Мірон. Але Віктар не зварухнуўся.

- Дарэмна. Гэта табе так здаецца. Глушэц заўсёды так лятае ў ельніку, але ніхто яшчэ не лавіў яго рукамі.

- У такім разе хадзі сюды, - крыкнуў Мірон. - Я табе пакажу нешта другое.

Калі Віктар выбраўся на купчастую балоцістую палянку, дык убачыў, што Мірон схіліўся над журавінамі.

- Пакаштуй, якія яны смачныя, салодкія пасля зімы, - сказаў Мірон. - Шкада толькі, што гэтыя лясныя жыхары ўжо ласаваліся тут. І нам мала пакінулі.

З вялікай ахвотай падмацаваліся хлопцы ягадамі ды назбіралі яшчэ ў шапку.

- Нічога, жыць можна, - з задавальненнем сказаў Віктар. - Але ўсё ж такі мушу сказаць, што ўвесь час адчуваю сябе галодным, і ў роце і ў жываце неяк нядобра. Хоць бы кавалак хлеба ці якога-небудзь варыва - зусім іншая была б справа.

- Спачатку сырому зайцу быў рады, а цяпер ужо сапраўднага абеду захацеў, - засмяяўся Мірон. - У нашым становішчы трэба разважаць інакш: абы-чым, толькі б падтрымаць сябе. І галоўнае, каб разнастайная была страва. Вось чаму і журавіны вельмі карысныя. Гэта, брат, пладавіна, а ў ёй ёсць жалеза, вугляводы, вітаміны.

З поўнай шапкай журавін яны не хацелі ісці далей у лес, далі круг і накіраваліся назад. У адным месцы ўбачылі вялікую змяю. Яна ляжала, скруціўшыся на пяньку, і грэлася на сонейку. Галаву яна вытыркала ўверх і млява варушылася.

Віктар мігам падскочыў і забіў яе дубінаю.

- Ну і гадзіна! - сказаў ён і пакратаў змяю нагою. - Мусіць, з метр будзе.

Яны пасунуліся былі далей, але хутка Мірон прыпыніўся.

- Слухай, - сказаў ён, - у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Ці нельга будзе як-небудзь скарыстаць і гэту?

- Ды што ж ты з яе зробіш? - засмяяўся Віктар.

- Не ведаю яшчэ. Але ў нашай бядняцкай гаспадарцы ўсё можа спатрэбіцца. Здымем з яе скуру.

- Хіба зрабіць з яе чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, - згадзіўся Віктар.

Агідная была справа, але праз некалькі хвілін скура была здзёртая. На зямлі застаўся голы, брыдкі скрутак, а Віктар закінуў сабе на плечы скуру-кішку.

Ціха ішлі яны па лесе, пільна прыглядаючыся навокал. За гэты невялікі час, як яны апынуліся на востраве, прырода значна змянілася. Лісце на дрэвах загусцелася, трава паднялася. Здавалася, і птушак больш стала, мацней разляталіся па лесе іх галасы. Вось пінькае лілавагрудая зябка, вось заліваецца чорны дрозд, свішча жоўтая івалга, стукаюць дзятлы. Заварушыліся розныя казюлькі, а ў цяньку пачуўся непрыемны звон камароў. Сям-там пераскакваюць з дрэва на дрэва вавёркі.

- Вось каб яшчэ арэхаў знайсці! - прамовіў Мірон.

- Разласаваўся, - усміхнуўся Віктар. - Не на кожным кроку гэта здараецца, брат ты мой. Нават каб і знайшлі такое самае дупло, дык гэта зусім не значыць, што там абавязкова будуць арэхі: маглі і вавёркі з'есці за зіму. Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер скуры - руды з белымі плямамі.

Мірон няўважліва зірнуў на яе і прамовіў:

- А гэта не вавёрка?

- Тсс! - шапнуў Віктар і прытрымаў рукою Мірона. - Гэта гарнастай!

- Няўжо ж ён такі нікчэмны? - здзівіўся Мірон.

- Зімою ён белы, а цяпер якраз змяняе зімовае адзенне на летняе. Самая галоўная яго адзнака - канец хваста, які заўсёды бывае чорным.

Гарнастай тым часам знік з вачэй.

Мірон зняважліва паціснуў плячыма.

- А я думаў - гарнастай немаведама што такое. Раней жа ніхто не меў права насіць гарнастаевыя футры, апрача цароў ды князёў.

- Я думаю, каб цары прысвоілі сабе таксама выключнае права на лапці, тады і лапці лічыліся б найбагацейшай і самай моднай рэччу, - усміхнуўся Віктар.

Праз некаторы час натрапілі на вожыка. Убачыўшы небяспеку, небарака зараз жа скруціўся ў клубок. Хлопцы падышлі да яго і пачалі меркаваць, што з ім рабіць.

- Каб былі дома, то ўзялі б яго жывым на пацеху, а тут што з ім будзеш рабіць? Есці, мусіць, яго нельга, - разважаў Віктар.

- А трэба было б і яго як-небудзь скарыстаць, - напружана думаў Мірон. - Могуць, напрыклад, спатрэбіцца ягоныя іглы ў якой-небудзь справе.

- А ведаеш што? - схапіўся Віктар. - Калі ўзяць яго скуру ды абкруціць ёю канец нашай дубіны, дык будзе такая булава, што з ёю хоць на мядзведзя ідзі!

- Вось бачыш!

- Але ж як шкада забіваць гэтае мілае стварэнне! - уздыхнуў Віктар.

Аднак прыйшлося забіць. Да журавін і змяінай скуры далучыўся вожык. З гэтай здабычай яны і вярнуліся дадому.

VIII а VIII а