×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Палескія рабінзоны, I б

I б

Было каля поўдня. Неаглядная водная прастора іскрылася на сонцы. З захаду ледзь дыхаў цёплы ветрык. Вада ціхенька плюхалася каля дрэў. Уверсе са свістам праляцелі дзве качкі. Сонца прыемна сагравала мокрае адзенне хлопцаў. Настрой у іх палепшыўся, асабліва ў Віктара. Ён нават пачаў жартаваць:

- Калі-небудзь, можа, будзем дзякаваць, што так здарылася. Тут табе і мора, і аварыя карабля, і таемны востраў, а там сустрэнуцца дзікуны, бегемоты, кракадзілы, тыгры...

- Невялікае шчасце сустрэць тыгра з голымі рукамі, - сказаў Мірон.

- А ты хочаш, каб табе ўсё гатовае было? Тады лепш было сядзець дома.

- Я і згадзіўся б цяпер лепш сядзець дома. Можа, каб апісаць усё гэта ў кніжцы, дык які-небудзь дурны хлопец і захацеў бы быць на нашым месцы. А я наперадзе не чакаю нічога добрага.

- Эх ты! - з пагардай сказаў Віктар. - Што будзе з цябе далей, калі ты ўжо цяпер раскіс?

Мірон усміхнуўся.

- Прадбачыць - гэта не значыць раскіснуць. Паглядзім яшчэ, хто будзе больш трывалы. Але час ужо ў дарогу. Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду!

- Пачакай, можа, варта яшчэ пашукаць нашага чоўна? Можа, ён зачапіўся дзе? - сказаў Віктар.

- Маё дрэва вышэйшае, я з яго пагляджу.

- Дзе там! - безнадзейна махнуў рукой Мірон. - Гэтая гладкая калода нават не мае чым зачапіцца. Ды і вір круціць тут ва ўсе бакі.

- Так яно і ёсць! - сказаў Віктар, калі зірнуў зверху. - Вунь ён ужо выходзіць у возера. Нічога не зробіш, прыйдзецца плысці.

І хлопцы пусціліся ў далейшую дарогу.

Вельмі хутка яны пераканаліся, што плысці ў адзенні - гэта вялікая пакута. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала, і ўніз цягнула. Спачатку хлопцы маглі праплысці без адпачынку якую сотню метраў, а потым усё менш і менш. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што «станцыі» размяшчаліся зусім не так, як хацелася б. Дрэвы трапляліся вельмі рэдка, і не заўсёды былі яны па дарозе. Часта прыходзілася адпачываць проста ў вадзе, трымаючыся за верхавіны кустоў. А тады цела яшчэ больш дубянела ад холаду. Таму, калі сустракалася дрэва, на якое можна было ўзлезці, то хлопцы больш радаваліся магчымасці пагрэцца на сонцы, чым адпачынку. А кракадзілы і тыгры больш ужо не прыходзілі ў галаву - не да таго было.

Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Калі сталі, то вада даходзіла ім да грудзей. Радасць была надзвычайная. Але зноў бяда: дно аказалася такое дрыгвяное, што ісці па ім не было ніякай магчымасці.

- Ведаеш што? - сказаў тады Віктар. - Давай скарыстаем закон Архімеда.

- Якім чынам? - здзівіўся Мірон ад нечаканасці.

- Калі мы апусцімся ў ваду па шыю, то зробімся лягчэйшымі на столькі, колькі важыць выціснутая намі вада.

- Так.

- Значыцца, мы не будзем загразаць у балоце і пойдзем сабе ўпрысядку, як па шасэ. Вось паспрабуй.

Апусціліся ў ваду - сапраўды ногі не загразаюць. Але як толькі пасунуліся наперад, - пачалі загразаць нават горш, чым раней.

- Вось табе і Архімед! - з прыкрасцю сказаў Віктар.

- Не Архімед вінаваты, а мы самі, - разважліва прамовіў Мірон. - Мы не ўлічылі, што, рухаючыся, павінны пераадольваць супраціўленне вады, а для гэтага вымушаны моцна ўпірацца ў дно.

Такім чынам, хлопцам прыйшлося плысці нават па неглыбокім месцы. Толькі што можна было часцей адпачываць, стоячы на купінках, ды грэцца на сонцы.

Нарэшце яны наблізіліся да берага на такую адлегласць, што рукі пачалі даставаць зямлю. Але стаць усё роўна было немагчыма - зараз жа ногі правальваліся ў багну.

- Што ж цяпер рабіць? - разважаў Віктар, калі прыпыніўся апошні раз на кусце. - Ні плысці, ні ісці нельга.

- Значыцца, трэба паўзці на руках, - сказаў Мірон, выпрастаўся нерухома на вадзе і лёгка паплыў, перабіраючы рукамі па зямлі.

За ім пусціўся Віктар.

- Ну як? Цяпер Архімед дапамагае? - спытаў Мірон.

Каб выправіць сваю папярэднюю памылку і паказаць, што ён не горш за Мірона разумее гэтае пытанне, Віктар паспяшаўся даць тлумачэнне:

- Цяпер у нас супраціўленне вады зусім невялікае, і нам не трэба моцна ўпірацца рукамі.

Усё ішло добра, пакуль цела трымалася ў вадзе. А калі яны падплылі да берага метраў на пяцьдзесят ды «селі на мель», тады ўжо ніякім спосабам нельга было рухацца далей. Немагчыма было ні абаперціся рукамі, ні стаць на ногі - ад кожнага руху хлопцы яшчэ больш загразалі ў балоце. Хоць ты назад вяртайся!

Яны чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Паступова яны набралі ў рукі па цэлай вязанцы сухога чаротніку і галля, а затым Віктар выступіў з канкрэтнай прапановай:

- Калі мы не можам паўзці, абапіраючыся на рукі, то паспрабуем паўзці, абапіраючыся на вязанкі, вось так...

Моцна трымаючы дзвюма рукамі вязанку, ён закінуў яе наперад, а потым падцягнуўся да яе ўсім целам. Першы крок быў зроблены. А за ім пайшлі далейшыя крокі, цяжкія, марудныя, але кожны з іх крыху набліжаў жаданую сушу.

Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя ад холаду. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Досыць высокі, сухі, ён глядзеў на поўдзень і добра награваўся праменнямі сонца. Пад аховай векавых хвой тут не адчувалася ні малейшага ветрыку; ад нагрэтай зямлі патыхала цеплынёй, як у добры летні дзень. Асабліва вабілі да сябе пляміны чыстага белага пяску. На яго і паваліліся нашы падарожнікі.

- А тут было б зусім нядрэнна, калі б... - пачаў Віктар млявым голасам.

- Калі б не гэтае «калі б», было б сапраўды добра, - згадзіўся Мірон. - Але калі мы засохнем у такім стане, то будзе яшчэ горш, - мы зробімся муміямі.

- Для цябе гэта асабліва небяспечна, бо ты тады зломішся, - засмяяўся Віктар.

- Ды і табе не лепш будзе, - адказаў Мірон. - Трэба змыць гэтую гразь.

Але так не хацелася ўставаць, распранацца. Цішыня, стома, цеплыня хілілі да сну. Праз некалькі хвілін Мірон зноў сказаў:

- Трэба памыць і высушыць адзенне, пакуль сонца грэе.

- Трэба, - пацвердзіў Віктар.

І абодва засталіся ляжаць нерухома. Праз некаторы час Віктар сказаў:

- Нічога не зробіш, трэба ўставаць.

- Трэба, - пацвердзіў Мірон.

І зноў абодва засталіся ляжаць.

Зноў прайшло некалькі часу. Тады Мірон рашуча сказаў:

- Так нічога не выйдзе. Давай па камандзе: р-раз!

- Два! - падхапіў Віктар.

А «тры» не сказаў ні той, ні другі - так хацелася яшчэ хвіліначку паляжаць. Многа яшчэ прайшло такіх хвіліначак, пакуль, нарэшце, бадай абодва разам крыкнулі «тры», усхапіліся на ногі і пачалі распранацца.

Адзежы ўсёй разам было: дзве пары бялізны, двое штаноў, дзве верхнія кашулі, пара ботаў (Міронавы), пара чаравік (Віктаравы), скураная куртка (Віктарава), суконная світка (Міронава), пара рваных шкарпэтак (Віктаравы), пара ануч (Міронавы) і дзве шапкі.

Ператрэслі кішэні і падлічылі ўсю сваю маёмасць наогул.

Віктар перш за ўсё ўхапіўся за свой табак. Зверху махорка зрабілася на кашу, а ад паперы нічога не засталося.

- Эх, шкада дабра! - уздыхнуў ён і асцярожна пачаў выцягваць сваё багацце і раскладаць яго на зямлі. - Дзе яго цяпер возьмеш?

- І добра! - сказаў Мірон. - Прынамсі, курыць адвыкнеш.

- Ну не, брат! Я лепш есці адвыкну.

- Цяпер для мяне гэта было б вельмі дарэчы, - спакойна прамовіў Мірон і выцягнуў з кішэні мокрую скарынку хлеба.

- Хлеб?! - падскочыў Віктар.

- Ціха, ціха! Ты ж толькі што казаў, што можаш не есці, абы махорка была. Выбірай - або хлеб, або махорка.

- Тады ліха з табой, не трэба, - пакрыўдзіўся Віктар.

Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі.

Калі вытраслі ўсе свае кішэні, то ў абодвух насы апусціліся яшчэ ніжэй. Агульная маёмасць была: махорка, скарынка хлеба, аловак, адна насавая хустачка, восем рублёў семдзесят чатыры капейкі грошай і чатыры мокрыя запалкі ў расплясканым мокрым карабку.

- Нават запалак не маеш! - упікнуў Мірон. - Адзін выпадак трапіўся ў гісторыі чалавецтва, калі курэц мог быць карысным для грамадства, ды і то...

- Запалак я меў досыць, але яны з усімі іншымі рэчамі былі ў торбе, якую ты пусціў па вадзе, - агрызнуўся Віктар. - А вось у цябе нават ножыка няма.

- Дык і ён жа застаўся ў маёй торбе, - панура адказаў Мірон.

Але спрачацца не было часу. Яны знайшлі клін чыстай вады, выпаласкалі ўсё сваё адзенне і ў чатыры рукі выкруцілі так, што ў ім, здаецца, не толькі вады, але і жывой мясціны не павінна было застацца. Развесілі на сонцы, а самі селі ў пяску пад карэннямі вялікай хвоі. Скардзіцца на холад яшчэ нельга было, але сонца няўхільна апускалася, а адзежа сохла марудна. Беражна расклалі на сонцы і ўсю іншую маёмасць, асабліва запалкі.

- А табе не даводзілася ўжываць высушаныя запалкі? - пытаўся Мірон. - Ці гараць яны?

- Не даводзілася.

- Вось бачыш: такая простая рэч, а ты не ведаеш.

- А ты?

- Дык я ж не куру.

- Гэта ж не толькі для курэння патрэбна. Эх ты! - паківаў галавой Віктар. - Разважаць толькі любіш.

Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Не цярпелася і Мірону. Узяў ён вільготны кавалак, разламаў напалам, працягнуў Віктару. З'елі гэты кавалак і яшчэ больш захацелі есці.

- Каб ведаў, лепш бы зусім не еў, - бурчаў Віктар.

- Прывыкай, браток, не тое яшчэ будзе, - суцешыў Мірон.

- Хоць бы закурыць, - прамовіў Віктар, гледзячы на сваю махорку.

- Добра і так, - сказаў Мірон.

Дагэтуль яны неяк не мелі часу падумаць пра свой далейшы лёс: кожную хвіліну перад імі стаяла бліжэйшая, непасрэдная справа. Цяпер жа, калі сядзелі галышом пад дрэвам і чакалі, пакуль высахне адзежа, яны маглі больш падумаць пра заўтрашні дзень.

- А што, калі нам некалькі дзён давядзецца валэндацца тут, пакуль выберамся? - разважаў Віктар.

- О, гэта было б вялікім шчасцем! - прамовіў Мірон.

- Дзякую за гэткае шчасце! - чмыхнуў Віктар. - А есці што будзеш? Можа, яшчэ з голаду зойдзешся.

- Вось таму я і лічу за шчасце пабадзяцца некалькі дзён, а не тыдняў ці месяцаў, - панура сказаў Мірон.

- Можа, скажаш яшчэ - стагоддзяў, - усміхнуўся Віктар.

- І гэта можа быць, - сур'ёзна адказаў Мірон. - Нашы косці могуць знайсці і праз некалькі стагоддзяў!

- Эх ты, нуда хадзячая! - скрывіўся Віктар. - Табе на печы б сядзець, а не пускацца ў падарожжа. Чуў я шмат разоў, як людзі блудзілі па лясах, але не чуў аніводнага разу, каб у нашых лясах гэтак хто-небудзь загінуў. Гэта табе не бразільскія лясы, не афрыканскія пушчы.

- Чаго ты пнешся? Магу цябе запэўніць, што я таксама не вельмі прагну тут загінуць, - апраўдваўся Мірон.

- Ну, дык няма чаго рыхтавацца да смерці! - адрэзаў Віктар.

Хоць сонца яшчэ свяціла, але ўжо не грэла. Доўгія цені паступова пакрывалі светлыя мясціны. Хлопцы адчулі холад.

- Нічога не зробіш, прыйдзецца надзяваць сырую адзежу, - уздыхнуў Мірон.

- Дармо! Дасохне на целе, - бадзёрыўся Віктар.

Калі яны адзеліся, Віктар неяк нерашуча сказаў:

- Можа, пойдзем далей?

- Куды ты цяпер пойдзеш? - адказаў Мірон. - Нават па знаёмай дарозе рызыкоўна пускацца ў такі час. А гэтак мы напэўна праблытаемся ўсю ноч дарэмна. Наўрад ці блізка ў гэтых месцах ёсць паселішча. Якім бы ні было чынам, а прыйдзецца тут пераначаваць.

За ўвесь сённяшні дзень гэта было адзінае пытанне, па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Пачалі рыхтавацца да начлегу. Зрабілі сабе логава ў сухім пяску між карэнняў, падгарнулі сухога лісця і шыльніку.

Нарэшце надышоў самы вялікі, урачысты і адказны момант - здабыванне агню. Сэрцы ў хлопцаў застукалі мацней, рукі дрыжалі. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню.

- Ці высахлі яны?

Памацалі з усіх бакоў - здаецца, высахлі.

Чыркнуў Віктар раз, другі - нічога... Толькі белы след застаўся на карабку.

- Мусіць, не досыць высахлі, - сумна сказаў Мірон. - Болей псаваць не варта.

- Мая кашуля ўжо высахла, я палажу іх пад паху, - сказаў Віктар.

А пакуль што прытуліліся ў сваім логаве без агню.

Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Не цярпелася і Мірону. Узяў ён вільготны кавалак, разламаў напалам, працягнуў Віктару. З’елі гэты кавалак і яшчэ больш захацелі есці.

- Каб ведаў, лепш бы зусім не еў, - бурчаў Віктар.

- Прывыкай, браток, не тое яшчэ будзе, - суцешыў Мірон.

- Хоць бы закурыць, - прамовіў Віктар, гледзячы на сваю махорку.

- Добра і так, - сказаў Мірон.

Дагэтуль яны неяк не мелі часу падумаць пра свой далейшы лёс: кожную хвіліну перад імі стаяла бліжэйшая, непасрэдная справа. Цяпер жа, калі сядзелі галышом пад дрэвам і чакалі, пакуль высахне адзежа, яны маглі больш падумаць пра заўтрашні дзень.

- А што, калі нам некалькі дзён давядзецца валэндацца тут, пакуль выберамся? - разважаў Віктар.

- О, гэта было б вялікім шчасцем! - прамовіў Мірон.

- Дзякую за гэткае шчасце! - чмыхнуў Віктар. - А есці што будзеш? Можа, яшчэ з голаду зойдзешся.

- Вось таму я і лічу за шчасце пабадзяцца некалькі дзён, а не тыдняў ці месяцаў, - панура сказаў Мірон.

- Можа, скажаш яшчэ - стагоддзяў, - усміхнуўся Віктар.

- І гэта можа быць, - сур’ёзна адказаў Мірон. - Нашы косці могуць знайсці і праз некалькі стагоддзяў!